“У той час:
Езус, выйшаўшы з сінагогі, прыйшоў з Якубам і Янам у дом Сымона і Андрэя. Цешча ж Сымона ляжала ў гарачцы, і адразу сказалі Езусу пра яе. Ён падышоў і, узяўшы за руку, падняў яе. І прайшла ў яе гарачка; і жанчына пачала служыць ім.
Калі ж настаў вечар і калі зайшло сонца, прыносілі да Яго ўсіх нядужых і апантаных злымі духамі. А ўвесь горад сабраўся перад дзвярыма. Ён жа аздаравіў многіх, якія цярпелі на розныя хваробы, і выгнаў многіх злых духаў; і не дазваляў злым духам казаць, што яны ведалі Яго. А раніцай, устаўшы вельмі рана, выйшаў і пайшоў у пустыннае месца і там маліўся. Сымон і тыя, хто быў разам з ім, пайшлі за Ім. І, калі знайшлі Яго, сказалі Яму: Усе шукаюць Цябе. Ён адказаў ім: Пойдзем куды-небудзь у бліжэйшыя мястэчкі, каб і там прапаведаваць, бо Я дзеля гэтага прыйшоў.
І прапаведаваў Ён у сінагогах іхніх па ўсёй Галілеі, і выганяў злых духаў”.
Сённяшняе Евангелле паказвае нам Хрыста, які ідзе да тых, хто церпіць з прычыны хваробы. З гэтага моманту адчыняецца іншае бачанне – церпячыя асобы могуць пераканацца, што Езус з імі. Сваім спачуваннем і міласэрнасцю Ён жадае ім дапамагчы. У гэтым Езусу не перашкаджаюць ні стомленасць, ні іншыя перашкоды. Яго жаданнем з’яўляецца суцяшэнне засмучаных і дапамога хворым.
Евангеліст Марк апісвае першы цуд зроблены Езусам у доме першых двух апосталаў — Сымона і Андрэя. Цешча Сымона знаходзілася ў гарачцы, і Езус, з прастатой падыходзіць да яе, бярэ яе за руку і аздараўляе. Жанчына настолькі добра аздароўлена, што адразу пачынае служыць гасцям.
І калі вестка пра гэты цуд распаўсюдзілася, да Езуса пачалі прыводзіць іншых хворых і апантаных злымі духамі. Іх было настолькі многа, што евангеліст Марк кажа: “А ўвесь горад сабраўся перад дзвярыма.”. І Езус, з нястомнай самаадданасцю, служыць усім тым хворым і апантаным, аздараўляючы многіх і выганяючы многіх злых духаў, не дазваляючы апошнім казаць пра Яго. У гэтым ёсць пэўны знак: Езус не жадае адразу паказваць сваю годнасць Божага Сына і Месіі. Ён жадае выконваць сваю місію ў пакоры, не шукаючы прызнання з боку іншых людзей.
Евангелле перадае, што пасля дня, абцяжаранага служэннем, Езус устаўшы вельмі рана, калі напэўна было яшчэ цёмна, ідзе ў пустыннае месца каб памаліцца. І ў гэтым Ён з’яўляецца для нас прыкладам. Пры любых абставінах Ён знаходзіць час на малітву. Малітва з’яўляецца патрэбнасцю Яго сэрца. Eзус жадае быць у пастаянным кантакце з Айцом і менавіта па гэтаму шукае пустыннага месца, адзіноты, кожны раз калі гэта магчыма, каб звярнуцца да Яго, каб паразмаўляць з Ім, а такім чынам жыць жыццём Божага Сына.
Раніцай, Сымон Пётр, не бачачы Езуса ў доме, пачынае Яго шукаць і знаходзячы, кажа: “Усе шукаюць Цябе.”. Езус, замест таго, каб вярнуцца з Пятром, кажа: “Пойдзем куды-небудзь у бліжэйшыя мястэчкі, каб і там прапаведаваць, бо Я дзеля гэтага прыйшоў.”. У гэтым праяўляецца руплівасць Езуса. Служэнне Езуса адрозніваецца ад служэння Яна Хрысціцеля. Ян аддаліўся ў пустыню, праводзіў жыццё пустэльніка і народ ішоў да яго. Езус жа, наадварот, пераходзіць з аднаго месца ў другое, прапаведуе ўсюды. Ён сам ідзе да людзей, якія чакаюць яго суцяшэння і дапамогі, не чакаючы пакуль яны прыйдуць да Яго. Ён сапраўдны пастыр, які шукае кожную згубленую авечку.
Разважанне падрыхтаваў кс. Аляксей Ляшко
