Разважанне на VІ Велікодную нядзелю. Год С. 22 мая

Евангелле Ян 14, 23–29

У той час:

Езус сказаў сваім вучням: Калі хто любіць Мяне, той захоўвае слова Маё, і палюбіць таго Айцец Мой, і прыйдзем да яго, і зробім жыллё ў яго. Хто не любіць Мяне, той не захоўвае слоў Маіх. А слова, якое вы чуеце, не Маё, але Айца, які паслаў Мяне.

Я сказаў вам гэта, будучы з вамі. А Суцяшальнік, Дух Святы, якога Айцец пашле ў імя Маё, навучыць вас усяму і нагадае вам пра ўсё, што Я сказаў вам.

Спакой пакідаю вам, спакой Мой даю вам. Не так, як дае свет, Я вам даю. Няхай не трывожыцца сэрца вашае і не баіцца. Вы чулі, што Я сказаў вам: Адыходжу і прыйду да вас. Калі б вы Мяне любілі, то радаваліся б, што Я іду да Айца, бо Айцец Мой большы за Мяне.

І цяпер Я сказаў вам, перш чым гэта станецца, каб вы паверылі, калі гэта адбудзецца.

Дух Суцяшыцель – гэта Параклет па-грэцку і Адвакат на лаціне. Чаму такія тытулы ў Святога Духа? Аўтар натхнёны перадае нам характар дзеяння Духа Святога, параўноўваючы Яго з тым, хто прымаў удзел у судовым працэсе ў рымскім праве – з адвакатам. Сёння мы не ўяўляем сабе суда без гэтай дзейнай асобы. Адвакат – гэта той, хто дае параду падабароннаму, хто вядзе дыялог з суддзёй, хто абараняе. Дух Святы спасланы нам, каб нас бараніць, каб зрабіць нашае існаванне ўтульным і камфортным. Мы ўсведамляем выразна сабе нашую слабасць і абмежаванасць. Пагэтаму нам патрэбны такі Суцяшыцель, які за нас заступіцца.

Што значаць словы Езуса, што Ён разам з Айцом хоча зрабіць жыллё ў таго, хто захоўвае Яго словы? Адказам на гэтае пытанне могуць быць погляды святой Тэрэзы Авільскай. Святая Тэрэза казала, што душа чалавека – гэта прыгожы замак, зроблены з дыяментаў ці крышталю. У гэтым замку шмат пакояў. І ў гэтым замку хоча пасяліцца Бог. Нашая душа – гэта месца, дзе Бог хоча прабываць. Па словах святой Тэрэзы Авільскай, душа чалавека – гэта таксама райскі сад, дзе Бог знаходзіць сваё ўпадабанне. Таму ў хрысціянстве мы так шмат гаворым пра душу чалавека. Так, цела не менш важнае і патрабуе таксама свайго клопату. Але менавіта душа з’яўляецца несмяротнай і з’яўляецца тым месцам, дзе хоча прабываць Бог.

Разважанне падрыхтаваў кс. канонік Віктар Місевіч

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі