Шаркаўшчынскія «Маргарыткі» сабраліся на супольнай малітве

Sharkaushchynskija margarutki1У першую нядзелю Вялікага посту ў касцёле Узвышэння Святога Крыжа ў Шаркаўшчыне адбылася святая Імша ў інтэнцыі ўсіх удзельнікаў малітоўнага руху «Апостальства Маргарыткі» і за ўсіх святароў, за каго яны створаны.

Справа ў тым, што ў парафіі ад верасня 2014 года ўзнікла 10 «Маргарытак». Кожная складаецца з 7 асоб, якія ў вызначаны дзень тыдня моляцца ў інтэнцыі выбранага імі святара. Знайшліся жадаючыя маліцца ў інтэнцыі біскупа Алега Буткевіча, ксяндза пробашча Кшыштафа Сілкоўскага, былога пробашча ксяндза Чэслава Куцмежа, а таксама за святароў, якімі павінна ганарыцца парафія, бо яны з’яўляюцца ўраджэнцамі Шаркаўшчыны і праслаўляюць сваю малую радзіму ў розных куточках нашай Беларусі.

Безумоўна, гэта ксёндз Андрэй Сіповіч — пробашч парафіі Узвышэння Святога Крыжа на Кальварыйскіх могілках ў Мінску, ксёндз Мікалай Ліпскі — пробашч парафіі Святога Юды Тадэвуша, Апостала ў вёсцы Лучай, ксёндз Аляксандр Фядотаў — вікарый парафіі Божай Міласэрнасці Гродна — Вішнявец.

Ва ўступным слове пробашч Кшыштаф Сілкоўскі прывітаў прысутных з нагоды радаснай падзеі, якая сабрала шматлікіх вернікаў. Адметнасцю нядзельнай святой Імшы стала тое, што Літургія Слова і Малітва верных, былі падрыхтаваны ўдзельнікамі «Апостальства Маргарыткі».

Напрыканцы святой Імшы пробашч удзяліў спецыяльнае бласлаўленне Шаркаўшчынскім «Маргарыткам». У хуткім часе ў парафіях, дзе служаць Богу і людзям святары, за якіх моляцца ў Шаркаўшчыне, адбудуцца святыя Імшы ў інтэнцыі Шаркаўшчынскіх «Маргарытак» і святароў, за якіх яны створаны.

Sharkaushchynskija margarutki2

Варта нагадаць крыху гісторыі малітоўнага руху «Апостальства Маргарыткі». Яго назва паходзіць ад імя незвычайнай асобы Маргарэт О’Донэл. Ва ўзросце 13 год яна захварэла на палеамеліт і наступныя 27 год свайго жыцця правяла ў нерухомасці. Хваробу сваю прыняла як пакліканне да малітвы. Яна пачала маліцца і ахвяраваць свае пакуты за ўсіх, хто да яе звяртаўся.

Сімвалам малітоўнага руху з’яўляецца маленькая палявая кветачка-рамонак, якая азначае самаахвярнасць, прастату і адзінства. Самае галоўнае, што Маці Божая падчас аб’яўленняў ў Меджыгорыі неаднаразова са слязамі на вачах заклікала маліцца за святароў і заклікала іх саміх больш верыць і штодзенна маліцца на Ружанцы. Маці Найсвяцейшая прагне, каб для кожнага святара знайшлося месца ў сэрцах вернікаў, у іх штодзённай малітве, такім чынам, набываючы неабходную духоўную абарону.

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі