«Школа Марыі тут, у Браславе». Урачыстасці ў гонар Маці Божай Валадаркі азёраў прайшлі ў дыяцэзіяльным санктуарыі

Браслаўскі фэст у гэтым годзе прайшоў 18 і 19 жніўня, а тэма яга была – “Марыя — Ахоўніца згоды і супакою”.

Гэтая ўрачыстасць і асабліва папярэднія тры дні былі вельмі насычанымі малітвай. Спытаеце, чаму толькі тры? Магчыма і больш, але маю на ўвазе дні шляху дзвюх груп людзей, якія пераадолелі больш 90 км пешшу пад палаючым сонцам, несучы не толькі свае заплечнікі, але і інтэнцыі свайго сэрца і іншых людзей, шчыра молячыся і мужна пераадольваючы цяжкасці пілігрымавання.

Амаль 100 чалавек прынялі ўдзел у пілігрымцы Глыбокае-Браслаў пад кіраўніцтвам ксяндза Мікалая Ціхановіча. Да глыбачан далучыліся вернікі з Полацка, Оршы, Мінска, Гродна, Разані. У экстрэмальнай пілігрымцы з Удзела разам з айцом францішканінам Віктарам Мялешкам прыйшлі яшчэ 9 удзельнікаў.

Сёлетняя ўрачыстасць у гонар Маці Божай Валадаркі азёраў распачалася малітвай-даручэннем сем’яў, а сужонкі аднавілі шлюбныя абяцанні.

Вечаровую Імшу для пілігрымаў цэлебраваў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч разам з дапаможным біскупам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрыем Касабуцкім, Апостальскім адміністратарам для католікаў візантыйскага абраду архімандрытам Сяргеем Гаекам. Падчас Літургіі быў удзелены сакрамант канфірмацыі 70 вернікам з Віцебскай дыяцэзіі.

Малітоўную праграму працягнуў Акафіст да Найсвяцейшай Багародзіцы, які пад кіраўніцтвам апостальскага адміністратара архімандрыта Сяргея Гаека маліліся вернікі ўсходняга абраду. З-за навальніцы і дажджу была адменена працэсія вуліцамі горада, але малітва святога Ружанца адбылася ў касцёле. Апоўначы св. Імшу правёў біскуп Юрый.

Кульмінацыяй урачыстасцяў стала святая Імша ўдзень 19 жніўня на палявым алтары, якую ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Урачыстую Эўхарыстыю канцэлебравалі біскупы Алег Буткевіч і Юрый Касабуцкі, архімандрыт Сяргей Гаек, кіраўнік беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё кс. Аляксандр Амяльчэня і шматлікія святары. На Літургіі прысутнічалі прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу ў Рэспубліцы Беларусь і мясцовай улады.

На самым пачатку біскуп Віцебскі прывітаў усіх пілігрымаў, якія пешшу і на роварах прыбылі ў Браслаў, а таксама ўсіх вернікаў з розных куткоў Беларусі і з-за мяжы, запрашаючы да супольнай малітвы.

“Браслаў для кожнага з нас не толькі духоўная школа Маці Божай, але для многіх гэта сэрца нашай сінявокай, упрыгожанай азёрамі Бацькаўшчыны. (…)

Марыя была жанчынай малітвы, таму змагла пераадолець усе жыццёвыя выпрабаванні – малыя і вялікія. Менавіта праз малітву, Марыя кажа, што можна навучыцца глядзець без прадузятасці, бачыць навакольны свет у пазітыўным святле, адмовіцца ад зла і выбіраць дабро. Пілігрымковая наша сустрэча з’яўляецца школай малітвы, а яе плёнам – уменне маліцца. Аб гэтым нагадаў нам св. Ян Павел ІІ, які заклікаў людзей, што шукаюць сэнсу жыцця, да вучобы ў школе Марыі. Яна тут, гэтая школа, у Браславе, бо маліцца – азначае думаць пра Бога з любоўю. Як жа сёння патрэбна гэтам свету любоў…”, — засяродзіў увагу арцыбіскуп Юзаф падчас гаміліі.

Урачыстую Літургію ўпрыгожыў хор, удзельнікі якога прымалі ўдзел у Школе касцельнага спеву пад кіраўніцтвам дацэнта Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі і арганіста мінскай архікатэдры Уладзіміра Неўдаха і арганісткі браслаўскай парафіі Іны Сапун.

Напрыканцы літургіі ардынарый Віцебскі Алег Буткевіч аддаў у апеку ўсю дыяцэзію Маці Божай Валадарцы азёраў, прачытаўшы Акт прысвячэння. Іерарх запрасіў прысутных на ўрачыстасці ў наступным годзе, якія адбудуцца 23-24 жніўня. 2024 год будзе юбілейным – 25 год заснавання Віцебскай дыяцэзіі і 15-годдзе каранацыі абраза Маці Божай Браслаўскай.

Марына Сінкевіч, тэкст і фота
Леанід Юрык, фота

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі