Разважанне на XVI Звычайную Нядзелю. Год С. 17 ліпеня

Евангелле Лк 10, 38–42

У той час:

Прыйшоў Езус у адну вёску. І жанчына, якую звалі Марта, прыняла Яго. У яе была сястра па імені Марыя, якая села каля ног Езуса і слухала Ягоныя словы. Марта ж была занятая многімі паслугамі. Яна, падышоўшы, сказала: Пане, ці Табе ўсё адно, што сястра мая пакінула мяне адну прыслугоўваць? Таму скажы ёй, каб дапамагла мне. Пан жа сказаў ёй у адказ: Марта, Марта, ты турбуешся і клапоцішся пра многае, а патрэбна толькі адно. Марыя ж выбрала найлепшую частку, якая не адымецца ў яе.

Гэта слова Пана.

Часам каментатары Св. Пісання, разважаючы над гэтым урыўкам Евангелля, трактуюць яго, як прыклад двух стыляў жыцця: актыўнага і кантэмпляцыйнага. Існуе меркаванне, што менавіта ў гэтым урыўку Езус аддае перавагу манаскаму жыццю перад актыўным свецкім жыццём. На маю думку, гэта вельмі спрошчаны падыход. Сённяшні ўрывак з Евангелля ўказвае перш за ўсё духоўную праблему многіх хрысціянаў: на недахопе засяроджанасці на галоўным. Езус кажа: Марта, Марта, ты турбуешся і клапоцішся пра многае, а патрэбна толькі адно. Праблема Марты не ў тым, што яна актыўна займаецца гаспадаркай, а ў тым, што яна клапоціцца пра многае. І гэтае многае не дае ёй магчымасці спыніцца на самым важным: на слуханні Езуса. І як вынік, што мы бачым? Чалавек хоча пакамандаваць Богам. Скажы ёй, каб дапамагла мне. Падобна і ў нашым жыцці нам неабходна імкнуцца, каб не згубіць самае галоўнае: здольнасць слухаць і чуць Езуса. Навакольны свет прасякнуты многімі справамі і заняткамі. Заўсёды будзе існаваць спакуса расцерушыцца ў віры штодзённых падзей. Аднак, калі будзем слухаць Божага Сына, то ніякая безліч заняткаў не пазбавіць нас найлепшай часткі. Ці сённяшняе Евангелле азначае, што найлепш чалавеку схавацца ў манастыры і медытаваць над Св. Пісаннем? Абсалютна не! Ёсць, канешне, у некаторых людзей асаблівае пакліканне да манаскага жыцця. Аднак большасць з нас Бог кліча быць святлом і соллю свету – звычайнымі хрысціянамі, якія жывуць Божым словам і сваёй святасцю змяняюць свет на лепшае.

Разважанне падрыхтаваў кс. канонік Віктар Місевіч

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі