Разважанне на ўрачыстасць Спаслання Духа Святога. Год С. 5 чэрвеня

Евангелле Ян 20, 19–23

Калі быў вечар таго першага дня тыдня, і дзверы дома, дзе збіраліся вучні, былі замкнёныя ад страху перад юдэямі, прыйшоў Езус і стаў пасярэдзіне, і сказаў ім: Спакой вам! І, сказаўшы гэта, паказаў ім рукі і бок. Узрадаваліся вучні, убачыўшы Пана. Тады Езус зноў сказаў ім: Спакой вам! Як паслаў Мяне Айцец, так і я пасылаю вас. І, сказаўшы гэта, дыхнуў, і кажа: Прыміце Духа Святога. Каму адпусціце грахі, таму будуць адпушчаны; на кім пакінеце, на тым застануцца.

Ва ўрыўку Евангелля мы чытаем, што апосталы былі сабраныя ў доме з закрытымі дзвярыма. У сэрцы вучняў панаваў страх перад юдэямі. Было позна. Вечар. Гэта не дадавала адвагі. Чалавек смялейшы днём, чым вечарам і ноччу, бо ў цемры губляе арыенціры, слаба бачыць. Езус цудоўным чынам з’яўляецца сярод вучняў. Якія пачуцці і думкі віравалі ў іхных галовах? Можа, з’явілася занепакоенасць, страх перад Настаўнікам? Яны ж не былі верныя, яны разбегліся ў хвіліну выпрабаванняў. Што цяпер скажа Езус? Абвінаваціць? Стане дакараць? Езус гаворыць вучням: Спакой вам! Збавіцель разумее людскую слабасць, але Ён прыходзіць не каб асуджаць, а каб прынесці спакой, даць прабачэнне. Вялікім знакам Божай міласэрнасці ёсць раны на целе Езуса. Святы Тамаш Аквінскі пазней скажа, што гэтыя раны – гэта трафеі, якія засталіся назаўсёды з Езусам пасля перамогі над смерцю і грахом. Госпад прабачае вучняў за нявернасць і адначасова дае ім падобны наказ – быць таксама міласэрнымі. Прыміце Духа Святога. Каму адпусціце грахі, таму будуць адпушчаны. Сакрамант споведзі ў Каталіцкім Касцёле называецца сакрамантам міласэрнасці. Наступнікі апосталаў – біскупы – а разам з імі і прэзбітэры маюць заданне абвяшчаць Божую Міласэрнасць, адпускаючы грахі грэшнікам. Самі перажыўшы прабачэнне, становяцца інструментамі Божага прабачэння. Калі чалавек сустракаецца з Божым прабачэннем, знікае страх і пасярод ночы ззяе святло.

Разважанне падрыхтаваў кс. канонік Віктар Місевіч

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі