Евангелле Мк 9, 38–43. 45. 47–48
“У той час:
Ян сказаў Езусу: Настаўнік, мы бачылі чалавека, які ў імя Тваё выганяў злых духаў, і забаранялі яму, бо не хадзіў з намі.
Езус жа сказаў: Не забараняйце яму, бо ніхто, хто ўчыніў цуд у Маё імя, не зможа адразу пачаць зласловіць Мяне. Бо хто не супраць нас, той з намі. І хто напоіць вас кубкам вады ў імя таго, што вы Хрыстовыя, сапраўды кажу вам, не страціць сваёй узнагароды.
А хто спакусіць аднаго з малых гэтых, якія вераць у Мяне, таму лепш было б, каб павесілі яму на шыю млынавы камень і кінулі яго ў мора.
Калі спакушае цябе рука твая, адсячы яе. Лепш табе калекаю ўвайсці ў жыццё, чым з дзвюма рукамі ісці ў геену, у агонь непагасны. І калі нага твая цябе спакушае, адсячы яе. Лепш табе ўвайсці ў жыццё кульгавым, чым з дзвюма нагамі быць кінутым у геену. І калі вока тваё цябе спакушае, вырві яго. Лепш табе з адным вокам увайсці ў Валадарства Божае, чым, маючы два вокі, быць кінутым у геену, дзе чарвяк іх не памірае і агонь не гасне”.
Сённяшняе Евангелле нагадвае нам вучэнне Езуса аб хрысціянскім жыцці. Апавяданне Марка лёгка даходзіць да глыбіні душы. І з яго мы разумеем, што Бог дае свае дары так, як хоча, і для нас заўсёды павінна быць радасна, калі іншыя людзі шчодра прымаюць іх і ўжываюць для служэння Евангеллю.
Аднак заўсёды існуе небяспека, што праўда знаходзіцца толькі “ў маёй кішэні”. Зайздрасць да дабра зробленага іншымі, — гэта глупства. Гэта прыкмета смяротнай замкнёнасці. Няведанне таго, як атрымліваць асалоду ад дабра, хто б гэта ні рабіў, ператварае наша сэрца ў духоўны фундаменталізм прывілеяў. Я добры. У мяне ёсць дар. Толькі мне Бог даў выключнае права на жыццё годнае чалавека. Стараемся трымацца далей ад тых, хто адчувае сябе “распарадчыкам духоўных прывілеяў”. Яны прадаюць толькі свой пратэрмінаваны тавар. Дорага прадаюць. Яны клапоцяцца не пра тое, што робяць, а пра прыбытак, на які яны могуць разлічваць.
Ян, апостал любові, падыходзіць да Езуса з незвычайнай пыхай, каб сказаць яму: “Настаўнік, мы бачылі чалавека, які ў імя Тваё выганяў злых духаў, і забаранялі яму, бо не хадзіў з намі”. Апосталы, не атрымаўшы яшчэ Духа Святога, абвяшчаюць сябе захавальнікамі праўды, і што самае важнае, робяць гэта, не пытаючыся ў Езуса, які знаходзіцца разам з імі. Гэта “стараннасць” апосталаў вельмі падобная да крывадушнасці. Яны не глядзяць на наступствы сваіх слоў і дзеянняў, маюць прадузятасць да чалавека, які ў імя Настаўніка выганяе злых духаў. Здаецца, што маюць нават крыху зайздрасці, пэўнай патрэбы ў “эксклюзіўнасці”, у валоданні скарбам, якім не жадаюць дзяліцца.
Але Езус кажа ім: “Не забараняйце яму”. Той, хто робіць дабро ў імя Маё, не можа “зласловіць Мяне. Бо хто не супраць нас, той з намі”. Карацей кажучы, распазнавайце. Не трэба зайздросціць таму, хто, у імя Маё, хоча рабіць дабро. Бо зайздрасць змешваецца з рэўнасцю, і ў рэшце рэшт мы асляпляем і саміх сябе і не бачым, хто сапраўды робіць дабро. Замест гэтага, на іншага неабходна глядзець з любоўю і прастатой сэрца: “Хто напоіць вас кубкам вады ў імя таго, што вы Хрыстовыя, (…), не страціць сваёй узнагароды”. Шануйце дабро зробленае іншым чалавекам.
Свет напоўнены вялікай колькасцю жэстаў салідарнасці, адносін любові і спачування, жэстаў міласэрнасці і прабачэння, якія нараджаюцца ў сэрцах людзей добрай волі. У цішыні штодзённасці ім удаецца пасеяць надзею. Гэта простыя людзі, якія адчуваюць патрэбу існаваць для тых, хто чакае маленькага знака надзеі і суцяшэння.
Разважанне падрыхтаваў кс. кан. Аляксей Ляшко
для друку