Разважанне на V нядзелю Вялікага посту. Год В

Евангелле Ян 12, 20–33

“У той час:

Былі некаторыя грэкі сярод тых, хто прыйшоў пакланіцца Богу на свята. Яны падышлі да Філіпа, які быў з Бэтсаіды Галілейскай, і прасілі яго, кажучы: Пане, мы хочам бачыць Езуса. Філіп пайшоў і сказаў пра гэта Андрэю. І пайшлі Андрэй з Філіпам, і расказалі Езусу.

А Езус сказаў ім у адказ: Настала гадзіна ўславіцца Сыну Чалавечаму. Сапраўды, сапраўды кажу вам: калі пшанічнае зерне, упаўшы ў зямлю, не памрэ, то застанецца адно, а калі памрэ, то прынясе багаты плён. Хто любіць жыццё сваё, загубіць яго; а той, хто ненавідзіць жыццё сваё на гэтым свеце, захавае яго для вечнага жыцця. Калі хто служыць Мне, няхай ідзе Маім шляхам; і дзе Я, там будзе і слуга Мой. І хто Мне служыць, таго ўшануе Айцец Мой. Цяпер усхвалявана душа мая; і што Мне сказаць? Ойча, захавай Мяне ад гэтай гадзіны. Але ж дзеля гэтай гадзіны Я і прыйшоў. Ойча, услаў імя сваё! І пачуўся з неба голас: Уславіў і ўслаўлю зноў.

Народ, які стаяў і чуў гэта, казаў: Гэта гром. Іншыя ж казалі: Анёл гаварыў з Ім. А Езус адказаў, кажучы: Не дзеля Мяне быў гэты голас, але дзеля вас. Цяпер адбываецца суд над гэтым светам; цяпер князь гэтага свету будзе выкінуты вон. І Я, калі буду ўзняты над зямлёю, усіх прыцягну да сябе.

Казаў жа Ён гэта, прадказваючы, якою смерцю меўся памерці”.

Убачыць Езуса — жаданне кожнага чалавека, ведае ён пра гэта ці не. Тое, аб чым некаторыя грэкі пытаюцца ў Філіпа, добра інтэрпрэтуецца словамі святога Аўгусцін: “Наша сэрца створана для Цябе, Пане, і неспакойна, пакуль не супакоіцца ў Табе”. Але сённяшні евангельскі ўрывак з’яўляецца чымсьці значна большым, як толькі выраз звычайных чалавечых пачуццяў да Бога.

У сённяшнім Евангеллі мы бачым “некаторых грэкаў”. Хто яны? Гэта іншаземцы, якія прыйшлі ў Ерузалем на свята, “каб пакланіцца Богу”. Прысутнасць там таксама і Езуса не застаецца незаўважанай. Нават гэтыя грэкі, якія прыбылі ў святы горад на свята, былі ўражаны Яго вялікай папулярнасцю і выказалі Філіпу сваё жаданне ўбачыць Яго.

Філіп пераказаў гэтую просьбу Андрэю, і разам з ім яны пайшлі сказаць аб гэтым Настаўніку. Уражвае жаданне грэкаў: “мы хочам бачыць Езуса”, — знак сапраўднага жадання пазнаць Яго. Але яшчэ больш уражвае адказ Езуса: “Настала гадзіна ўславіцца Сыну Чалавечаму”. Якое дачыненне мае гэты адказ да пытання? Па-чалавечы, гэта амаль немагчыма зразумець. Адказ на гэтыя словы Езуса, адказ прыходзіць ад Бога Айца, бо  пасля слоў Езуса “Ойча, услаў імя сваё”, адразу “пачуўся з неба голас: Уславіў і ўслаўлю зноў”.

 Усе пачулі голас Айца. А значыць, і грэкі, якія не толькі ўбачылі Езуса, але і зразумелі, што Ён — умілаваны Сын Айца. Чулі гэта і юдэі, але не зразумелі, што гэта голас Бога Айца, ім здавалася, што гэта гром, або  гэта “Анёл гаварыў з Ім”. Аднак Езус удакладніў: “Не дзеля Мяне быў гэты голас, але дзеля вас”. Дзеля іх, але таксама і дзеля нас. Езус добра ведаў, што каралеўскі шлях – крыжовы і смяротны, падобны да пшанічнага зерня, “калі пшанічнае зерне, упаўшы ў зямлю, не памрэ, то застанецца адно, а калі памрэ, то прынясе багаты плён”. Толькі мы гэтага не ведаем, або не жадаем ведаць. Езус, з тым натоўпам, які ішоў за Ім, мог бы заваяваць свет, ідучы лёгкім шляхам, але Ён, па волі Айца, выбраў зусім іншы напрамак. Бо толькі калі Ён зрабіў выбар крыжовага і смяротнага шляху, пачуўся голас з нябёсаў: “Уславіў і ўслаўлю зноў”. Сам Бог пацвярджае выбар Езуса, кажучы, што Ён пайшоў у правільным напрамку.

Разважанне падрыхтаваў кс. Аляксей Ляшко

для друку для друку