“Часта, бываючы ў розных санктуарыях, святых месцах на абразах бачу рэчы з выявамі чалавечых органаў, напрыклад, сэрца. Таксама і іншыя рэчы з розных металаў. Навошта яны там змешчаны і што азначаюць? Растлумачце, калі ласка”. Віктар
На пытанне адказвае айцец Андрэй Сідаровіч MIC з Росіцы:
– Сапраўды, асабліва ў святых месцах, санктуарыях можам сустрэць абразы ці фігуры, дзіўна абвешаныя або ружанцамі, або залатымі і срэбнымі выявамі, часцей цела чалавека. Усё гэта людзі прыносяць як свой падарунак, падзяку Богу за выслуханыя ласкі. Часта сведчаннем фізічнага аздараўлення з’яўляецца канкрэтная, вылітая з шляхетнага металу частка цела: рука нага, вуха, вока і г. д. У традыцыі Касцёла гэта называецца “вотум” – у перакладзе з лацінскай – “дар”. Сэрца – гэта найчасцей знак навяртання чалавека. Даводзілася бачыць у храмах не толькі часткі цела, але таксама таблічкі з кароткай гісторыяй аздараўлення або вяртання да Бога.
Падзяка за атрыманыя ласкі магла прымаць розныя формы. Неаднаразова даводзілася бачыць аздобленыя багатымі пярсцёнкамі літургічныя крыжы або манстранцыі. Кусташы святых месцаў тлумачаць, што так людзі дзякуюць Богу за захаванае сужэнства, за дар аднаўлення сямейнага жыцця.
Зноў жа, у старажытнасці вотум мог прымаць і іншыя формы. Напрыклад, калі чалавек быў заможны, то фундаваў як удзячнасць Богу за атрыманыя ласкі, касцёл або кляштар. Больш сціплая форма падзякі магла выражацца ў пастаноўцы прыдарожнага крыжа або пабудове прыдарожнай каплічкі. Таксама неаднаразова людзі з большым дастаткам фундавалі будаўніцтва шпіталяў або прытулкаў для бедных.
для друку