Разважанне на XVIII звычайную нядзелю. Год В

Евангелле Ян 6, 24–35

“У той час:

Калі людзі ўбачылі, што тут няма ні Езуса, ні Ягоных вучняў, селі ў чаўны і прыплылі ў Кафарнаум, шукаючы Езуса. Калі ж знайшлі Яго на другім беразе мора, сказалі Яму: Раббі, калі Ты прыбыў сюды?

Езус адказаў ім: Сапраўды, сапраўды кажу вам: шукаеце Мяне не таму, што бачылі цуды, а таму, што з’елі хлеб і насыціліся. Клапаціцеся не пра ежу, якая гіне, але пра ежу, што застаецца на жыццё вечнае, якую дасць вам Сын Чалавечы, бо Яго пазначыў Бог Айцец.

А яны сказалі Яму: Што нам рабіць, каб выконваць справы Божыя?

Езус адказаў ім: У тым справа Божая, каб вы верылі ў таго, каго Ён паслаў.

Народ сказаў Езусу: Які ж Ты зробіш цуд, каб мы ўбачылі і паверылі Табе? Што ўчыніш? Айцы нашыя елі манну ў пустыні, як напісана: Хлеб з неба даў ім есці.

Езус адказаў ім: Сапраўды, сапраўды кажу вам: не Майсей даў вам хлеб з неба, але Айцец Мой дае вам сапраўдны хлеб з неба. Бо хлеб Божы ёсць той, які сыходзіць з неба і дае жыццё свету.

Тады сказалі Яму: Пане, давай нам заўсёды такі хлеб.

Езус адказаў ім: Я ёсць хлеб жыцця; хто да Мяне прыходзіць, не будзе галодны, і хто верыць у Мяне, ніколі не будзе прагнуць”.

Евангельскі ўрывак гэтай нядзелі змяшчае ў сабе фрагмент так званай прамовы аб Хлебе жыцця, сказанай Езусам у сінагозе ў Кафарнаўме. Цуд памнажэння хлябоў і рыб, які толькі што адбыўся, служыць Настаўніку магчымасцю аб’явіць вельмі глыбокія праўды пра таямніцу Эўхарыстыі і аб неабходнасці веры.

Але нашую ўвагу прыцягвае не цікавасць да прамовы, а адсутнасць даверу і здольнасці слухачоў Езуса зразумець тлумачэнне аб Эўхарыстыі. Ад Езуса яны чакаюць толькі аднаго – матэрыяльных цудаў. Ім здаецца, што ўлада, якую мае Настаўнік з Галілеі, будзе зручным і лёгкім рашэннем матэрыяльных і штодзённых праблем, а вера ў Езуса адыходзіць на другі план. Езус жадаў і жадае ад людзей даверу да Яго, а яны, і мы, разам з імі, прасілі і просім яшчэ больш: “Які ж Ты зробіш цуд, каб мы ўбачылі і паверылі Табе? Што ўчыніш?”.

Нягледзячы на гэта, Езус заахвочвае сваіх слухачоў шукаць і імкнуцца да надпрыродных рэчаў, клапаціцца не пра ежу “якая гіне, але пра ежу, што застаецца на жыццё вечнае, якую дасць вам Сын Чалавечы, бо Яго пазначыў Бог Айцец”.

Мы таксама, амаль не ўсведамляючы гэтага, можам пакутаваць беручы прыклад ад людзей, якія не разумелі слоў Езуса. І гэта адбываецца вельмі часта: калі ў нашых малітвах да Бога мы засяроджваемся на просьбе аб матэрыяльных дабротах, такіх як фізічнае здароўе, праца, розныя вынікі, здача экзаменаў і г.д., і, магчыма, мы забываемся аддаць перавагу духоўным дабротам: навяртанню, стану ласкі, вяртанню да сапраўднага і глыбокага сакрамэнтальнага жыцця, да шчодрасці, да сапраўднага сяброўства з Богам і з іншымі людзьмі.

Гэтая духоўная іерархія ў нашых малітвах да Бога, якая азначае аддаваць перавагу духоўным дабротам, не забываючыся прасіць і аб іншых, перамяняе наш спосаб мыслення і дзеяння: “Клапаціцеся не пра ежу, што застаецца на жыццё вечнае”, — кажа нам Езус. Калі мы будзем дзейнічаць такім чынам, то тады мы будзем узрастаць у веры.

Езус кажа сваім слухачам: “У тым справа Божая, каб вы верылі ў таго, каго Ён паслаў”. Бог хоча тварыць цуды ў нас і дзеля нас. Але для гэтага патрэбна наша вера, наш давер, які матэрыялізуецца, між іншым, у тым, каб надаваць большае значэнне духоўным, чым матэрыяльным рэчам, здароўю і дабрабыту нашай душы, а не цела.

Разважанне падрыхтаваў кс. кан. Аляксей Ляшко

для друку для друку