Разважанне на панядзелак, ІІІ тыдзень Вялікага посту

Евангелле Лк 4, 24–30

Калі Езус прыйшоў у Назарэт, Ён звярнуўся да людзей у сінагозе: Сапраўды кажу вам: ніводзін прарок не з’яўляецца пажаданым на сваёй бацькаўшчыне. Па праўдзе кажу вам: шмат ўдоваў было ў Ізраэлі ў дні Іллі, калі замкнёным было неба тры гады і шэсць месяцаў, так што быў вялікі голад па ўсёй зямлі. І да ніводнай з іх не быў пасланы Ілля, а толькі да аўдавелай жанчыны ў Сарэпту Сідонскую. Шмат таксама было пракажоных у Ізраэлі ў часы прарока Елісея, і ніводзін з іх не быў ачышчаны, апрача Наамана сірыйца.

Пачуўшы гэта, усе ў сінагозе напоўніліся гневам і, устаўшы, выгналі Яго прэч з горада, і павялі на вяршыню гары, на якой быў пабудаваны іх горад, каб скінуць Яго.

Але Ён, прайшоўшы паміж іх, адышоў.

У сённяшнім Евангеллі мы бачым, як Езус вяртаецца ў свой родны горад Назарэт, дзе Ён наведвае сінагогу і звяртаецца да людзей. Ён кажа: «Сапраўды кажу вам: ніводзін прарок не з’яўляецца пажаданым на сваёй бацькаўшчыне» (Лк 4, 24). Езус кіруе гэтыя словы да натоўпу, які выразна выказвае сумневы і адхіленне, бо суайчыннікі бачаць у Ім звычайнага чалавека, якога яны ведаюць з дзяцінства. Яны ведалі Яго як сына Язэпа, цесляра, і Марыі, і не маглі зразумець, як хтосьці, каго лічылі сваёй раўнёй, можа быць прарокам або Месіяй. Іхнія стэрэатыпы і ўяўленні сталі перашкодай для прыняцця Божай праўды, не гледзячы на тое, што прыклады вялікіх постацяў і Божых людзей у іх родных ваколіцах былі не забытымі, служылі ім прыкладам веры і адданасці.

Назарэт не быў проста вёскай; у Бібліі ён названы грэцкім словам “поліс” (грэц. πόλις), што азначае горад. У гэтым горадзе ў часы Езуса магло пражываць да 20 тысяч жыхароў. Гэты горад быў размешчаны ў даліне сярод невысокіх гор Галілеі, недалёка ад раўніны Ездраэлон. Трэба было толькі ўзысці на вяршыню гары, на схіле якой стаяў горад, каб перад вачыма адкрылася цудоўная панарама на шмат кіламетраў навакол. Перад вачыма назіральніка рассцілалася гісторыя Ізраэля і яе слаўныя падзеі: раўніна Ездраэлон, на якой Дэбора змагалася разам з Баракам; Гідэон здабываў свае перамогі; бой з ворагамі загубіў Саўла, дзе загінуў у бітве Ёсія; з вяршыні можна было горад Сунам, дзе калісьці жыў прарок Елісей; горад Кармэль, дзе Ілля здабыў сваю вялікую перамогу над жрацамі Баала; у блакітнай далечы віднелася Міжземнае мора і астравы.

Не толькі гісторыя Ізраэля раскрывалася з вяршыні гары над Назарэтам: тры далёкія дарогі прасціраліся перад вачыма назіральніка. Па дарозе з Поўдня ішлі пілігрымы ў Ерузалем; па вялікай Прыморскай дарозе рухаліся караваны з Егіпта ў Дамаск; а па вялікай Усходняй дарозе назіраліся караваны з Арабіі і рымскія легіёны, якія ішлі да ўсходніх меж імперыі. Гэтыя геаграфічныя і гістарычныя дэталі паказваюць, што Назарэт быў не толькі месцам, дзе вырас Езус, але і важным пунктам на карце старажытнага свету. Гэта быў горад, які злучаў розныя культуры, гандлёвыя шляхі і гістарычныя падзеі. Усё гэта стварала ўнікальны кантэкст для жыцця і служэння Езуса, які пачаў сваю місію менавіта ў гэтым рэгіёне.

Людзі мелі свае ўласныя чаканні адносна Месіі. Яны чакалі магутнага і слаўнага Збаўцу, які вызваліць Ізраэль ад рымскага панавання і аднавіць яго былую славу. Езус жа прыйшоў да іх не як ваяр або палітычны лідар, а як прарок, які вучыць пра любоў, міласэрнасць і духоўнае пераўтварэнне. Гэта не адпавядала іхняму прадстаўленню аб лідары, і таму яны адхілілі Яго. Іхняе нявер’е і духоўная слепата выклікалі сумневы і нават гнеў.

Езус прапаноўвае новы погляд на Божую задуму, Ён нагадвае пра прарока Іллю, які быў пасланы да ўдавы ў Сарэпце Сідонскай, і пра Елісея, які ачысціў Наамана сірыйца (пар. Лк 4, 25–27). Гэтыя прыклады паказваюць, што Божая ласка і міласэрнасць не абмежаваныя толькі Ізраэлем, а распаўсюджваюцца на ўсіх, хто адкрыты на Яго слова. Для людзей у сінагозе гэта было выклікам іхняму вузкаму ўяўленню. Яны не былі гатовыя прыняць, што Бог можа дзейнічаць за межамі іхняга народа.

Езус павучае пра пакаянне і духоўную абнову, але яны не хацелі прызнаць, што маюць патрэбу ў зменах. Яны лічылі сябе праведнымі і дастойнымі Божай ласкі, таму іх абражалі словы Езуса, якія паказвалі на іхнюю духоўную пустэчу. Гэтае Евангелле нагадвае нам пра небяспеку духоўнай слепаты і пыхі.

Мы таксама вельмі часта схільныя адмаўляць праўду, калі яна не адпавядае нашым планам або стэрэатыпам. Езус нагадвае нам, што Божыя шляхі не заўсёды зразумелыя для нас. Ён выбірае тых, хто адкрыты для Яго слова, нават калі яны не належаць да «абранага народа».

Няхай гэтае Евангелле натхняе нас да большай адкрытасці на Божую волю, спрыяе даверу Яго кіраўніцтву. Няхай мы, як вучні Езуса, імкнёмся да таго, каб прыняць ісціну, нават калі яна выходзіць за межы нашых уяўленняў. Бо толькі так мы зможам стаць сапраўднымі сведкамі Хрыста ў нашым свеце.

Разважанне падрыхтаваў кс. кан. д–р Сяргей Сурыновіч

для друку для друку