“У першы дзень тыдня Марыя Магдалена прыйшла да магілы раніцай, калі было яшчэ цёмна, і ўбачыла, што камень адсунуты ад магілы. І пабегла, і прыбыла да Сымона Пятра і да другога вучня, якога любіў Езус, і сказала ім: Забралі Пана з магілы, і не ведаем, дзе паклалі Яго.
Тады выйшаў Пётр і другі вучань, і пайшлі да магілы. Пабеглі абодва разам. І другі вучань пабег наперадзе хутчэй за Пятра і прыбыў да магілы першы. Заглянуўшы, убачыў, што ляжаць палотны, аднак не ўвайшоў. Тады прыйшоў за ім Сымон Пётр і ўвайшоў у магілу, і ўбачыў палотны, якія там ляжалі, і хусту, якая была на галаве Ягонай, не з палотнамі яна ляжала, а асобна, скручаная на іншым месцы. Тады ўвайшоў і той другі вучань, што прыбег першы да магілы, і ўбачыў, і паверыў. Бо яны яшчэ не ведалі Пісання, што трэба было Яму ўваскрэснуць з мёртвых”.
Евангельскі ўрывак перадае нам падзеі, якія адбыліся “ў першы дзень тыдня” – у нядзелю Уваскрасення Пана. У дзень пасля суботы, Марыя Магдалена, “раніцай, калі было яшчэ цёмна”, накіроўваецца да магілы.
Габрэйскі закон забараняе ў суботу адыходзіць ад таго месца, дзе праводзяць суботу (шабат). Калі ж чалавек апынуўся ў адкрытай мясцовасці падчас суботы, то ён мае права прайсці толькі адлегласць на 4 локці (каля 2-х метраў). Згодна з габрэйскімі прадпісаннямі дзень заканчваецца вечарам. І таму, калі было яшчэ цёмна, Марыя Магдалена ідзе ў напрамку магілы Хрыста. Яна перапоўнена любоўю да Езуса, але і смуткам з-за Яго смерці. Падыходзячы да магілы яна ўбачыла, “што камень адсунуты ад магілы”. Цела Езуса ў ёй няма.
Увесь евангелькі ўрывак хоча паказаць нам, што ўваскрасенне — нечаканая падзея для вучняў. Ім здавалася, што ўсё скончылася са смерцю Езуса, яны не змаглі зразумець Яго слоў пра ўваскрасенне. Таксама і Марыя Магдалена, бачачы адсунуты камень не думае пра ўваскрасенне Хрыста, але прыходзіць да высновы, што “забралі Пана з магілы”. І для яе ўваскрасенне, незразумелая рэч. Езус памёр. Ён не мог сам выйсці з магілы і таму, хтосці забраў Яго цела “і не ведаем, дзе паклалі Яго”.
З гэтай смутнай навіной яна накіроўваецца да Сымона Пятра і вучня, якога любіў Езус, і яны адразу бягуць да магілы, каб пераканацца ў словах Марыі Магдалены. Евангеліст Ян паказвае нам, што другі вучань, нягледзячы на тое, што прыбег першым, не ўвайшоў у магілу. Напэўна ён быў маладзейшым, меў павагу да Пятра і сапраўды лічыў яго першым сярод апосталаў. Таму і ўвайшоў у магілу толькі пасля Пятра. І зноў мы бачым нечаканасці: Пётр увайшоў у магілу, “убачыў палотны, якія там ляжалі, і хусту, якая была на галаве Ягонай, не з палотнамі яна ляжала, а асобна, скручаная на іншым месцы”. Да вучняў прыходзіць асвятленне: цела Езуса не скралі. Калі б злачынцы скралі цела, то скралі б і ўсе палотны, а яны на месцы, а гэта значыць, што Езус жыве!
Уваскрослы Езус з’яўляецца крыніцай святла. Уваскрасенне адкрывае сэнс Хрыстовага цярпення. Сапраўды, без уваскрасення мукі Езуса засталіся б толькі драматычнай падзеяй, а ўваскрасенне паказвае іх цану, паказвае, што яны не былі паражэннем, але перамогай. “Добры пастыр аддае жыццё сваё за авечак” (Ян 10, 11). Сам Езус кажа: “Ніхто не мае большай любові за тую, калі хто жыццё сваё аддае за сяброў сваіх (Ян 15, 13).
Разважанне падрыхтаваў кс. Аляксей Ляшко
