Разважанне на ўрачыстасць Езуса Хрыста, Валадара Сусвету. Год А

Евангелле Мц 25, 31–46

У той час:

Езус сказаў сваім вучням: Калі ж прыйдзе Сын Чалавечы ў славе сваёй і ўсе Анёлы з Ім, тады сядзе на троне славы сваёй. I сабраныя будуць перад Ім усе народы, і аддзеліць адных ад другіх, як пастух аддзяляе авечак ад казлоў. І паставіць авечак праваруч, а казлоў — леваруч.

Тады скажа Валадар тым, хто праваруч Яго: Прыйдзіце, благаслаўлёныя Айца Майго, прыміце ў спадчыну Валадарства, падрыхтаванае вам ад стварэння свету.

Бо Я быў галодны, і вы далі Мне есці;

прагнуў, і вы напаілі Мяне;

быў падарожным, і вы прынялі Мяне;

быў голы, і вы апранулі Мяне;

быў хворы, і вы адведалі Мяне;

быў у вязніцы, і вы прыйшлі да Мяне.

Тады адкажуць Яму справядлівыя: Пане, калі мы бачылі Цябе галодным і накармілі, ці сасмяглым і напаілі? Калі мы бачылі Цябе падарожным і прынялі, ці голым і апранулі? Калі мы бачылі Цябе хворым ці ў вязніцы і прыйшлі да Цябе?

I Валадар скажа ім у адказ: Сапраўды кажу вам: тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі.

Тады скажа і тым, хто леваруч Яго: Ідзіце ад Мяне, праклятыя, у агонь вечны, падрыхтаваны д’яблу і анёлам ягоным.

Бо Я быў галодны, і вы не далі Мне есці;

прагнуў, і вы не напаілі Мяне;

быў падарожным, і вы не прынялі Мяне;

быў голы, і вы не апранулі Мяне;

быў хворы і ў вязніцы, і вы не адведалі Мяне.

Тады і яны адкажуць Яму, кажучы: Пане, калі мы бачылі Цябе галодным ці сасмяглым, ці падарожным, ці голым, ці хворым, ці ў вязніцы, і не ўслужылі Табе? 

Тады скажа ім у адказ: Сапраўды кажу вам: Чаго вы не зрабілі аднаму з гэтых меншых, таго не зрабілі Мне. І гэтыя адыдуць на вечнае пакаранне, а справядлівыя — да вечнага жыцця.

“Сапраўды кажу вам: тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі”. Гэтая фраза з сённяшняга Евангелля з’яўляецца сэрцам прамовы Езуса, па-сапраўднаму раскрываецца і набывае яшчэ большае значэнне ў перспектыве вечнасці, калі Хрыстус, Валадар Сусвету, прыйдзе з анёламі ў славе сваёй, каб судзіць жывых і памерлых. Апошні суд, які апісаны ў сённяшнім Евангеллі, прадстаўляе нам Хрыста і добрага Пастыра, адначасова наш Збаўца паўстае перад намі як справядлівы Суддзя, які аддзеліць авечак ад казлоў, аддзеліць добрых ад злых. Хрыстус выразна ўказвае на тое, што перад тым, як прыйдзе час Апошняга суду, Ён пастаянна спадарожнічае нам на працягу нашага жыцця, клапоціцца і апякуецца намі, падтрымлівае нас і аберагае.

Божае спрыянне заўсёды на нашым баку, што ж узамен? “Па любові нас будуць судзіць”, — кажа нам святы Ян ад Крыжа. Як кажа іншы містык, святы Ігнацый Лаёла: “каб дасягнуць любові, трэба ўкласці любоў у дзеянні, а не ў словы”. І сённяшняе Евангелле вельмі вымоўнае і паказальнае ў гэтых кантэкстах. Кожны наш добры ўчынак адносна бліжняга — гэта ўчынак у адносінах да самога Хрыста: “бо Я быў галодны, і вы далі Мне есці; прагнуў, і вы напаілі Мяне; быў падарожным, і вы прынялі Мяне; быў голы, і вы апранулі Мяне; быў хворы, і вы адведалі Мяне; быў у вязніцы, і вы прыйшлі да Мяне”.

Такім чынам наш Збаўца ўказвае, я якія ўчынках ці іх адсутнасць мы будзем асуджаны — любоў, падараваная ці ахвяраваная альбо адмоўленая ці занядбаная адносна бліжніх, бо Ён сам, Суддзя, прысутны ў кожным з іх. Езус кажа: “Сапраўды кажу вам: тое, што вы зрабілі (ці не зрабілі) аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі (ці не зрабілі)”. Мы будзем асуджаны паводле любові.

“Прыйдзіце, благаслаўлёныя Айца Майго, прыміце ў спадчыну Валадарства, падрыхтаванае вам ад стварэння свету,” — гэтыя словы Збаўцы з’яўляюцца добрай матывацыяй у нашым жыцці, бо даюць нам надзею, што нашыя старанні ды клопаты будуць заўважаны і ўзнагароджаны, а нашыя занядбанні, безудзельнасць ды безуважнасць будуць пакаранымі. Кожны, нават самы наш дробны ўчынак, будзе ўзяты пад увагу, а ўзнагарода сапраўды вялікая і годная таго, каб да яе імкнуцца. Таму напамін Хрыста: “тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі,” няхай стане для нас актуальным не толькі на словах, але і ў нашых штодзённым справах.

Разважанне падрыхтаваў кс. д-р Сяргей Сурыновіч

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі