Што не так са Швейцарыяй?

«Хвала Хрысту! Нядаўна я жыла некалькі месяцаў у Швейцарыі і наведвала там каталіцкую парафію, беручы ўдзел у набажэнствах, а таксама прымала ўдзел у хросце дзіцяці. Даведалася, што там няма споведзі, а Камунію прымаюць усе людзі, якія знаходзяцца ў касцёле – святар кладзе Цела Хрыста ў рукі ўсім: і тым, хто жыве без шлюбу, і тым, хто апошні раз быў на споведзі ў дзяцінстве перад Першай Камуніяй. Растлумачце, калі ласка, чаму так адбываецца. Для мяне гэта вельмі важна«.

Алена

– Хвала навекі, шаноўная Алена!
Перад тым, як даць больш дакладны адказ на Вашае пытанне, з упэўненасцю можна сказаць адно, што ацаніць цалкам становішча Касцёла ў пэўнай краіне, жывучы там толькі некалькі месяцаў і беручы ўдзел толькі ў набажэнствах, вельмі цяжка.

Пытанне святой споведзі з’яўляецца вельмі прыватным, пытаннем сумлення чалавека. Зусім не азначае, што чалавек, які жыве ў пэўнай парафіі, павінен хадзіць да споведзі толькі да пробашча ці вікарыя, якія працуюць у дадзенай парафіі. Кожны мае права свабодна выбраць сабе духоўнага айца альбо спаведніка з ліку святароў, якіх ведае.

Трэба адзначыць яшчэ адну рэч: не маючы дастатковай колькасці святароў, даволі часта людзі дамаўляюцца асабіста на споведзь на пэўны дзень і пэўную гадзіну. Да гэтага дадам яшчэ адну зацемку. Я, напрыклад, дзесяць гадоў жыў за мяжой, тры з якіх – якраз у Швейцарыі, і з упэўненасцю магу Вам засведчыць, што ў гэты час спавядаў шмат асобаў. Больш за тое, мне спадабалася адна рэч. Шмат людзей, якіх я спаткаў за мяжой, маюць свайго духоўнага айца, да якога дзесяцігоддзямі ходзяць да споведзі і вырашаюць духоўныя пытанні, і такім чынам маюць пэўны духоўны “шлях”, чаго, на жаль, працуючы ў Беларусі, я амаль не сустракаў.

Споведзь даволі часта бывае чымсьці падобным да “выкідвання смецця”, а не да спаткання з Міласэрным Айцом. Прыйшоў час, мы ідзём да споведзі, забываючы, што гэты сакрамант патрабуе вельмі добрай падрыхтоўкі, а не простага пералічвання грахоў альбо пералічвання таго, чаго мы не зрабілі.

Аднак таксама згаджаюся і з Вашай заўвагай. Трэба прызнаць, што духоўнае і сакрамантальнае жыццё пакрыху пачынае згасаць, і не толькі ў Еўропе. Вельмі хутка ідзе працэс секулярызацыі ў нашым свеце. У Пастырскім лісце на Адвэнт 2007 году Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч вельмі слушна адзначыў, што “секулярызацыя праяўляецца найперш у рэлігійнай неадукаванасці і абыякавасці, ва ўзрастанні амаральнасці, у адсутнасці пачуцця граху, у маральным рэлятывізме, што адмаўляе непарушнасць маральных нормаў, у такім жыцці, як быццам Бог не існуе. Яго месца ўсё часцей і часцей займае імкненне да ўзбагачэння і задавальненняў. Але ж хлеба і відовішчаў (гэта значыць, задавальненняў) прагнулі таксама старажытныя рымляне. А дзе сёння тая вялікая і магутная Рымская імперыя?!

Жыццё без Бога вядзе да таго, што замест стварэння цывілізацыі любові і жыцця чалавецтва стварае цывілізацыю несправядлівасці, нянавісці і смерці. Прычым гаворка ідзе як пра фізічную смерць, бо цывілізаваны свет старэе, так і пра смерць духоўную, бо, жывучы амаральна, створаны паводле вобразу і падабенства Божага чалавек (пар. Быц. 1, 27) траціць сваё Боскае аблічча. Словам, сучасны чалавек заражаны бацылаю сур’ёзнай духоўнай хваробы. Гэта вірус бездухоўнасці з усімі наступствамі, якія ён цягне за сабою, што бачна няўзброеным вокам”.

З пытання, якое Вы, паважаная Алена, задалі, вынікае некалькі іншых, вельмі важных пытанняў, пытанняў сумлення чалавека. Перадусім гэта асабістае стаўленне да сакраманту споведзі, стаўленне да афіцыйнага навучання Касцёла і стаўленне да прыняцця Святой Камуніі. На жаль, таксама і ў Беларусі сярод вернікаў можна сустрэць абыякавасць да духоўнага і сакрамантальнага жыцця. Шмат людзей лічыць сябе “вернікамі” і ў той жа самы момант не прымае ўдзелу ў жыцці Касцёла і яго Сакрамантах. Або рэлігійнае жыццё заканчваецца на споведзі (раз на год), і гэта ў найлепшым выпадку. Шмат людзей знаходзіцца ў пазашлюбнай сувязі, жывучы ў так званым грамадзянскім шлюбе, часам нават без роспісу ў ЗАГСе, і даволі спакойна прыступае да Святых Сакрамантаў. З упэўненасцю можна сцвердзіць, што сумленне такіх людей мае вельмі “добры сон”. Тут хачу прыгадаць размову аднаго манаха са свамі духоўнымі дзецьмі.

Аднойчы стары манах спытаў у сваіх духоўных дзяцей: “Хто растлумачыць мне, што азначае: малітва будзе залічана як грэх?” – “Напэўна, няправільна маліўся”, – быў адказ. “Не, правільна маліўся”, – адказаў старац. “Напэўна, няшчыра маліўся”. – “Не, маліўся шчыра”. – “Напэўна, няўважліва, маліўся”. – “Не, не гэта. Зараз я вам растлумачу”, – сказаў старац. У гэты момант да яго падышла адна жанчына і папрасіла пра блаславенне. Старац папрасіў яе нешта зрабіць, а яна адказала, што зараз не можа, а потым паглядзіць, ці будзе мець час. “Зараз яна пойдзе, і на працягу пяці гадзін будзе маліцца, – сказаў старац. Але як Бог пачуе яе малітву, калі яна не дапамагла таму, хто прасіў яе? Калі вы не выконваеце Божых запаведзяў, не турбуйце Бога шматлікімі малітвамі, Ён іх не пачуе, а ваша малітва будзе залічана вам як грэх. Добрыя справы адчыняюць дзверы ў неба. Пакора ўвядзе вас туды, а любоў пакажа Бога. Калі з малітвы не вынікаюць добрыя справы, то такая малітва мёртвая. Бог не прымае пустых слоў, Бог любіць справы. Добрыя справы – гэта і ёсць любоў. Толькі па справах можна пазнаць сапраўднага хрысціяніна”.

Мы добра ведаем, што ў Каталіцкім Касцёле існуе сем Святых Сакрамантаў (Хрост, Канфірмацыя, Эўхарыстыя, Пакаянне, Намашчэнне хворых, Пасвячэнне і Сужэнства). Сакраманты Касцёла з’яўляюцца плёнам збаўчай ахвяры Езуса на крыжы. Як казаў св. Тамаш Аквінскі, “усе сакраманты скіраваныя да Эўхарыстыі “як да сваёй канчатковай мэты”. Калі які-небудзь вернік Каталіцкага Касцёла мае сумненні адносна аднаго з сямі сакрамантаў альбо адкідвае хаця б адзін з сакрамантаў, то не мае права называць сябе католікам.

Катэхізіс Каталіцкага Касцёла (Кампендый) ясна кажа, калі, як і пры якіх умовах належыць прыступаць да сакрамантаў – у стане ласкі і прымаць святую Камунію. “Вернікам, якія ўдзельнічаюць у святой Імшы, Касцёл рэкамендуе таксама прымаць з належнай падрыхтоўкай святую Камунію, прадпісваючы рабіць гэта прынамсі на Пасху” (нумар 290). У нумары 291 задаецца наступнае пытанне: “Што патрабуецца для прыняцця святой Камуніі? Каб прыняць святую Камунію, неабходна быць цалкам далучаным да каталіцкага Касцёла і быць у стане ласкі, гэта значыць, не мець на сумленні смяротнага граху. Той, хто ўсведамляе, што ўчыніў цяжкі грэх, павінен прыступіць да сакраманту паяднання перад тым, як будзе прымаць святую Камунію. Важнымі з’яўляюцца таксама дух засяроджанасці і малітвы, захаванне прадпісанага Касцёлам посту і пастаў цела (жэсты, адзенне), што з’яўляецца знакам павагі да Хрыста”.

Мы бачым, што для прыняцця святой Камуніі неабходна “быць у стане ласкі, гэта значыць, не мець на сумленні смяротнага граху”, а гэта значыць, быць пасля Споведзі.

Катэхізіс Каталіцкага Касцёла ў нумарах 1854-1864 акрэслівае паняцце смяротнага граху. Смяротны грэх нішчыць любоў у чалавечым сэрцы цяжкім парушэннем Божага закону, а таксама адварочвае чалавека ад Бога як канчатковай мэты і дабра, ставячы на месца Бога тое, што ніжэй па ўзроўні за Самога Бога.

Грэх лічыцца смяротным, калі выяўляюцца тры ўмовы адначасова: сур’ёзнасць матэрыі, якая вызначаецца 10 запаведзямі, смяротны грэх патрабуе поўнай свядомасці (разумення таго, што тое, што я раблю, з’яўляецца грахом) і поўнай згоды на грэх. Вынікам смяротнага граху з’яўляецца страта любові і асвячальнай ласкі. Калі няма жалю і прабачэння, то гэты грэх становіцца прычынай вечнага асуджэння.

З малітвай, кс. Аляксей Ляшко, афіцыял

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі