Разважанне на XIII звычайную нядзелю. Год В

Евангелле Мк 5, 21–24. 35b–43

“У той час:
Калі Езус ізноў пераправіўся ў чаўне на другі бераг, сабралася да Яго мноства народу. А быў Ён каля мора. І вось прыходзіць адзін з кіраўнікоў сінагогі па імені Яір і, убачыўшы Яго, падае да Ягоных ног і моцна просіць Яго, кажучы: Дачушка мая памірае, прыйдзі, ускладзі на яе рукі, каб яна выздаравела і жыла. І пайшоў з ім Езус. А вялікі натоўп ішоў за Ім, і ціснуліся да Яго.

І прыходзяць ад кіраўніка сінагогі і кажуць: Дачка твая памерла, чаго ты яшчэ турбуеш Настаўніка? Але Езус, пачуўшы сказаныя словы, кажа кіраўніку сінагогі: Не бойся, толькі вер! І не дазволіў нікому ісці за сабою, апрача Пятра, Якуба і Яна, брата Якуба. І прыходзіць у дом кіраўніка сінагогі.

І бачыць Ён мітусню, плач і вялікае галашэнне. І, увайшоўшы, кажа ім: Чаго мітусіцеся і плачаце, дзіцё не памерла, але спіць. І смяяліся з Яго. Але Ён, выгнаўшы ўсіх, бярэ з сабою бацьку і маці дзіцяці і тых, хто быў з імі, і ўваходзіць туды, дзе было дзіцё. І, узяўшы дзіцё за руку, кажа ёй: Таліта, кум! — што значыць: дзяўчынка, табе кажу, устань! І адразу ж устала дзяўчынка і пачала хадзіць. А было ёй дванаццаць гадоў. І замерлі ў вялікім здзіўленні. А Ён сурова загадаў ім, каб ніхто пра гэта не ведаў, і сказаў, каб далі ёй есці”.

Цуд сённяшняга Евангелля, апісаны апосталам Маркам, вельмі ўражвае і паказвае, што Езус быў і ёсць дасягальны кожнаму чалавеку, які жадае да яго прыйсці, 24 гадзіны ў суткі. У Яго ніколі не заставалася хвіліны на самога сябе, бо Ён меў вялікае жаданне і місію абвяшчаць Божае Валадарства. Чытаючы Евангелле і адчуваючы прысутнасць Хрыста ў нашым жыцці, кожны з нас, напэўна, меў магчымасць пераканацца, што Езус нікога і ніколі не пакідае самотным, Ён клапоціцца пра ўсіх і заўсёды.

Другое ўражанне ад сённяшняга евангельскага ўрыўку — сімвал непрадказальнасці чалавечага існавання. Як для Езуса, так і для нас, жыццё складаецца з многіх падзей, і сустрэч. У зямным жыцці Езус сустракаўся са сваімі вучнямі, з тымі, хто Яго пераследаваў, але перш за ўсё з тымі, хто меў у Ім патрэбу.

Ва ўрыўку пра ўваскрашэнне дачкі Яіра мы бачым, як добра апісана барацьба, у якой сутыкаюцца жыццё і смерць. І ў гэтай бітве, здаецца, што смерць перамагае, ёй удаецца затрымаць Езуса, які прыходзіць да дзяўчынкі, калі яна ўжо памерла. Але гэта паказвае нам, што нават калі на першы погляд смерць канчаткова перамагае, на самой справе гэта не так. Там, дзе смерць спыняе жыццё, моц Езуса, здольная яго вярнуць. І сёння Езус не апавядае аб уваскрашэнні ці аздараўленні ў прыпавесцях. Ён робіць канкрэтны жэст, вяртаючы паўнату жыцця памерлай дзяўчынке.

Такім чынам Езус выконвае адно з заданняў, якое даручыць сваім вучням, пасылаючы іх на місію: “аздараўляйце хворых”. Як заўсёды, Езус асабіста выконвае тое, аб чым просіць іншых, тым самым надаючы вялікі аўтарытэт місіі, якую Ён дае апосталам. Справа аздараўлення, распачатая Езусам, з’яўляецца Добрай Навінай, Евангеллем, таму што яна з’яўляецца носьбітам жыцця.

“Цудоўнае аздараўленне дачкі Яіра вучыць нас таму, што Пан прымае ўсіх: ніхто не павінен адчуваць сябе цяжарам, пакрыўджаным, альбо бяспраўным. Каб мець доступ да Яго сэрца, да сэрца Езуса, ёсць толькі адно патрабаванне: адчуць патрэбу ў аздараўленні і даверыцца Яму. Я пытаюся ў вас: ці кожны з вас адчувае патрэбу ў аздараўленні? Ад нейкага граху, ад нейкай праблемы, альбо ад чагосці іншага? І, калі адчуваеце, ці ёсць у вас вера ў Езуса? Гэта два патрабаванні, каб атрымаць аздараўленне, каб мець доступ да Яго сэрца: адчуваць патрэбу ў аздараўленні і даверыцца Яму”. (Папа Францішак, Анёл Панскі 1.07. 2018 г.).

Разважанне падрыхтаваў кс. Аляксей Ляшко

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі