Евангелле Мк 7, 1–8. 14–15. 21–23
“У той час:
Сышліся разам да Езуса фарысеі і некаторыя з кніжнікаў, якія прыйшлі з Ерузалема. І ўбачылі, што некаторыя вучні Ягоныя елі хлеб нячыстымі, гэта значыць, неабмытымі рукамі. Фарысеі ж і ўсе юдэі, трымаючыся традыцыі старэйшых, не ядуць, пакуль старанна не памыюць рук. І вярнуўшыся з рынку, не ядуць, пакуль не абмыюцца. Ёсць і яшчэ шмат таго, чаго прынята трымацца: абмыцця кубкаў, і збаноў, і місаў, і лавак.
Тады пытаюцца ў Яго фарысеі і кніжнікі: Чаму вучні Твае не трымаюцца традыцыі старэйшых, але ядуць хлеб нячыстымі рукамі?
Ён адказаў ім: Добра прарочыў Ісая наконт вас, крывадушных, як напісана: Народ гэты шануе Мяне вуснамі, а сэрцы іх далёка ад Мяне. Але марна пакланяюцца Мне, навучаючы вучэнню чалавечых запаведзяў. Бо вы пакінулі запаведзь Божую, а трымаецеся чалавечай традыцыі.
Потым зноў паклікаў народ і сказаў яму: Слухайце Мяне ўсе і разумейце. Няма нічога, што магло б, уваходзячы звонку ў чалавека, зрабіць яго нячыстым, але тое робіць чалавека нячыстым, што выходзіць з яго.
Бо знутры, з чалавечага сэрца, выходзяць благія думкі, распуста, крадзеж, забойствы, зайздрасць, чужалоства, сквапнасць, зласлівасць, падступнасць, бессаромнасць, блюзнерства, пыха, глупства. Усё гэтае зло знутры выходзіць і робіць чалавека нячыстым”.
Кожны з нас хоча мець чыстае і свабоднае сэрца. Але як гэтага дасягнуць? Ці дастаткова дбаць пра знешні выгляд увядзеннем правілаў (якія, безумоўна, неабходныя) альбо змяненнем звычак, зменай хатняй мэблі? Вопыт падказвае, што гэтага недастаткова. Толькі Дух Божы можа вызваліць яго і ператварыць з каменнага сэрца ў сэрца здольнае любіць!
У сённяшнім Евангеллі Езус закранае тэму традыцый. Яны былі практычнымі правіламі, якія тлумачылі Божы закон і павінны былі служыць таму, каб штодзённа яго выконваць. А кожны хто іх парушаў, станавіўся “нячыстым”. Фарысеі крытыкуюць Езуса і яго вучняў за тое, што яны не мыюць рук перад ежай, парушаючы традыцыю. Адказ Езуса на крытыку вельмі строгі: “Добра прарочыў Ісая наконт вас, крывадушных, як напісана: Народ гэты шануе Мяне вуснамі, а сэрцы іх далёка ад Мяне”.
У грэцкім свеце крывадушнік — гэта актор, той, хто грае ролю, той, хто носіць маску. А чаму некаторыя фарысеі і кніжнікі акторы? Бо вуснамі гавораць адно, а ў сэрцы зусім іншае; яны трымаюцца вонкавага правіла, але іх сэрца не мае ні любові ні міласэрнасці. Звонку яны выглядаюць святымі і пабожнымі, а ўнутры яны злыя.
Паспрабуем з сённяшняга Евангелля ўзяць дзве прапановы, якія робіць нам Езус.
Езус прапануе новую мадэль рэлігійнасці. Той рэлігійнасці, якая не падзяляе (у параўнанні са старай), а яднае, бо адкрывае плённыя адносіны паміж людзьмі. Нам трэба перайсці ад рытуальнай рэлігійнасці, якая складаецца з механічнага выканання традыцыйных абрадаў, ад быцця акторамі, да радаснай рэлігійнасці, у якой важным пунктам з’яўляецца сустрэча з Панам і з братамі ў Хрысце.
Езус прапануе таксама і новую мадэль этыкі. Нячыстае не ўваходзіць у нас звонку, а выходзіць знутры. Настаўнік ставіць чыстае і нячыстае на ўзровень этычных паводзін. Многія “правільна думаючыя” людзі часта не жадаюць “забруджваць” сябе адносінамі з іншымі людзьмі, не лічачы іх “вартымі”. Аднак Езус вучыць, што толькі гасціннае і любячае сэрца ў стане ацаніць, што з’яўляецца добрым і годным, і просіць нас прымаць усіх, не асуджаючы, не баючыся забрудзіць сябе.
Падрыхтаваў кс. кан. Аляксей Ляшко
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!