У той час:
Убачыўшы натоўп, Езус падняўся на гару. А калі сеў, падышлі да Яго вучні Ягоныя. І, адкрыўшы вусны свае, Ён вучыў іх, кажучы:
Шчаслівыя ўбогія духам, бо іх ёсць Валадарства Нябеснае.
Шчаслівыя засмучаныя, бо яны суцешаныя будуць.
Шчаслівыя лагодныя, бо яны зямлю атрымаюць у спадчыну.
Шчаслівыя галодныя і прагнучыя справядлівасці, бо яны насычаныя будуць.
Шчаслівыя міласэрныя, бо яны міласэрнасць спазнаюць.
Шчаслівыя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць.
Шчаслівыя міратворцы, бо яны сынамі Божымі названыя будуць.
Шчаслівыя, каго пераследуюць за справядлівасць, бо іх ёсць Валадарства Нябеснае.
Шчаслівыя вы, калі будуць вас зневажаць і пераследаваць, і ўсяляк зласловіць несправядліва з-за Мяне.
Радуйцеся і весяліцеся, бо вялікая ўзнагарода вашая ў нябёсах.
Многія філосафы і мысляры на працягу стагоддзяў задаваліся пытаннем: дзеля чаго жыве чалавек? Які сэнс у ягоным існаванні? Падобныя пытанні непакояць не толькі вучоных мужоў, але і простых людзей. Катэхізіс Каталіцкага Касцёла вельмі проста адказвае на гэта: Бог стварыў чалавека для шчасця. Калі і ёсць нейкае перадвызначэнне для нас у Сусвеце, дык яно і заключаецца ў наканаванасці шчасця.
У сённяшнім урыўку з Евангелля Езус на гары бласлаўленняў пералічвае тыя моманты, якія спрыяюць нашаму бласлаўленню, або шчасцю. Цікава, што слова “бласлаўлёны” азначае не проста “шчасце ў гэтую хвіліну”. Яно азначае шчасце, стан поўнага псіхічнага, духоўнага і фізічнага задавальнення ў вечнасці.
Заўважым, што Езус прамаўляе сваё навучанне на гары. У традыцыі Старога Запавету так часта было, што менавіта на гары адбываўся важны момант у гісторыі збаўлення абранага народа. Успомнім хаця б Майсея, які на гары Сінай атрымаў ад Бога дзесяць запаведзяў. Нават праз гэтае геаграфічнае месца Збаўца хоча нібыта сказаць: тое, што Я вам гавару, мае надзвычайнае значэнне. Да каго звяртаецца ў гэтым навучанні Езус? Ці толькі да апосталаў? Так, яны сапраўды прысутнічалі, але там яшчэ былі натоўпы людзей з Галілеі, Юдэі і Ерузалема. Навука Езуса пра бласлаўленні датычыць кожнага чалавека, хто паверыў Яго слову. Нездарма 1 лістапада Касцёл адзначае Урачыстасць Усіх Святых. У гэты дзень мы ўспамінаем у літургіі ўсіх тых вернікаў, якія апярэдзілі нас у дарозе да Нябеснага Валадарства і якіх мы называем святымі. Іншымі словамі – шчаслівымі.
Разважанне падрыхтаваў кс. Віктар Місевіч
