Разважанне на ўрачыстасць Аб’яўлення Пана. 6 студзеня

Евангелле Мц 2, 1-12

Калі ж Езус нарадзіўся ў Бэтлееме Юдэйскім у дні караля Ірада, вось мудрацы з усходу прыбылі ў Ерузалем, кажучы: Дзе нованароджаны кароль юдэйскі? Бо мы бачылі зорку Ягоную на ўсходзе і прыйшлі пакланіцца Яму.

Пачуўшы гэта, кароль Ірад занепакоіўся і ўвесь Ерузалем з ім. Ён сабраў усіх першасвятароў і кніжнікаў народу і пытаўся ў іх, дзе павінен нарадзіцца Месія?

Яны сказалі яму: У Бэтлееме Юдэйскім, бо так напісана прарокам: І ты, Бэтлеем, зямля Юды, нічым не меншы сярод гарадоў Юды, бо з цябе выйдзе Валадар, які будзе пасвіць народ Мой, Ізраэля.

Тады Ірад, патаемна паклікаўшы мудрацоў, выведаў у іх пра час з’яўлення зоркі. Паслаўшы іх у Бэтлеем, сказаў: Ідзіце і старанна шукайце Дзіця, калі ж знойдзеце, паведаміце мне, каб і я пайшоў пакланіцца Яму. Яны ж, выслухаўшы караля, пайшлі.

І вось зорка, якую яны бачылі на ўсходзе, ішла перад імі, пакуль не прыйшла і не стала над месцам, дзе было Дзіця. Убачыўшы зорку, яны вельмі ўзрадаваліся. Увайшоўшы ў дом, яны ўбачылі Дзіця з Марыяй, Маці Яго, і ўпалі, і пакланіліся Яму. І адчыніўшы скарбніцы свае, ахвяравалі Яму дары: золата, кадзіла і мірру.

І папярэджаныя ў сне, каб не вярталіся да Ірада, іншай дарогай адышлі ў сваю краіну.

Сёння ў літургіі мы згадваем той дзень, калі мудрацы з Усходу пакланіліся нованароджанаму Езусу і прынеслі Яму дары: золата, кадзіла і міра. Аднак гэта таксама дзень, у які Хрыстус явіў усяму свету сваю сілу і хвалу, якая заззяла, як Бэтлеемская зорка.

Паклон мудрацоў з Усходу Дзіцяці Езусу, які апісваецца ў Евангеллі святым Мацвеем (Мц 2, 1-12), сімвалізуе паклон свету язычнікаў, усіх людзей, якія кленчаць перад Уцелаўлёным Богам. Гэта адно з самых старажытных свят у Касцёле.

Знайшоўшы Дзіця Езуса, мудрацы ахвяруюць Яму свае дары. Атрымаўшы ў сне загад не вяртацца да Ірада, адыходзяць у свае краіны іншым шляхам. У трох магах першапачатковы Касцёл бачыць сябе, язычніцкі свет, усю чалавечую сям’ю, сярод якой з’явіўся Хрыстус і якая праз сваіх прадстаўнікоў здалёк прыходзіць пакланіцца Яму.

Урачыстасць Аб’яўлення Пана, свята Трох Каралёў з’яўляецца крыніцай надзеі. Пакланенне мудрацоў з’яўляецца па сутнасці адарацыяй Бога як крыніцы ласкі для ўсіх тых, хто хоча жадае ўспрыняць заклік да пошуку Бога і святасці. У духу пакоры і прызнання жыццядайнай залежнасці ад Бога сённяшняя падзея заклікае нас больш часу прысвячаць адарацыі Пана ў Найсвяцейшым Сакрамэнце. Аб’яўленне Пана з’яўляецца таксама ясным заклік да святасці, пазначаючы нашыя дзверы першымі літарамі імёнаў Трох Каралёў, якія даюць нам дасканалы прыклад пошуку і шанавання Бога.

Разважанне падрыхтаваў кс. д-р Сяргей Сурыновіч

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі