Езус з вучнямі прыйшоў у дом. І зноў сабраўся натоўп, так што яны не маглі нават хлеба паесці. Пачуўшы гэта, Яго родныя пайшлі забраць Яго, бо казалі, што Ён страціў розум. А кніжнікі, якія прыйшлі з Ерузалема, казалі, што Ён мае ў сабе Бэльзэбуба і выганяе дэманаў праз князя дэманаў.
А Езус, паклікаўшы іх, казаў ім у прыпавесцях: Як можа сатана выганяць сатану?
Калі валадарства раздзеліцца само ў сабе, не можа выстаяць такое валадарства. І калі дом раздзеліцца сам у сабе, не можа выстаяць такі дом. І калі сатана паўстаў супраць самога сябе і раздзяліўся, не можа выстаяць, але канец яму. Ніхто не можа ўвайсці ў дом асілка і выкрасці ягоныя рэчы, калі спачатку не звяжа асілка, і толькі тады абрабуе дом ягоны.
Сапраўды, кажу вам: дараваныя будуць сынам чалавечым усе грахі і блюзнерствы, якімі б ні блюзнерылі. Але хто будзе блюзнерыць супраць Духа Святога, не атрымае даравання ніколі, але падлягае вечнаму асуджэнню.
Так сказаў, бо гаварылі пра Яго: Ён мае нячыстага духа.
І прыйшлі Маці Яго і браты Ягоныя і, стоячы звонку, паслалі паклікаць Яго. Сядзеў каля Яго натоўп і казаў Яму: Вось Маці Твая і браты Твае, і сёстры Твае на вуліцы шукаюць Цябе.
І сказаў ім у адказ: Хто маці Мая і браты Мае? І паглядзеўшы на тых, хто сядзеў вакол Яго, сказаў: Вось маці Мая і браты Мае. Бо хто будзе выконваць волю Божую, той Мне брат і сястра, і маці”.
Евангеліст Марк нам паказвае, што ў народзе ўзрастала слава Езуса: “прыходзілі да Яго адусюль” (1, 45); “прыйшло да Яго вялікае мноства людзей, якія пачулі, што Ён рабіў” (3, 8). Гэтая слава была настолькі вялікай, што Яму было цяжка ўтрымліваць усіх гэтых людзей: “многіх Ён аздаравіў, таму тыя, хто меў якую-небудзь хваробу, ціснуліся, каб дакрануцца да Яго” (3, 10); “і зноў сабраўся натоўп” (3, 20). З іншага боку, мы бачым, што Пан нікога не адкідваў, Ён прымаў усіх, адкуль бы яны ні былі: з Галілеі, з Юдэі, з Ерузалема, з Ідумеі; з-за Ярдана і з ваколіц Тыра і Сідона (3, 7-8).
Гэта ўсё нам паказвае, што каля Яго было шмат людзей, вялікі “натоўп, які сядзеў каля Яго”(3, 31). Людзей было так шмат, што да Езуса было нялёгка дабрацца. Гэтае апісанне для нас робіць больш зразумелым тое, што нават Яго маці і браты павінны былі паслаць нейкае паведамленне аб тым, што шукаюць Яго.
Езус карыстаецца гэтым паведамленнем, каб паказаць тым, “хто сядзеў вакол Яго”, што яны з’яўляюцца тымі, хто ўтварае новую сям’ю дзяцей Божых, якой будзе Касцёл: “Вось маці Мая і браты Мае. Бо хто будзе выконваць волю Божую, той Мне брат і сястра, і маці”. У гэтым адказе Пан Езус апісвае тоеснасць тых, хто ідзе за Ім, хрысціян, дзяцей, якія жадаюць атаясамлівацца з воляй Айца. Паслухмянасць Божай воле становіцца адметнай рысай кожнага вучня Езуса Хрыста, кожнага дзіцяці Яго Касцёла, якія маюць глыбокае і ўнутранае жаданне рабіць толькі тое, чаго хоча Бог.
Вось чаму, калі Езус апісвае тых, хто для Яго з’яўляецца блізкім, Ён не знаходзіць людзей, якія прысутнічалі там з прымусу ці таму, што адчуваюць абавязак. Пан прымае ўсіх, хто хоча Яго слухаць, усіх, хто хоча дакрануцца да Яго. Наследаванне Пана, паслухмянасць Богу Айцу, удзел у Яго новай сям’і з’яўляюцца перш за ўсё свабоднымі і асабістымі, бо Бог надзяліў нас свабоднай воляй і правам выбару. І менавіта ў гэтым Маці Езуса з’яўляецца для нас прыкладам: яна першая сказала “так”, вырашыла зрабіць сваё жыццё пастаянным адказам “так” на волю Бога.
Разважанне падрыхтаваў кс. Аляксей Ляшко
для друку