Разважанне на VII Велікодную нядзелю. Год В

Евангелле Ян 17, 11b–19

“У той час:

Езус узняў вочы свае да неба і маліўся такімі словамі: Ойча святы, захавай іх у імені Тваім, якое Ты даў Мне, каб яны былі адно, як і Мы. Калі Я быў з імі, Я захоўваў іх у імені Тваім, якое Ты даў Мне. Я збярог, і ніхто з іх не загінуў, апроч сына пагібелі, каб збылося Пісанне.

А цяпер іду да Цябе і кажу гэта ў свеце, каб яны мелі ў сабе поўную Маю радасць. Я даў ім слова Тваё, і свет узненавідзеў іх, бо яны не са свету, як і Я не са свету. Не прашу, каб Ты ўзяў іх са свету, але каб захаваў іх ад злога. Яны не са свету, як і Я не са свету.

Асвяці іх у праўдзе. Слова Тваё — гэта праўда. Як Ты паслаў Мяне ў свет, так і Я паслаў іх у свет. І за іх Я пасвячаю сябе, каб і яны былі асвечаныя ў праўдзе”.

На гэту нядзелю прыпадае трэці дзень навэнны да Духа Святога. У Евангеллі паводле святога Лукі, Езус кажа, што дар Духа Святога даецца толькі таму, хто просіць аб ім у малітве: “Айцец Нябесны дасць Духа Святога тым, хто просіць у Яго” (Лк 11, 13). У Вячэрніку на працягу дзевяці дзён, ад Унебаўшэсця да Пяцідзясятніцы, апосталы разам з Марыяй, Маці Езуса, трывалі ў малітве (Дз 1, 14) і таму яны атрымалі дар Духа Святога. Сённяшняе Евангелле зноў паказвае нам святарскую малітву Езуса. Гэта вельмі важны і прыдатны тэкст, які падрыхтоўвае нас да прыходу і прыняцця Духа Святога ў наша жыццё. Ён скіроўвае нашую ўвагу на тры асноўныя моманты: важнасць адзінства вакол Божага Імя, паўната Хрыстовай радасці і асвячэнне ў праўдзе.

Езус перамяняе свой клопат у малітву: “Ойча святы, захавай іх у імені Тваім, якое Ты даў Мне, каб яны былі адно, як і Мы”. Усё, што Езус робіць у сваім жыцці, ён робіць у Імя Божае. Імя Бога атрымала канкрэтнае аблічча ў Езусе Хрысце. І вакол гэтага імя павінна будавацца адзінства: “захавай іх у імені Тваім, каб яны былі адно, як і Мы”. Езус жадае адзінства супольнасці хрысціян, каб яны маглі супрацьстаяць свету, які іх ненавідзіць і пераследуе. Народ, сабраны вакол Імя Езуса, ніколі не будзе пераможаны!

Узыходзячы ў Неба, Езус разумее, што вучні застаюцца ў свеце. Іх будуць пераследаваць, яны будуць пакутаваць. І ведаючы свой лёс, яны маюць тугу. Але Езус не жадае мець смуткуючых вучняў. Смутны чалавек нікога не зможа прывесці да Езуса, а тым больш, не зможа абвяшчаць радасную вестку Евангелля.

Папа Францішак, разумеючы радасць, якая вынікае ад сустрэчы з Хрыстом кажа: “Радасць Евангелля напаўняе сэрца і ўсё жыццё тых, хто сустракаецца з Езусам, хто дазваляе Яму вызваліць сябе ад граху, смутку, унутранай пусткі ды адасобленасці. З Езусам Хрыстом заўсёды нараджаецца і адраджаецца радасць” (Evangelii Gaudium, 1). Менавіта па гэтаму Езус просіць Айца аб дары радасці для вучняў: “каб яны мелі ў сабе поўную Маю радасць”.

Яшчэ адну важную рэч для сваіх вучняў просіць Езус у Айца: “Асвяці іх у праўдзе”. Для вучняў гэтае асвячэнне вельмі неабходнае. Ім трэба быць здольнымі прысвяціць усё сваё жыццё сведчанню і абвяшчэнню Добрай Навіны, якой з’яўляецца Евангелле. Бо іх місія — гэта місія Езуса. Асвяціць сябе азначае мець такую чалавечнасць, якую меў Езус, стаць падобным да Яго. Папа Леў Вялікі казаў: “Езус быў вельмі чалавечным, настолькі чалавечным, як толькі Бог можа быць чалавечным”. Вось чаму хрысціянам неабходна ісці супраць плыні гэтага свету, бо сучасны свет дэгуманізуе чалавечае жыццё і робіць яго супярэчным задумам Створцы.

Разважанне падрыхтаваў кс. Аляксей Ляшко

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі