Што рабіць, калі моладзь не хоча хадзіць у касцёл?

Часцей за ўсё цяжкасці рэлігійнага выхавання датычаць моладзі ва ўзросце 13–18 гадоў. Тады бацькі часцей за ўсё могуць пачуць, што іх дзіця не пойдзе ў касцёл або на споведзь, што яму не патрэбна катэхеза да канфірмацыі. Бунтар апраўдваецца тым, што яму проста не хочацца. Што тады адбываецца з маладым чалавекам?

У сітуацыі, калі сям’я поўная, моцна веруючая і практыкуючая, дзе існуе ўзор малітвы з боку бацькі і маці, дзе яны з’яўляюцца духоўным аўтарытэтам, такіх пытанняў будзе менш, а можа, яны наогул не ўзнікнуць у жыцці дзяцей.

Варта нагадаць, што ўся гэтая сітуацыя часцей за ўсё можа быць звязана з працэсам пераходу з дзяцінства ў даросласць – з крызісам падлеткавага ўзросту. Часта гэта час інтэграцыі сваёй веры. Калі чалавек сталы ў рэлігійным плане, ён адчувае прысутнасць Бога, даручае Яму сваё жыццё, цалкам давярае Богу, любіць Яго і адчувае сябе добра.

На жаль, многія маладыя людзі перажываюць гэты перыяд вельмі бурна і неспакойна, яны яшчэ не ўмеюць бязмежна камусьці давяраць, любіць ці спадзявацца, нават калі гэта датычыць Бога. Прычын можа быць шмат. Адной з першых такіх прычын сёння з’яўляецца вялікая група маладых людзей, якія пазбягаюць наладжвання кантактаў, замыкаюцца ў сабе, жывуць у віртуальным свеце, адыходзячы ад грамадскага і сяброўскага жыцця, на першым месцы ў іх знаходзіцца інтэрнэт і віртуальнае жыццё. Гэты перыяд можа быць даволі кароткім, а можа доўжыцца нават некалькі гадоў. Ёсць і тыя, хто пагружаецца ў філасофскія і рэлігійныя разважанні, думаючы, што толькі яны могуць змяніць увесь свет, і хочуць растлумачыць сабе ўсё.

Перыяд падлеткавага ўзросту для многіх становіцца часам, калі малады чалавек ставіць пад сумнеў перададзеныя каштоўнасці і звязвае гэта з крызісам аўтарытэту. Моладзь шукае новыя аўтарытэты, вызваляецца з-пад апекі старэйшых. Вельмі важна, каб бацькі і выхавацелі захоўвалі спакой ды цярплівасць і аказвалі дапамогу маладым людзям.

Пагрозай для веры маладога чалавека з’яўляецца таксама сацыяльнае асяроддзе, сур’ёзна абцяжаранае прадузятасцю, пагардай або нянавісцю да веры і рэлігійнай практыкі. Вельмі шкодны ўплыў мае пануючы навокал псіхічны клімат геданізму, які не змагаецца з рэлігіяй, але абыякавы да яе. Пазбаўленага нейкай вышэйшай матывацыі, чалавека проста заклікаюць атрымліваць асалоду ад “поўнага” жыцця, без ахвяр і каштоўнасцей, не кажучы ўжо пра глыбокае пачуццё сэнсу жыцця. Вядома, усё гэта – як і яшчэ мноства прычын – уплывае на асобу.

Безумоўна, важная роля ў пераадоленні такіх рэлігійных крызісаў адводзіцца малітве, рэлігійным практыкам і – перш за ўсё – рэлігійным кантактам. Калі малады чалавек не хоча маліцца, бацькі павінны пачаць маліцца за яго. Добра, калі яны скажуць свайму дзіцяці аб гэтым, напрыклад: “Дарагое наша дзіця, мы з татам пачынаем маліцца за цябе, каб ты знайшоў правільныя каштоўнасці і сэнс свайго жыцця”. Не варта наўпрост казаць пра навяртанне, але менавіта з любові да дзіцяці, па-сяброўску ахвяраваць яму сваю малітоўную падтрымку. Добра, калі на шляху гэтага маладога чалавека знойдзецца выхавацель або душпастыр, які ўсё ж паспрабуе паставіць яго на правільны шлях, сваёй спагадай пакажа цудоўную каштоўнасць малітвы, каштоўнасць прабывання ў касцёле і выканання іншых набожных практык. Гэта нават можна назваць спецыялізаванай дапамогай і падтрымкай.

Самае галоўнае, каб бацькі паспрабавалі знайсці сапраўдную крыніцу ўзніклых цяжкасцей, крызісу або канфлікту. Менавіта добрае веданне сябе і праблемы дазваляе шукаць канструктыўнае рашэнне. Важна быць побач з асобай, якая знаходзіцца ў крызісе. Тады малады чалавек, калі яму гэта спатрэбіцца, адчуе прысутнасць моцы таго, каму ён неабыякавы. Павучанне ў такіх сітуацыях звычайна становіцца неэфектыўным, таму што асоба ў крызісе “глухая”. Вельмі частыя размовы з маладым чалавекам, уважлівае слуханне яго, дазволяць яму ставіць складаныя і інтымныя пытанні і гаварыць пра свае праблемы перад старэйшымі без страху. Чуйнасць да ўнутранага свету маладога чалавека становіцца ключом да разумення прычын яго крызісу і цяжкіх момантаў яго жыцця. Калі маладзён прадстаўляе свае пачуцці, то дарослы можа далікатна паспрабаваць падвергнуць іх аб’ектыўнай ацэнцы і аналізу.

У такіх сітуацыях было б вельмі добра, каб у сям’і быў дыялог, добрыя зносіны паміж усімі яе членамі. Затым можна дапамагаць і прапанаваць шляхі выхаду з крызісу, вядома, пакідаючы маладому чалавеку свабоду. Важнае значэнне мае назіранне з боку бацькоў, выхавацеляў асобы, якая знаходзіцца ў крызісе, і ўменне выпраўляць такія паводзіны, не асуджаючы, а падтрымліваючы.

Таму варта глядзець на крызіс падлеткавага ўзросту з аптымізмам, бо ён можа стаць выдатнай магчымасцю для фарміравання сталай рэлігійнасці.

Кс. Павел Салабуда, псіхолаг
Слова Жыцця

для друку для друку