Што такое святасць? З чаго яна складаецца? Памятаеце, як у «Споведзі» св. Аўгустын сказаў аб прыродзе часу: «Што такое час? Калі не задавацца пытаннем, я ведаю адказ, калі ж хачу растлумачыць, то не ведаю, што сказаць». Гэта ж датычыць і прыроды святасці. Мы пазнаем яе, калі сутыкаемся з ёю, але цяжка сказаць, што гэта такое. Мы адчуваем, што мусіць быць нешта агульнае для ўсіх святых, але што гэта?
Спачатку мы спрабуем растлумачыць, што такое святасць, вызначыўшы рысы характару, якія ўласцівыя ўсім святым. Усе святыя вераць у Бога, але і многія грэшнікі — таксама. Святы Якуб гаворыць: «Ты верыш, што ёсць адзін Бог? Добра робіш. Злыя духі таксама вераць і дрыжаць!» (Як 2, 19). Значыць, каб быць святым, неабходна нешта яшчэ. Наогул, цяжка вызначыць нейкую якасць або набор характэрных рысаў, якія адназначна ўказвалі б на святасць. Святыя маюць абсалютна розныя характары і тэмперамент.
Напрыклад, св. Геранім, нягледзячы на аскетызм і вялікую любоў да Касцёла і Святога Пісання, быў даволі непрыемным чалавекам: бурклівым і няветлівым. Мне падабаецца параўноўваць св. Аўгустына і св. Гераніма: з аднаго боку, ветлівы, выхаваны Аўгустын, а з іншага — грубы і дачэплівы Геранім, які не саромеўся ганіць Аўгустына, калі яны не сыходзіліся ў меркаваннях. Калі ставіць знак роўнасці паміж святасцю і добрымі манерамі, спагадлівасцю, ветлівасцю, то, здаецца, Касцёл памыліўся, кананізаваўшы такога, як св. Геранім. Але насамрэч гэты прыклад нагадвае нам — святасць не заўсёды бывае прадказальнаю і не падпадае пад сацыяльна прынятыя нормы!
Мы часта блытаем святасць з рысамі характару:
- лёгка прымаем флегматычнасць, непатрабавальнасць і пасіўнасць
- за пабожнасць і малітоўнасць,
- а добрыя манеры і ветлівасць — за сапраўдную любоў.
Але характар і настрой духу — не тое самае, што святасць. Рысы характару часта абумоўленыя нашымі прыроднымі схільнасцямі, у вялікай ступені яны з’яўляюцца вынікам генетыкі або асяродку і неабавязкова вынікаюць з нашага свядомага выбару або працы над сабою. Напрыклад, ёсць камунікабельны ад прыроды юнак і юнак, схільны да маўклівасці і адчужанасці. Гэта не азначае, што адзін лепшы за другога, хаця пэўныя рысы характару нам падабаюцца больш за іншыя. Аднак трэба памятаць, што вельмі часта святыя бываюць людзьмі, з якімі цяжка жыць побач, і я маю на ўвазе не звычайныя суровасць або бурклівасць, як у св. Гераніма. Аскетычнасць і звычкі многіх святых былі дзіўнымі і нават брыдкімі, і бянтэжылі іншых людзей.
Напрыклад, св. Ружа з Лімы паўсюль хадзіла з вялікім валуном за плячыма. Запал і заўзятае імкненне да выпраўлення, уласцівыя такім святым як Кацярына Сіенская, Тэрэза Авільская і Караль Барамей, выпрабоўвалі трываласць навакольных людзей, і сяброў і ворагаў. Часта святыя грэбавалі звычайнымі штодзённымі правіламі, каб ўдзяліць больш часу малітве, пакаянню і прапаведаванню. Святы Ян Павел ІІ яшчэ да таго, як стаў Папам, быў добра вядомы сваёю звычкаю спазняцца, часам нават на цэлыя гадзіны. А ці думалі вы калі-небудзь, як вялікая любоў св. Францішка да «Спадарыні Беднасці» ўплывала на яго стаўленне да асабістай гігіены? Адкрыўшы добра напісаную кнігу пра любога святога, можна хутка пазбавіцца ілюзіі, што ўсе святыя па натуры ветлівыя, лагодныя, чыстыя і ашчадныя.
Мы дастаткова шмат ведаем пра святых, каб разумець, што яны сталі святымі не таму, што ніколі не ўчынілі смяротнага граху. Вядома, былі сярод іх і такія, як, напрыклад, Дзева Марыя, народжаная без граху, або святыя дзеці, як Дамінік Савіо і благаслаўлёная Імельда Ламберціні, якія былі занадта маладымі, каб цяжка зграшыць. Былі і святыя, якія да самай старасці, ажно да гадзіны смерці, захавалі неверагодную чысціню і нявіннасць, як, напрыклад, св. Дамінік і св. Тамаш Аквінскі. Нават напрыканцы жыцця гэтыя святыя вызначаліся, як кажуць, «дзіцячымі» споведзямі. Можна захапляцца такою чысцінёю жыцця, але гэта хутчэй выключэнне, а не правіла.
Многія людзі, якія ўчынілі страшныя грахі, здолелі стаць святымі, як ужо ўзгаданы св. Аўгустын, які маліўся: «Божа, зрабі мяне святым, але толькі не цяпер!». Нават калі думаць, што св. Аўгустын быў не такім вялікім грэшнікам, якім ён сам сябе паказаў у «Споведзі», няма сумнення, што ён здзяйсняў вельмі сур’ёзныя грахі, апроч іншага меўшы каханку і пазашлюбнае дзіця. І не толькі ён адзін! Узгадайце св. Марыю Егіпецкую, вядомую няўрымслівай німфаманіяй, якую яна толькі цудам змагла пераадолець. Падумайце пра святых з вельмі спрэчным мінулым, як, напрыклад, у св. Дысмаса, добрага злачынцы, укрыжаванага побач з Хрыстом, і св. Іпаліта, антыпапу, які быў кананізаваны, стаўшы пакутнікам за Касцёл. Ёсць і многія іншыя. Святасць не дасягаецца здольнасцю ніколі не ўпасці ў грэх. І гэта добра, бо для многіх з нас такое патрабаванне азначала б, што можна і не імкнуцца да святасці, таму што абсалютная большасць людзей рабіла памылкі і чыніла грахі, і нашае мінулае не прайшло б праверкі на дасканаласць. Але святасць — не мара аб дасканалым мінулым.
Дык што ж агульнага маюць між сабою святыя?
Адказ незвычайна просты, але незвычайна важны: гэта любоў да Бога. Святыя не былі дасканалымі людзьмі, яны не заўсёды былі людзьмі, з якімі прыемна знаходзіцца побач. Вывучаючы жыццё святых, можна ўбачыць, што сярод іх былі ініцыятыўныя мэтанакіраваныя актывісты, сузіральныя інтраверты і вечна незадаволеныя скупыя пустэльнікі. Мы ўбачым святых, якія былі прыгожымі, разумнымі, яркімі і магутнымі, але таксама, можа, нават і часцей, мы ўбачым непрыгожых, вельмі простых святых, якія ў вачах свету былі нічога не вартымі. Але іх аб’ядноўвала адно: усе яны былі цалкам, беспаваротна, даверху поўныя любові да Бога. Бог быў цэнтрам іх жыцця, у параўнанні з Ім для іх не было нічога сапраўды істотнага. Імкненне спаўняць Божую волю замяняла ім ежу і сон, адзінае, чаго яны па-сапраўднаму жадалі, — гэта прыносіць Богу прыемнасць сваімі словамі і ўчынкамі, а грэх супраць Бога і здрада Ягонай любові — адзіная трагедыя іх жыцця. Менавіта любоў да Бога чыніць святых святымі, у ёй сутнасць святасці.
У гэтай любові таксама сакрэт радасці святых і любові да бліжняга. Любоў да Бога — крыніца іх сілаў і гераічных цнотаў. Чым бы святыя ні займаліся, якія б асаблівыя харызматы або місіі яны ні здзяйснялі, агульнаю ў іх была любоў да Бога, што цалкам вызначала іх рэальнасць, іх жыццё.
У другой частцы сваёй «Сумы тэалогіі» св. Тамаш Аквінскі гаворыць пра міласэрную любоў як адну з трох галоўных цнотаў, разам з верай і надзеяй, якія даюцца нам Богам. Міласэрная любоў, Caritas — гэта сяброўская прыязнасць з Богам, любоў да Бога, пра якую я кажу як пра вызначальную рысу святасці. Міласэрная любоў, паводле св. Тамаша Аквінскага, ёсць найвышэйшаю цнотаю, бо яднае нас з Богам у Ім самім. Усе іншыя цноты толькі рыхтуюць нас да гэтай еднасці, падпарадкоўваюць нас Богу, але не лучаць з Ім у адно цэлае. Такія маральныя цноты, як мужнасць, стрыманасць і справядлівасць выхоўваюць нашую волю і стаўленне да іншага Божага стварэння, не дазваляюць, каб намі кіраваў страх або прывязанасць да нейкіх прыемнасцяў, скіроўваюць нашую ўвагу на дабро для бліжняга. Яны вучаць нас любіць Бога, не праяўляць залішнюю прывязанасць да стварэння і пазбаўляюць звычак, якія чыняць нас эгаістычнымі і жорсткімі сэрцам.
Вера і надзея, тэалагальныя цноты, скіроўваюць нас да Бога, але не лучаць з Ім у адно. Яны дапамагаюць дасягаць Бога з дапамогаю праўды, якую спасцігае наш розум або дабро, якое мы атрымліваем ад Яго, і якое ёсць жаданнем нашай волі. Святы Тамаш піша: «Міласэрная любоў дасягае Бога так, што можа адпачываць у Ім, менавіта ёю мы напаўняемся ў Богу». Усе іншыя цноты без міласэрнай любові Caritas не дасягаюць сваёй сапраўднай дасканаласці, толькі яна накіроўвае і фармуе іх так, каб яны дасягалі Бога. Становіцца зразумелым, чаму св. Павел у пасланні да Карынцянаў так падкрэсліваў важнасць міласэрнай любові: «Калі я гавару мовамі людзей і анёлаў, а любові не маю, я — як медзь звонкая або гулкія цымбалы. Калі маю дар прароцтва і спазнаў усе таямніцы, і маю ўсякія веды і паўнату веры, каб перастаўляць горы, а любові не маю, то я – нішто. Калі раздам усю маёмасць сваю і аддам цела сваё на спаленне, а любові не маю, няма мне з гэтага ніякай карысці» (1 Кар 13, 1–3).
Менавіта пра гэта гаворыць і св. Тамаш: любоў, сувязь прыязнага сяброўства з Богам злучае нас з Ім у адно і гэтак цалкам змяняе ўсё, што нас атачае, усё, што навокал. Гэта імкнецца апісаць св. Павел, кажучы: «А цяпер трываюць вера, надзея і любоў — гэтыя тры, але найбольшая з іх любоў» (1 Кар 13, 13). Міласэрная любоў перамяняе наш розум, волю, уласцівыя нам рысы характару. Яна пераарыентуе ўсё нашае жыццё, асобу, усю нашую сутнасць, цалкам злучаючы іх з Богам. Цнота любові напаўняе ўсе нашыя добрыя якасці, накіроўваючы іх да Бога, так што мы можам атрымліваць дары Святога Духа, якія нават даюць нам здольнасць дзейнічаць па-за межамі чалавечых магчымасцяў, звышнатуральным чынам.
Бог сваёю любоўю літаральна паклікаў нас да існавання, таму мы літаральна створаныя для Яго. Гэта найбольш фундаментальная праўда пра нас, бо сутнасць асобы кожнага чалавека ў тым, што мы — узлюбленыя Богам. Калі мы становімся здольнымі ўсвядоміць гэта і разумеем, што кожны з нас і ёсць той «вучань, якога любіў Езус», мы дазваляем прынцыпу «ўзлюбленасці Богам» быць асноваю нашага жыцця, усяго, што мы робім. Гэтак мы ажыццяўляем таямніцу любові, і яна становіцца нашай адзінай каштоўнасцю, як было ў святых. Мы гарым жаданнем вярнуць Богу любоў, якою Ён адарыў нас, жадаем праявіць Божую любоў да сваіх бліжніх, бо разумеем, што яны таксама «ўзлюбленыя Богам».
Дзеля Бога мы любім бліжняга. І таксама мы больш і больш імкнемся цярпець пакуты (гэта немагчыма было б уявіць, калі б не было прыкладу святых), бо пакуты яднаюць нас з Богам, які стаў чалавекам і цярпеў дзеля нас. Мы ўсім сэрцам жадаем пакаяння, бо гэта ачышчае нашую любоў да Бога, аддзяляе нас ад зямных памкненняў і клопатаў і дапамагае пераадольваць эгаізм, каб быць здольнымі любіць свабодна і поўна.
Брат Джасцін Гэйбл ОР, ave-maria.by
Пераклад з англійскай мовы Юліі Шэдзько
Паводле матэрыялаў партала www.dspt.edu