Разважанне на XXIX звычайную нядзелю. Год В

Евангелле Мк 10, 35–45

“У той час:

Падышлі да Езуса Якуб і Ян, сыны Зэбэдэя, і сказалі Яму: «Настаўнік, мы хочам, каб Ты зрабіў нам тое, пра што Цябе папросім». Ён жа адказаў ім: «Што хочаце, каб Я зрабіў вам?» Яны сказалі Яму: «Дай нам сесці аднаму праваруч, а другому леваруч Цябе ў славе Тваёй». Але Езус сказаў ім: «Не ведаеце, аб чым просіце. Ці можаце піць келіх, які Я п’ю, і прыняць хрост, якім Я ахрышчаны?» Яны адказалі Яму: «Можам». А Езус сказаў ім: «Келіх, які Я п’ю, піць будзеце, і хростам, якім Я хрышчуся, будзеце ахрышчаны, але даць сесці праваруч ці леваруч Мяне не ад Мяне залежыць, а каму падрыхтавана».

Пачуўшы, дзесяць вучняў пачалі абурацца на Якуба і Яна. А Езус, паклікаўшы іх, сказаў ім: «Вы ведаеце, што тыя, хто лічыцца кіраўнікамі народаў, пануюць над імі, і вяльможы іх валадараць над імі. Але не так няхай будзе сярод вас: хто хоча быць большым сярод вас, няхай будзе вам слугою; і хто хоча сярод вас быць першым, няхай будзе нявольнікам усіх. Бо і Сын Чалавечы не для таго прыйшоў, каб Яму служылі, але каб служыць і аддаць жыццё сваё для адкуплення многіх».”

Сённяшняе Евангелле прадстаўляе нам адзін са шматлікіх дыялогаў паміж Настаўнікам і Яго вучнямі. Адразу пасля таго, як Езус абвясціў, што чакае Яго ў святым горадзе, Якуб і Ян, сыны Зэбэдэя, падышлі да Яго, каб адважна прасіць аб магчымасці атрымаць асаблівы прывілей: “Дай нам сесці аднаму праваруч, а другому леваруч Цябе ў славе Тваёй”. Настаўнік імгненна адказвае ім: “Не ведаеце, аб чым просіце”.

Тое, што Езус мае намер выправіць у просьбе сыноў Зэбэдэя, гэта не столькі іх жаданне мець прэстыжныя месцы ў Яго Валадарстве, колькі тое, што яны жадаюць абмінуць цяжкасці і не ўсведамляць, што павінна адбыцца ў Ерузалеме, месцы, дзе “Сын Чалавечы будзе выдадзены першасвятарам і кніжнікам. Яны асудзяць Яго на смерць і аддадуць язычнікам… А праз тры дні Ён уваскрэсне”. Карацей кажучы, Езус выпраўляе жаданне атрымаць славу Валадарства, не праходзячы праз крыж.

Крыж з’яўляецца важнай часткай гісторыі і паслання, якое Езус хоча перадаць сваім вучням усіх часоў. Гэта, з аднаго боку, азначае, што Пан жадае сустрэцца з тымі, хто “здзекавацца з Яго, аплёўвае Яго, бічуе Яго, і забівае”, але мы таксама ведаем, што Ён робіць гэта, каб навучыць, як нам трэба сябе паводзіць у цяжкія хвіліны і што, нягледзячы ні на што, заўсёды можна “служыць і аддаць жыццё”.

Сапраўдная веліч дасягаецца тады, калі з Божай дапамогай мы жывём любоўю ахвотнаю да служэння. Любоўю, якая ўмее з пакорай вытрываць жыццёвыя абставіны, якімі б цяжкімі яны ні былі. Мы ведаем, што Езус зрабіў гэта, і таксама ведаем, што Ён не пакіне нас адных, калі мы хочам ісці разам з Ім.

Разважанне падрыхтаваў кс. кан. Аляксей Ляшко 

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі