Разважанне на XIV звычайную нядзелю. Год В

Евангелле Мк 6, 1–6

“У той час:

Езус прыйшоў на сваю бацькаўшчыну. А за Ім ішлі Ягоныя вучні. Калі настала субота, Ён пачаў вучыць у сінагозе.

Многія, хто слухаў, здзіўляліся і казалі: Адкуль у Яго гэта, і што гэта за мудрасць, якая дадзена Яму, і як такія цуды чыняцца Ягонымі рукамі? Ці ж гэта не цясляр, сын Марыі, брат Якуба, Юзафа, Юды і Сымона? Ці ж не тут сярод нас Ягоныя сёстры? І сумняваліся ў Ім.

А Езус казаў ім: Няма прарока без пашаны, хіба што на бацькаўшчыне сваёй, у родных і ў доме сваім.

Таму не мог там учыніць ніякага цуду, толькі на некалькі хворых усклаў рукі і аздаравіў іх. І дзівіўся іхняму бязвер’ю. І хадзіў па навакольных вёсках, і вучыў”.

Сённяшні евангельскі ўрывак вяртае нас у Назарэт, на “бацькаўшчыну” Езуса.

Слава пра Езуса пашырылася далёка за межы Галілеі і дайшла нават да Ерузалема. І таму, шматлікія людзі прыходзілі ў сінагогу, каб паслухаць словы свайго суайчынніка. Усе прысутныя, нягледзячы на ​​тое, што добра ведалі Езуса, заставаліся ўражанымі  ад слоў, якія гучалі з Яго вуснаў. І таму яны задаюцца пытаннем, якое, па логіцы, павінна дапамагчы ім паверыць у Езуса: “Адкуль у Яго гэта?”. Але гэтага не адбываецца.

Калі б суайчыннікі Езуса прыпомнілі словы, скіраваныя да Майсея: “Прарока як мяне ўзніме табе з братоў тваіх Пан, Бог твой; Яго слухайце» (Др 18, 15), яны б не толькі прынялі вучэнне, але і самога Езуса, як пасланага Богам. На жаль, жыхары Назарэта бачаць у Езусе толькі звычайнага чалавека. Не такім яны ўяўляюць сабе божага пасланніка. На іх думку божы пасланнік павінен мець надзвычайную чалавечую сілу.

Езус жа, прадстаўляецца ім звычайным чалавекам. І сапраўды, сям’я Езуса звычайная, не багатая і не бедная. Можа нават здавацца, што Езус не мае асаблівай пашаны з боку жыхароў Назарэта: “Ці ж гэта не цясляр, сын Марыі, брат Якуба, Юзафа, Юды і Сымона? Ці ж не тут сярод нас Ягоныя сёстры?”.

З аднаго боку яны прызнаюць, што Езус мае нейкую незвычайную мудрасць, а з іншага, не могуць прыняць, што ён аўтарытэтна гаворыць пра іх жыццё і паводзіны. Таму здзіўленне тут жа перарастае ў сумніў. “І сумняваліся ў Ім”, — дадае евангеліст.

Для жыхароў Назарэта засталося незразумелым як звычайны чалавек, якога ўсе вельмі добра ведаюць, можа мець над імі ўладу, як Ён можа ў імя Бога казаць ім пра змяненне стылю жыцця? Яны не маглі прыняць гэта ад аднаго з іх.

Але Бог дзейнічае праз звычайных, а часам і слабых людзей. Бог не выкарыстоўвае асілкаў ці “супермэнаў”. Бог паказвае сябе не толькі цудамі, але, перш за ўсё, простымі евангельскімі словамі і канкрэтнымі жэстамі міласэрнасці. Абвешчанае Евангелле і жывая любоў з’яўляюцца звычайнымі знакамі надзвычайнай прысутнасці Бога.

Езус, знаходзячыся на сваёй бацькаўшчыне, адчувае бязвер’е суайчыннікаў. І з горыччу кажа: “Няма прарока без пашаны, хіба што на бацькаўшчыне сваёй, у родных і ў доме сваім.”

Тыя, хто паводзіць сябе як жыхары Назарэта, гэта значыць тыя, хто не прымае ўладу Езуса над сваім жыццём, фактычна перашкаджаюць дзейнічаць Пану. У сённяшнім урыўку мы чытаем, што Езус у Назарэце “не мог учыніць ніякага цуду”. Не тое, што не хацеў, але “не мог” і “дзівіўся іхняму бязвер’ю”.

Суайчыннікі Езуса жадалі ад Яго цудаў, але не разумелі, што з’яўляецца цудам. Цуд — гэта адказ Бога таму, хто працягвае руку і просіць аб дапамозе. Ніхто з іх не працягнуў руку, ніхто не прасіў, усе толькі вымагалі. А вымаганне, гэта не шлях сустрэчы з Панам. Стаць перад Богам з пазіцыі патрабавання, а не просьбы аб дапамозе азначае выключыць сябе з Яго спагады і міласэрнасці. Бог не слухае ганарлівых, але звяртае свой позірк на пакорных і бедных, на хворых і патрабуючых.

Разважанне падрыхтаваў кс. Аляксей Ляшко

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі