У той час:
Нехта з натоўпу сказаў Езусу: Настаўнік, скажы брату майму, каб ён падзяліўся са мною спадчынай. Але Езус адказаў яму: Чалавеча, хто паставіў Мяне судзіць або раздзяляць вас? Пры гэтым сказаў ім: Глядзіце, сцеражыцеся ўсялякай прагнасці, бо нават калі хтосьці мае дастатак, жыццё яго не залежыць ад ягонай маёмасці.
І расказаў ім прыпавесць: у аднаго багатага чалавека добра ўрадзіла поле. І ён разважаў сам-насам: Што мне рабіць? Няма куды мне сабраць ураджай мой. І сказаў: Вось што зраблю: паламаю засекі мае і збудую большыя, і збяру туды ўсё збожжа маё і ўсё дабро маё. І скажу душы маёй: Душа, шмат дабра ў цябе ляжыць на многія гады. Адпачывай, еш, пі і весяліся. Але Бог сказаў яму: Неразумны, гэтай жа ноччу забяруць душу тваю у цябе. Каму ж дастанецца тое, што ты нарыхтаваў? Так бывае з тым, хто збірае скарбы сабе, а не перад Богам багацее.
У Евангеллі мы заўважаем, што Езус не спяшаецца ўмешвацца ў зямныя справы. Канешне, Ён бы добра разабраўся ў канфлікце паміж братамі, аднак задае пытанне: Чалавеча, хто паставіў Мяне судзіць або раздзяляць вас? Тут заўважаем мудрасць і сціпласць нашага Бога. Ён, стварыўшы свет, дае магчымасць гэтаму свету свабодна развівацца па сваіх законах. Гэты ж прынцып дзейнічае, калі мы глядзім на грамадства і чалавека ў ім. Бог не хоча ствараць дыктату сваёй волі. Ён дае чалавеку розум і волю, каб ён сам мог выбіраць дабро, будучы свабодным у выбары. Бог называе нас сваімі дзецьмі і чакае ад нас дзіцячага даверу, аднак у пытаннях маральнасці хоча каб мы былі дарослымі, адказнымі і мудрымі. А мудрасць заключаецца ў тым, каб багацець перад Богам. Біскуп Роберт Бэрон сказаў, што жыццё чалавека падобнае да феерверку. Яно можа зазіхацець прыгожай асляпляльнай кветкай, а потым хутка знікнуць. Варта памятаць аб тым, што лічыцца нашая інвестыцыя ў неба. Нам там трэба збіраць свой скарб. Якім жа чынам? Св. Кірыл Александрыйскі падказвае: багаты той, хто адкрывае сваю далонь на дапамогу бедным, хто імкнецца сабраць скарб у небе, а не на зямлі.
Разважанне падрыхтаваў кс. канонік Віктар Місевіч
для друку