“У той час:
Езус і Яго вучні выйшлі і праходзілі праз Галілею, і Езус не хацеў, каб нехта ведаў. Бо вучыў сваіх вучняў і казаў ім, што Сын Чалавечы аддадзены будзе ў рукі людзей, і заб’юць Яго, і забіты ўваскрэсне праз тры дні. Але яны не разумелі гэтых словаў, а спытацца ў Яго баяліся.
Прыйшоў Ён у Кафарнаум і, калі быў у доме, спытаўся ў іх: Пра што па дарозе вы разважалі? Яны маўчалі, бо па дарозе разважалі паміж сабою, хто большы.
Сеўшы, Ён паклікаў Дванаццаць і сказаў ім: Калі хто хоча быць першым, няхай будзе з усіх апошнім і ўсіх слугою. Потым узяў дзіця, паставіў сярод іх і, абняўшы яго, сказаў ім: Хто прымае аднаго з такіх дзяцей у Маё імя, той Мяне прымае. А хто Мяне прымае, той не Мяне прымае, але таго, хто паслаў Мяне”.
Набліжаецца момант апошняга падарожжа ў Ерузалем, дзе Езус завершыць сваю місію. Гэта вырашальны момант. І ў гэтых абставінах Настаўнік другі раз гаворыць з апосталамі аб тым, што чакае яго праз некалькі тыдняў у святым горадзе.
Там адбудуцца драматычныя падзеі Яго мукі, якія скончацца смерцю на крыжы, але адбудзецца таксама слаўная падзея Яго ўваскрасення. Словы Пана ясныя, але евангеліст Марк адзначае, што “яны не разумелі гэтых словаў, а спытацца ў Яго баяліся”.
Наколькі адрозніваецца Божая логіка, якая выкарыстоўвае прыніжэнне і боль як шлях да славы, ад чалавечай логікі, якая адмаўляецца прыняць непажаданае або неадпаведнае густам.
Дзіўна тое, што адбываецца ў такі важны і драматычны момант. “Пра што па дарозе вы разважалі?”— спытаў іх Езус, але яны маўчалі, бо “па дарозе разважалі паміж сабою, хто большы”.
У той час калі Езус рашуча накіроўваецца да крыжа, ніхто з вучняў не спачувае пакутам, якія чакаюць Настаўніка, і не рыхтуюцца падтрымаць Яго, але яны плятуць паміж сабой інтрыгі, эгаістычна шукаючы ўласнай выгады. Мы бачым, мякка кажучы, вельмі дзіўныя паводзіны вучняў. Яны справядліва заслужылі каб Езус разагнаў іх, але гэтага не адбываецца. Нягледзячы на іх відавочныя асабістыя абмежаванні, Езус не пазбавіў іх даверу.
“Аб чым усё гэта нам кажа?” — спытаў Папа Бенедыкт XVI. Гэта кажа нам пра тое, што Божая логіка заўсёды “іншая”, чым наша, як сам Бог адкрыў вуснамі прарока Ісаі: “Мае думкі – не вашы думкі, вашы шляхі – не мае шляхі”(Іс 55,8). Таму, ісці ўслед за Панам заўсёды патрабуе глыбокага навяртання ад чалавека — ад усіх нас -, змены ладу мыслення і жыцця, патрабуе адкрыцця сэрца на слуханне, каб дазволіць сабе прасвятліцца і ўнутрана перамяніцца”. (Анёл Панскі, 23 верасня 2012 г.).
Езус вельмі цярпліва ставіцца да абмежаванняў сваіх вучняў і тлумачыць ім сваю логіку, логіку любові, якая становіцца служэннем аж да поўнай самаадданасці: “Калі хто хоча быць першым, няхай будзе з усіх апошнім і ўсіх слугою”. І каб зрабіць больш зразумелым гэтае навучанне для вучняў, Ён “узяў дзіця, паставіў сярод іх і, абняўшы яго, сказаў ім: Хто прымае аднаго з такіх дзяцей у Маё імя, той Мяне прымае. А хто Мяне прымае, той не Мяне прымае, але таго, хто паслаў Мяне”.
Бог, які сапраўды з’яўляецца вялікім, не баіцца прынізіць сябе і зрабіць сябе апошнім. Езус атаясамлівае сябе з дзіцем. З іншага боку, мы, малыя і абмежаваныя, лічым сябе вялікімі і імкнёмся быць першымі. Ісці за Хрыстом вельмі цяжка, але толькі тыя, хто прыніжае сябе, як Ён, змогуць рабіць вялікія справы.
Разважанне падрыхтаваў кс. кан. Аляксей Ляшко
для друку