Разважанне на суботу пасля Папяльца

Евангелле Лк 5, 27–32

У той час:

Езус убачыў мытніка па імені Левій, які сядзеў на мытні, і сказаў яму: Ідзі за Мною. Той пакінуў усё, устаў і пайшоў за Ім.

І наладзіў Левій для Яго вялікую гасціну у доме сваім. А было там шмат мытнікаў і іншых, якія сядзелі з імі. Фарысеі ж і кніжнікі наракалі і казалі вучням Ягоным: Чаму вы ясце і п’яце з мытнікамі і грэшнікамі?

А Езус сказаў ім у адказ: Не здаровыя маюць патрэбу ў лекары, але хворыя. Я не прыйшоў заклікаць да пакаяння справядлівых, але грэшнікаў.

Сённяшняе Евангелле паводле Лукі (Лк 5, 27–32) апавядае пра незвычайны выпадак, які паказвае нам, што сапраўдная Божая любоў і міласэрнасць не ведаюць меж і бар’ераў. Езус убачыў мытніка па імені Левій, які сядзеў на мытні, і сказаў яму: «Ідзі за Мною». Той пакінуў усё, устаў і пайшоў за Ім. Гэта гісторыя наглядна дэманструе, што Езус заклікае і кожнага з нас пайсці за Ім.

Левій, як і іншыя мытнікі, не быў шанаваным чалавекам у вачах свайго народа. Мытнікі былі ненавісныя ў Палестыне, бо яны працавалі на рымскую ўладу і збіралі падаткі для рымлян. Іх лічылі здраднікамі і ворагамі народу. Рымляне звычайна ўстанаўлівалі пэўную суму падатку для кожнага рэгіёну, а потым давалі права збіраць яго таму, хто прапануе найвышэйшую цану. Калі ўстаноўлены чалавек для збору падаткаў у канцы кожнага года ўносіў устаноўленую суму ў рымскую казну, то ён меў права пакідаць сабе ўсё, што мог сабраць абманным спосабам звыш гэтай сумы, бо ў рэчаіснасці просты люд не меў ні найменшага ўяўлення пра тое, што трэба было плаціць.

Гэтая сістэма прывяла да злоўжыванняў, і хоць падаткі ўсё ж трэба было плаціць, мытнікі мелі шмат магчымасцей для падобных злоўжыванняў. Існавалі два віды падаткаў: дзяржаўныя падаткі і розныя пошліны. Дзяржаўныя падаткі ўключалі падушны падатак, пазямельны падатак і падаходны падатак. Спагнанне гэтых падаткаў не давала вялікіх магчымасцей для асабістага ўзбагачэння. Розныя пошліны збіраліся за карыстанне галоўнымі дарогамі, гаванямі, рынкамі, а таксама за продаж пэўных тавараў, імпарт і экспарт. Мытнік мог спыніць любога на дарозе, прымусіць распакаваць груз і патрабаваць аплаты. Калі чалавеку не было чым плаціць, мытнік часта прапаноўваў яму грошы пад грабежніцкія працэнты і зацягваў яго яшчэ больш у свае сеткі.

Людзі ставілі мытнікаў нароўні з рабаўнікамі і забойцамі. І тым не менш, Езус выбраў Левія, зборшчыка падаткаў, каб зрабіць яго сваім вучнем. Мытнік Левій — чалавек, якім у габрэйскай супольнасці пагарджаюць з-за ягонага занятку — становіцца вучнем Хрыста і Яго паслядоўнікам.

Пакінуўшы ўсё, устаўшы і пайшоўшы за Езусам, Левій, якому надарылася сустрэць Хрыста і пачуць ад Яго словы закліку, перажывае ўнутранае пераўтварэнне. Знікае заслона зямных каштоўнасцяў, якая абмяжоўвала ягоны свет. Расчыняюцца неабсяжныя далягляды Божай праўды аб самім сабе, аб бліжнім, аб свеце ў перспектыве збаўлення. Імгненная перамена ў выніку сустрэчы з Хрыстом стае імгненным адказам на заклік “ідзі за Мною”.

Гэты заклік не губляе актуальнасці сёння. У часе Вялікага посту гэты заклік напаўняецца асаблівым сэнсам хрысціянскага быцця адносна кожнага з нас.

“Ідзі за Мною” — гэта заклік да ўнутранага навяртання і спараджэння плёнаў хрысціянскага жыцця, што закрасуюць Божай хвалою ў нас асабіста, ва ўсіх нашых штодзённых справах, ва ўсіх людзях, якіх мы сустрэнем на сваім шляху і падзелімся з імі багаццем гасціны нашага досведу сустрэчы з Езусам.

“Ідзі за Мною” — гэта заклік да перамены сябе ўнутрана і звонку. Гэта значыць, што кожны наш учынак павінен выглядаць для нашых бліжніх адбіткам Хрыстовага следу, ставацца пераканаўчым заклікам справядлівасці і жыцця ў святле Божай навукі.

“Ідзі за Мною” — гэта заклік да святога перажывання Вялікага посту як да магчымасці скласці ў ахвяру Богу сваё жыццё бяз рэшты, са сваімі перамогамі і няўдачамі, з радасцю і сумотай, з сілай і слабасцю, з перакананасцю і сумневамі, з кожным днём і з кожнай хвілінай.

Ладзячы гасціну ў сваім доме, Левій запрашае на яе ўсіх, з кім яго звязвае праца, гэта значыць — іншых мытнікаў. Евангелле падкрэслівае факт запрашэння гэтых “іншых”, якіх фарысеі называюць грэшнікамі. Кніжнікі і фарысеі былі супраць такога ўчынку, казалі вучням Езуса: «Чаму вы ясце і п’яце з мытнікамі і грэшнікамі?» Гэтае запрашэнне — не толькі імкненне пачаставаць сваіх знаёмых з сумнеўнай рэпутацыяй, але, найперш, падзяліцца радасцю пазнання Хрыста і Яго паклікання. Гэта пацвярджае і сам Хрыстус: “Не здаровыя маюць патрэбу ў лекары, але хворыя. Я не прыйшоў заклікаць да пакаяння справядлівых, але грэшнікаў” (Лк 5, 31-32).

Пакліканне Езуса да Левія “Ідзі за Мною” не губляе сваёй актуальнасці і сёння. Ён звяртаецца да кожнага з нас, заклікаючы да ўнутранага навяртання, перамен і святога жыцця. Гэта заклік да таго, каб наша жыццё стала адлюстраваннем Хрыстовай любові і справядлівасці, каб кожны наш учынак быў сведчаннем нашай веры і адданасці Богу. Няхай гэты заклік натхніць нас у дні Вялікага Посту і дапаможа нам стаць бліжэй да Бога, узрастаць у веры і дзяліцца нашай верай з іншымі.

Разважанне падрыхтаваў кс. канонік Сяргей Сурыновіч

для друку для друку