У той час:
Прыйшоў да Езуса пракажоны і, упаўшы на калені, прасіў Яго: Калі хочаш, можаш мяне ачысціць. Езус, злітаваўшыся над ім, працягнуў руку, дакрануўся да яго і сказаў яму: Хачу, будзь ачышчаны. І адразу ж праказа сышла з яго, і ён стаў чысты.
Езус строга перасцярог яго і адразу адправіў, кажучы: Глядзі, нікому нічога не кажы; але ідзі, пакажыся святару і дай ахвяру за ачышчэнне сваё, як загадаў Майсей, для сведчання ім.
Але ён, выйшаўшы, пачаў абвяшчаць і шмат расказваць пра падзею, так што Езус не мог ужо адкрыта ўвайсці ў горад, але быў здалёк, у пустэльных мясцінах. І прыходзілі да Яго адусюль.
Праказа – страшнае бактэрыяльная захворванне, ад якога ў часы Хрыста не было паратунку. Хворы на праказу мучыўся ад болю, таму што па целе распаўсюджваліся раны і язвы, якія не гаіліся, а крываточылі і гнаіліся. Часта праказа прыводзіла да страты канцавінаў і магла стаць прычынай слепаты. Такі дыягназ быў раўназначны смяротнаму прысуду. Аднак фізічныя цярпенні хворага былі не адзінай яго пакутай. Справа ў тым, што, каб неяк пазбегнуць распаўсюджвання эпідэміі праказы, закон забараняў інфекаваным жыць разам са здаровымі людзьмі. Хворы чалавек павінен быў знаходзіцца за горадам ці па-за вёскай, насіць разадранае адзенне і крычаць: “Нячысты! Нячысты!” Дадатковай забаронай хвораму быў наказ не ўдзельнічаць у набажэнствах выбранага народу ў святыні. Праказа станавілася прычынай як фізічных, так і духоўных пакутаў.
Хворы на праказу робіць даволі смелы ўчынак і прыходзіць да Хрыста, тым самым парушаючы закон Майсея. Ён рызыкуе быць выгнаным і пакараным. Цікавая ягоная просьба. Ён просіць не аб аздараўленні, а аб ачышчэнні. Што намякае на яго глыбокую прагу зноў увайсці ў малітоўную супольнасць Ізраэля. Езус працягвае сваю руку і ачышчае хворага на праказу. Рызыкоўны жэст для чалавека – дакрануцца да такога хворага, але для Хрыста гэта жэст непераможнай Боскай моцы. Езус забараняе ачышчанаму расказваць пра гэты цуд. Былы пракажоны парушае гэты наказ. Гэта прыводзіць да таго, што Езус не можа ўвайсці ў горад. Цяпер яны мяняюцца месцамі. Езус становіцца выгнаннікам. Ён вылечвае пракажонага сваім уласным коштам. Штосьці падобнае адбудзецца і пазней. Езус памяняецца месцамі з крымінальнікам Барабам, якога натоўп адпусціць на свабоду, а Хрыста прысудзіць да ўкрыжавання.
Разважанні падрыхтаваў кс. Віктар Місевіч
для друку