Сенат Італіі выступае за забарону сурагатнага мацярынства

Ілюстрацыйнае фота

Камітэт юстыцыі Сената Італіі ухваліў законапраект аб поўнай забароне сурагатнага мацярынства ў краіне, прыняты ў палаце дэпутатаў год таму.

“Такім чынам Італія пацвярджае, што знаходзіцца ў авангардзе закона і супрацьстаіць новым формам жорсткага абыходжання з жанчынамі і дзецьмі”, – заявіла Эўджэнія Рачэла, міністр па справах сям’і.

Паводле праекта закона, для ўсіх, хто ў любой форме арганізоўвае або рэкламуе сурагатнае мацярынства (у тым ліку за межамі Італіі), будзе прадугледжана пакаранне да двух гадоў зняволення і штраф у памеры аднаго мільёна еўра.

У выпадку дзяцей, народжаных за мяжой, консульскія ўлады Італіі і органы ЗАГСа будуць абавязаны высветліць, ці дзіця не было народжана праз сурагатнае мацярынства.

Сенатар Кампіёнэ, якая будзе прадстаўляць законапраект у сенаце, падкрэслівае, што гэты закон абароніць жанчын, якія не могуць быць рэпрадуктыўнымі машынамі, а таксама права дзяцей ведаць, хто іх бацькі. Па словах сенатара, пасля прыняцця гэтага закона Італія стане першай краінай у свеце, дзе будзе ўведзена поўная забарона на сурагатнае мацярынства.

Адначасова прэс-сакратар арганізацыі За жыццё і сям’ю Якапа Когэ (Pro Vita & Famiglia) сцвярджае, што італьянскі прэцэдэнт можа адкрыць шлях да ўвядзення міжнароднага мараторыя на практыку сурагатнага мацярынства.

Законапраект атрымаў моцную падтрымку большасці ўраду. “Мы паважаем погляды ўсіх, але, на нашу думку, дзіця мае права мець сям’ю, якая складаецца з бацькі і маці. Гэта каштоўнасць, якая належыць да нашай гісторыі і нашай палітычнай тоеснасці. Зачацце дзяцей так, як калі б яны былі прадуктамі для набыцця, з’яўляецца чыстым вар’яцтвам”, – падкрэсліў сенатар Антоніа Дэ Полі, старшыня італьянскай хрысціянска-дэмакратычнай партыі Unia Centrum.

Ян Глінскі, беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі