“У той час:
Езус сказаў народу: Валадарства Божае, нібы чалавек, што кідае зерне ў зямлю. І спіць, і ўстае ноччу і днём, а як зерне ўзыходзіць і расце, ён не ведае. Бо зямля прыносіць плён сама па сабе: спачатку зеляніну, потым колас, потым поўнае зерне ў коласе. Калі ж саспее плод, адразу пасылае серп, таму што настала жніво.
І казаў: З чым параўнаем Валадарства Божае? Ці ў якой прыпавесці выявім яго? Яно — як гарчычнае зерне: калі яго сеюць ў зямлю, яно найменшае з усяго насення на зямлі. Калі ж пасеяна, узыходзіць і становіцца большым за ўсялякую зеляніну, і пускае вялікае галлё, так што пад ценем ягоным могуць хавацца птушкі нябесныя.
У многіх такіх прыпавесцях прапаведаваў ім слова, колькі яны маглі слухаць. І без прыпавесці не казаў ім, а сваім вучням сам-насам тлумачыў усё”.
Евангельскі ўрывак, які мы чытаем у гэту нядзелю, складаецца з дзвюх прыпавесцяў пра “зерне”, якое ўзыходзіць і расце само па сабе. Аднак галоўнай тэмай з’яўляецца Валадарства Божае. Менавіта яго Езус робіць цэнтральным аб’ектам свайго прапаведавання. Ён адкрывае таямніцу Валадарства і паказвае яго прыроду, характарыстыкі і патрэбы. Валадарства Божае з’яўляецца звышнатуральнай рэальнасцю.
Яго прыйсце, абвешчанае Езусам, пацвярджаецца цудамі, якія Ён здзяйсняе: “А калі Я выганяю злых духаў Божым Духам, то настала для вас Божае Валадарства” (Мц 12, 28). Валадарства Божае прыносіць чалавеку дар збаўлення, гэта значыць вызваленне ад граху, ад панавання сатаны і ўдзел у жыцці Бога.
Валадарства Божае, як нагадвае Папа Францішак, “расце з кожным днём, дзякуючы тым, хто без шуму сведчыць пра гэта, молячыся і выконваючы з верай свае абавязкі ў сям’і, на працы, у супольнасці, да якой належаць”. Валадарства Божае — гэта не сацыяльнае і палітычнае валадарства, але валадарства любові, якое бярэ свой пачатак на зямлі з моманту з’яўлення Езуса і якое пашыраецца кожны раз, калі мы ставім Езуса ў цэнтр нашага існавання; кожны раз, калі здзяйсняем справы міласэрнасці, кожны раз, калі прабачаем, кожны раз, калі аддаём сябе на службу тым, хто мае патрэбу.
Зерне ўкінутае ў зямлю расце ціха, самотна, але патрабуе добрай глебы. І ёсць Нехта нябачны, які клапоціцца пра яго (нас): мы знаходзімся ў мудрых руках Бога, які перавышае нас і які “працуе” на карысць нашага жыцця, нават тады, калі мы не можам ці не хочам гэта ўсвядоміць.
Маленькае гарчычнае зерне становіцца вялікім дрэвам. Добрае зерне Валадарства, пасеянае Езусам, маленькае, яно здаецца нябачным у зямлі, пазней, пасля смерці Езуса, яго прымаюць вучні. У той момант, здавалася, што яно, у свеце насычаным моцным гвалтам і прыгнётам, не прынясе плён. Але яно стала вялікім дрэвам, крыніцай жыцця для ўсіх вернікаў.
Святы Хасэмарыя Эскрыва казаў: “ёсць нешта святое, боскае, схаванае ў самых звычайных сітуацыях, тое, што кожны з вас можа адкрыць. (…) Запэўніваю вас, дзеці мае, што калі хрысціянін з любоўю выконвае свае звычайныя штодзённыя справы, у гэтым праяўляецца Бог”.
Свет ратуюць не тыя, хто робіць усё правільна, арганізавана, спланавана, але людзі, як святыя, якія ўмеюць крочыць з Богам, дазваляючы яму ўвайсці ў дробязі жыцця, давяраючы, што праз гэта Ён будзе рабіць вялікія рэчы.
Разважанне падрыхтаваў кс. Аляксей Ляшко
для друку