У Егіпце ўрачыста ўзгадваюць візіт на гэтыя землі святога Францішка, які адбыўся ў 1219 годзе, а таксама яго сустрэчу з султанам Мелекам эль-Камелем.
800 гадоў таму святы з Асізі атрымаў стыгматы. З нагоды гэтага юбілею ў Егіпце адбываецца перэгрынацыя яго рэліквій пад дэвізам “Францішак вяртаецца”. Фрагмент манаскага хабіта святога быў дастаўлены ў Каір 23 мая 2024 года. Потым рэліквіі былі перавезены ў Александрыю, адкуль яны вырушылі ў Эль-Мінью, Асьют, Кену і затым у Луксор.
Праз перэгрынацыю і ўспамін сведчання Асізскага Бедняка Ордэн меншых братоў хоча “ажывіць францішканскую духоўнасць”. Успамін 800-ай гадавіны падарожжа святога ў Егіпет стаў таксама нагодай для шматлікіх міжрэлігійных падзей. На гэта ўказаў у размове з Vatican News малады егіпецкі францішканін Антоні Эймэн. “Ад таго моманту распачаўся новы этап дыялогу паміж мусульманамі і хрысціянамі ў Егіпце”, — патлумачыў манах.
Святы Францішак знаходзіўся на Блізкім Усходзе ў эпоху барацьбы паміж мусульманамі і крыжакамі. Па сваёй ініцыятыве ён наблізіўся да егіпецкага лагера і дазволіў сябе схапіць, каб мець магчымасць абвяшчаць Евангелле. Яго прывялі да султана Мелека эль-Камеля, але, нягледзячы на вайну, размовы паміж Францішкам і мусульманскім лідарам адбываліся ў сардэчнай атмасферы. Султан не толькі выпусціў манаха на волю, але таксама падарыў яму рог са слановай косці, які да сёння захоўваецца ў Італіі.
Ян Глінскі, беларуская рэдакцыя Vatican News
для друку