Разважанне на VI Велікодную нядзелю. Год В

Евангелле Ян 15, 9–17

“У той час:

Езус сказаў сваім вучням: Як Мяне палюбіў Айцец, так і Я палюбіў вас. Заставайцеся ў Маёй любові. Калі будзеце захоўваць Мае запаведзі, застанецеся ў любові Маёй, як і Я захаваў запаведзі Айца Майго і застаюся ў Ягонай любові. Гэта Я сказаў вам, каб Мая радасць была ў вас, і каб радасць вашая была поўнай.

Вось запаведзь Мая, каб вы любілі адзін аднаго, як Я палюбіў вас. Ніхто не мае большай любові за тую, калі хто жыццё сваё аддае за сяброў сваіх.

Вы сябры Мае, калі робіце тое, што Я наказваю вам. Я ўжо не называю вас слугамі, бо слуга не ведае, што робіць ягоны гаспадар. Я ж назваў сябрамі вас, бо ўсё, што чуў ад Айца Майго, Я сказаў вам.

Не вы Мяне выбралі, але Я выбраў вас і прызначыў, каб вы ішлі і прыносілі плён, і каб плён ваш трываў. Каб Айцец даў вам тое, чаго толькі папросіце ў імя Маё. Гэта наказваю вам, каб вы любілі адзін аднаго”.

Евангельскі ўрывак які мы з вамі пачулі з’яўляецца навучаннем Езуса дванаццаці вучням, якое дарэчы, адбываецца падчас апошняй вячэры. Настаўнік заклікае заставацца ў Яго любові і тлумачыць, як гэта выканаць: “Калі будзеце захоўваць Мае запаведзі, застанецеся ў любові Маёй”. Ён сам выконваў запаведзі свайго Айца, каб заставацца ў Яго любові і да таго ж самага заклікае сваіх вучняў. Але дзеля чаго неабходна выкананне запаведзяў?

Выкананне Яго запаведзяў з’яўляецца ўмовай для атрымання дару сапраўднай радасці. Гэта гучыць крыху парадаксальна, бо выкананне пэўных умоў ці загадаў, з чалавечага пункту гледжання, робіць нас нявольнікамі. Аднак паслухмянасць Богу не занявольвае, не прыгнятае сумленне, але дае радасць, якой няма роўных у гэтым свеце!

Хрысціянская радасць, часта ўкрыжаваная радасць, не мае нічога агульнага з эйфарыяй, асалодай і эмоцыямі, якія з гэтага вынікаюць… Радасць веры з’яўляецца сінонімам супакою, унутранай свабоды, якую ніякі чалавечы ланцуг ніколі не парушыць. Гэта досвед першых мучанікаў, мучанікаў Другой сусветнай вайны, дэпартаваных у канцлагеры, невылечна хворых, адным словам усіх тых людзей,  якія знаходзяць суцяшэнне і радасць у бязвыхадных сітуацыях выключна ў Богу.

Гэты евангельскі ўрывак адразу прымушае нас задумацца над нашым хрысціянскім жыццём і над стылем нашых хрысціянскіх супольнасцяў, каб мы маглі спытаць сябе, ці ўмеем мы паслядоўна жыць навучаннем Езуса. Ён вельмі ясна нам кажа, каб стаць Яго вучнем, трэба выбраць канкрэтную дарогу і гэта дарога Любові да Бога і бліжняга. Каб быць сапраўднымі паслядоўнікамі і вучнямі Хрыста, нам неабходна выконваць тое, што Ён наказвае, — “любіць адзін аднаго”, клапаціцца пра слабых, бедных, патрабуючых і адкінутых.

Словы Езуса “заставайся ў Маёй любові” даюць нам упэўненасць: Бог любіць мяне такім, які я ёсць. Ён раней палюбіў нас, Ён першы сказаў нам “так”, яшчэ да таго, пакуль мы Яму адказалі і палюбілі Яго. Выбар застаецца за намі, заставацца ў Яго любові ці не. Езус пакідае нам права выбару, але з усведамленнем, што прычына, чаму мы застаёмся ў Яго любові і адказваем на Яго любоў любоўю да бліжняга, заключаецца толькі ў тым: “каб Мая радасць была ў вас, і каб радасць вашая была поўнай”.

Разважанне падрыхтаваў кс. Аляксей Ляшко

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі