“У той час:
Многія з вучняў Езуса казалі: Цяжкая гэтая мова. Хто можа яе слухаць?
Але Езус, ведаючы, што вучні Ягоныя наракаюць на гэта, сказаў ім: Ці гэта спакушае вас? А калі ўбачыце Сына Чалавечага, які будзе ўзыходзіць туды, дзе быў раней? Дух ажыўляе, цела ж ні на што не прыдатнае. Словы, якія Я кажу вам, ёсць духам і жыццём. Аднак ёсць між вас тыя, хто не верыць. Бо Езус ад пачатку ведаў, хто не верыць і хто Яго выдасць. І сказаў: Для таго Я сказаў вам, што ніхто не можа прыйсці да Мяне, калі гэта не будзе дадзена яму Айцом.
З гэтага часу многія вучні Ягоныя адышлі ад Яго і ўжо не хадзілі з Ім. Тады Езус сказаў Дванаццаці: Ці вы таксама хочаце адысці?
Адказаў Яму Сымон Пётр: Пане, да каго мы пойдзем? Ты маеш словы жыцця вечнага. А мы паверылі і спазналі, што Ты ёсць Святы Бога”.
Чытаючы сённяшняе Евангелле мы становімся сведкамі негатыўнай рэакцыі вучняў Езуса на словы ў якіх Ён кажа, што з’яўляецца сапраўдным Хлебам жыцця. Юдэі і вучні дэманструюць сваё нявер’е. Гэтыя людзі не дазваляюць Святому Духу дзейнічаць у іх жыцці, не дазваляюць Яму адрадзіць іх да жыцця ў Хрысце. Словы Настаўніка здаюцца ім жорсткімі, а гэта значыць абсурднымі і непрымальнымі: “Цяжкая гэтая мова. Хто можа яе слухаць?”.
Такімі паводзінамі яны замыкаюцца ў сабе і становяцца рабамі чалавечай прыроды і інстынктаў, якія не могуць прыняць узвышаную таямніцу аб’яўлення Божага Сына. І, як вынік, многія з вучняў адмовіліся ад паклікання, ад закліку быць разам з Настаўнікам і ісці за Ім.
Хрыстос з жалем успрымае гэта. Бо негатыўная рэакцыя і крытыка з боку вучняў, становяцца нараканнем. І таму, Езус тлумачыць ім і нам, што сапраўднае хрысціянскае жыццё магчыма толькі тады, калі чалавек давярае Богу: “ніхто не можа прыйсці да Мяне, калі гэта не будзе дадзена яму Айцом”.
Хрысціянскае пасланне, сустрэча з Езусам Хрыстом — гэта тое, што разбівае нашы планы і спакойную арганізацыю нашага штодзённага жыцця. Збаўленне магчыма толькі тады, калі мы дазволім сабе быць збаўленымі, калі адкрыемся на дзеянне Святога Духа і калі згадзімся стаць часткай містычнага Цела Хрыста, якім з’яўляецца Касцёл.
Усё гэта становіцца канкрэтным у святой Імшы. Другі Ватыканскі Сабор у Дагматычнай Канстытуцыі пра Касцёл “Lumen Gentium” кажа, што Эўхарыстыя з’яўляецца “крыніцай і вяршыняй усяго хрысціянскага жыцця”.
Найбольшае, што мы можам рабіць кожны дзень нашага жыцця, гэта ўдзельнічаць у Найсвяцейшай Ахвяры. Аднойчы Папа Францішак нагадаў, што прыняцце Хрыста ў Эўхарыстыі “і знаходжанне ў Ім праз эўхарыстычную Камунію, калі мы робім гэта з верай, перамяняе наша жыццё, ператварае яго ў дар Богу і нашым братам. (…) Неба пачынаецца менавіта ў гэтай еднасці з Езусам”.
Напрыканцы евангельскага ўрыўку Езус звяртаецца да Дванаццаці вучняў, пытаючыся ў іх: “Ці вы таксама хочаце адысці?”. Вельмі важным з’яўляецца той факт, што ведаючы, хто давярае Яму, а хто не, Езус усё роўна пытаецца ў апосталаў пра іх намеры. Даючы вучням права свабоднага выбару.
Паўторым жа разам з Пятром: “Пане, да каго мы пойдзем? Ты маеш словы жыцця вечнага”. Толькі ў Табе мы знаходзім крыніцу нашай радасці і прычыну нашага існавання.
Разважанне падрыхтаваў кс. кан. Аляксей Ляшко
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!
