Разважанне на V Велікодную нядзелю. Год С. 15 мая

Евангелле Ян 13, 31–33а. 34-35

Калі Юда выйшаў з вячэрніка, Езус сказаў: Цяпер услаўлены Сын Чалавечы, а Бог услаўлены ў Ім. Калі Бог уславіўся ў Ім, то і Бог уславіць Яго ў сабе, і хутка ўславіць Яго. Дзеці, яшчэ крыху Я буду з вамі.

Новую запаведзь даю вам, каб вы любілі адзін аднаго. Як Я палюбіў вас, так і вы любіце адзін аднаго. Па гэтым усе пазнаюць, што вы Мае вучні, калі будзеце мець любоў адзін да аднаго..

Езус нас заклікае да любові. Чаму Ён так акцэнтуе менавіта любоў? Адказ вельмі просты. Таму што Бог сам у сабе з’яўляецца Любоўю. Мы створаныя на Яго вобраз і падабенства і таму маем такі наказ: быць як наш Стварыцель. Уся сутнасць хрысціянства заключаецца ў тым, каб перамяніцца ў Бога, стаць такімі як Ён. Бог любіць нас бескарысна, Ён пасылае нам свайго Сына для нашага збаўлення. Значыць і нашая любоў павінна быць бескарыснай і накіраванай на кожнага чалавека без выключэння. Гэта няпростае заданне. А што ж рабіць з негатыўнымі эмоцыямі? Як прабачыць непрыяцелю? Куды падзець крыўды? Няхай адказам на гэтыя пытанні будзе Езус укрыжаваны. На крыжы Ён усклікнуў: Ойча, прабач ім, бо не ведаюць, што робяць. Калі мы робім знак святога крыжа і называем сябе хрысціянамі, то для нас павінна быць важнай і гэтая навука Хрыста: любоў да бліжняга. Гэта ёсць новая запаведзь. Ці ж старыя ўжо не такія актуальныя? Не. Яны таксама актуальныя. Святы Геранім сказаў, што Стары Запавет тлумачыцца Новым, а Новы ўкрыты ў Старым Запавеце. Дзесяць Божых запаведзяў і надалей вельмі важныя, таму што дапамагаюць нам трываць у любові да Пана Бога і да другога чалавека. А што такое любоў, да якой нас заклікае Езус? Сапраўдная любоў – гэта не проста эмоцыі і пачуцці. Сапраўдная любоў – гэта міласэрнае служэнне і ахвярнасць.

Разважанне падрыхтаваў кс. канонік Віктар Місевіч

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі