Разважанне на сераду, І тыдзень Вялікага посту

Евангелле Лк 11, 29–32

У той час:

Калі стаў збірацца народ, Езус пачаў гаварыць: Пакаленне гэтае — нягоднае пакаленне, яно шукае знаку, і не будзе дадзена яму знаку, апроч знаку Ёны. Бо, як Ёна стаў знакам для нінівіцянаў, так будзе і Сын Чалавечы для гэтага пакалення. Каралева Поўдня ўстане на судзе з людзьмі гэтага пакалення і асудзіць іх, бо яна прыйшла з краю зямлі паслухаць мудрасць Саламонаву, а вось тут нешта большае за Саламона. Людзі з Нінівы ўстануць на судзе з гэтым пакаленнем і асудзяць яго, бо яны раскаяліся дзякуючы прапаведаванню Ёны, а вось тут нешта большае за Ёну.

У сённяшнім Евангеллі Езус звяртаецца да людзей, кажучы: «Пакаленне гэтае — нягоднае пакаленне, яно шукае знаку, і не будзе дадзена яму знаку, апроч знаку Ёны» (Лк 11, 29). Езус прамаўляе гэтыя словы, каб паказаць, што людзі гэтага пакалення не разумеюць сутнасць Яго паслання і шукаюць цудаў замест сапраўднага Бога.

Словы Хрыста ў сённяшнім Евангеллі — не зусім абвінавачванне, але хутчэй заклік да чалавечага розуму і сэрца. Часта і мы, як гэтае пакаленне, чакаем нейкіх надзвычайных знакаў, каб паверыць, каб змяніць сваё жыццё. Але Езус нагадвае: знак ужо дадзены — гэта Ён Сам, Яго жыццё, смерць і ўваскрэсенне.

Як прарок Ёна быў пасланы Богам да нінівіцянаў і заклікаў іх да пакаяння, так і Езус пасланы да ўсяго чалавецтва, каб даць яму збаўленне. Езус кажа, што знак Ёны з’яўляецца адзіным знакам, які будзе дадзены нягоднаму пакаленню, бо гэта знак пакаяння і перамянення. Ёна правёў тры дні і тры ночы ў чэраве рыбы (гбр. בְּמֵעֵי הַדָּג, грэц. ἐν τῇ κοιλίᾳ τοῦ κήτους). Гэтае знаходжанне прарока ў чэраве стала прадвесцем уваскрасення Хрыста, які правёў тры дні і тры ночы ў грабніцы перад тым, як паўстаць з мёртвых. Уваскрасенне Езуса Хрыста з’яўляецца цэнтральным актам хрысціянскай веры і сімвалам перамогі над смерцю і грахом. Як Ёна выйшаў з чэрава рыбы жывым, так і Езус паўстаў з мёртвых на трэці дзень пасля сваёй смерці.

Сапраўдная вера ў Хрыста ўваскрослага грунтуецца не на пошуку цудаў, а на выкананні Яго навукі. Людзі прыходзілі да Езуса не толькі з-за чакання цудаў. У Евангеллях ёсць прыклады людзей, якія прыходзілі да Хрыста, бо верылі ў Яго, бачылі ў Ім Месію. Многія шукалі магчымасці пачуць Яго словы, бо словы Настаўніка, якія ўтрымліваюць праўду і мудрасць, з’яўляліся для іх найвялікшай каштоўнасцю.

У сённяшнім Евангеллі Езус згадвае каралеву Поўдня (гбр. מַלְכַּת תֵּימָן, грэц. βασίλισσα νότου), якая прыйшла з далёкіх зямель, каб паслухаць мудрасць Саламона. З першай кнігі Валадарстваў (пар. 1 Вал 10, 1-13) мы ўзгадваем, як каралева прыбыла з далёкага каралеўства Шэбы, магчыма, з рэгіёна сучаснага Емена ці Эфіопіі, каб сустрэцца з Саламонам і пачуць яго мудрасць.

Каралева Поўдня, якая прайшла такі доўгі шлях, каб паслухаць мудрасць Саламона, нагадвае нам пра важнасць пошуку Божай праўды і мудрасці. Езус, будучы ўвасобленай мудрасцю і праўдай, з’яўляецца яшчэ большым знакам, чым Саламон. Такім чынам, Езус нагадвае, што, як каралева Поўдня прызнала мудрасць Саламона, так і мы павінны накіравацца ў шлях, каб прызнаць і ў убачыць у Ім Божага Сына и Месію.

Сённяшняе Евангелле ўтрымлівае для нас важную навуку — наша вера патрабуе ад нас адкрытага сэрца і гатоўнасці прыняць Божую волю, нават калі яна супярэчыць нашым чаканнем. Мы часта шукаем знакаў, каб апраўдаць сваю нявернасць або адкладзенае пакаянне, але Езус кажа: знак ужо дадзены — гэта Ён Сам.

Езус нагадвае нам пра важнасць навяртання. Нінівіцяне, якія паверылі Ёне, сталі прыкладам для ўсіх нас. Яны не чакалі надзвычайных знакаў, але адразу адрэагавалі на Божае слова і заклік. Мы ж часта адкладаем раскаянне, думаючы, што заўсёды будзе час. Час ужо настаў — гэта акурат цяперашні момант.

Урэшце, Езус нагадвае, што наша вера павінна быць актыўнай і дзейснай. Мы не можа заставацца бачнымі назіральнікамі, чакаючы знакаў або доказаў. Мы пакліканы жыць у веры і сведчыць пра Хрыста сваім жыццём.

Няхай сённяшняе Евангелле стане для нас заклікам да глыбокага пераасэнсавання нашага жыцця. Няхай мы, як нінівіцяне, адчуем патрэбу змены жыцця, і, як каралева Поўдня, ахвяруем наш час дзеля пошуку праўды. Няхай Слова Божае напаўняе нашы сэрцы, каб мы маглі жыць у святле Яго любві і несці гэта святло іншым.

Разважанне падрыхтаваў кс. кан. д-р Сяргей Сурыновіч

для друку для друку