У той час:
Езус сказаў сваім вучням: Калі ж прыйдзе Сын Чалавечы ў славе сваёй і ўсе Анёлы з Ім, тады сядзе на троне славы сваёй. I сабраныя будуць перад Ім усе народы, і аддзеліць адных ад другіх, як пастух аддзяляе авечак ад казлоў. І паставіць авечак праваруч, а казлоў — леваруч.
Тады скажа Валадар тым, хто праваруч Яго: Прыйдзіце, благаслаўлёныя Айца Майго, прыміце ў спадчыну Валадарства, падрыхтаванае вам ад стварэння свету.
Бо Я быў галодны, і вы далі Мне есці;
прагнуў, і вы напаілі Мяне;
быў падарожным, і вы прынялі Мяне;
быў голы, і вы апранулі Мяне;
быў хворы, і вы адведалі Мяне;
быў у вязніцы, і вы прыйшлі да Мяне.
Тады адкажуць Яму справядлівыя: Пане, калі мы бачылі Цябе галодным і накармілі, ці сасмяглым і напаілі? Калі мы бачылі Цябе падарожным і прынялі, ці голым і апранулі? Калі мы бачылі Цябе хворым ці ў вязніцы і прыйшлі да Цябе?
I Валадар скажа ім у адказ: Сапраўды кажу вам: тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі.
Тады скажа і тым, хто леваруч Яго: Ідзіце ад Мяне, праклятыя, у агонь вечны, падрыхтаваны д’яблу і анёлам ягоным.
Бо Я быў галодны, і вы не далі Мне есці;
прагнуў, і вы не напаілі Мяне;
быў падарожным, і вы не прынялі Мяне;
быў голы, і вы не апранулі Мяне;
быў хворы і ў вязніцы, і вы не адведалі Мяне.
Тады і яны адкажуць Яму, кажучы: Пане, калі мы бачылі Цябе галодным ці сасмяглым, ці падарожным, ці голым, ці хворым, ці ў вязніцы, і не ўслужылі Табе?
Тады скажа ім у адказ: Сапраўды кажу вам: Чаго вы не зрабілі аднаму з гэтых меншых, таго не зрабілі Мне. І гэтыя адыдуць на вечнае пакаранне, а справядлівыя — да вечнага жыцця.
У сённяшнім Евангеллі Езус кажа сваім вучням пра той час, калі Сын Чалавечы прыйдзе ў сваёй славе і аддзеліць сярод людзей, як пастух аддзяляе авечак ад казлоў. Авечкі будуць стаяць праваруч, а казлы — леваруч (пар. Мц 25, 31).
Гэта адна з найбольш яркіх прамоў, калі-небудзь сказаных Езусам, і ўрок з яе цалкам ясны: Бог будзе судзіць нас па нашым стаўленні да чалавечых патрэб. Ён будзе судзіць нас не па назапашаных ведах ці па набытай славе, не па назапашаным багацці, а толькі па нашаму служэнню бліжнім. Гэтыя словы павучаюць нас і ясна акрэсліваюць кірункі, якія вядуць нас да збаўлення, і якія вядуць нас да асуджэння.
Езус заклікае нас быць уважлівымі да патрэб іншых людзей. Ён кажа: «Бо Я быў галодны, і вы далі Мне есці; прагнуў, і вы напаілі Мяне; быў падарожным, і вы прынялі Мяне; быў голы, і вы апранулі Мяне; быў хворы, і вы адведалі Мяне; быў у вязніцы, і вы прыйшлі да Мяне» (Мц 25, 35–36). Гэтая мова Хрыста нагадвае нам пра наш абавязак перад тымі, хто мае розныя патрэбы, перажывае цяжкасці і ўсякага роду абмежаванні ў жыцці — гэта не толькі спрыянне ў матэрыяльнай нястачы, але і ў духоўных недахопах. Мы павінны быць уважлівымі да тых, хто мае патрэбу ў нашай малітве, рэальнай і канкрэтнай помачы, быць здольнымі выслухаць, зразумець і адчуваць патрэбы іншых людзей.
Даць галоднаму паесці, напаіць сасмяглага, прыняць падарожнага, наведаць хворага, прыйсці да таго, хто сядзіць у турме, — можа зрабіць кожны. Гэта не патрабуе выдаткаў сотняў тысяч рублёў або спецыяльных ведаў і кваліфікацыі. Гатоўнасць паслужыць іншым — гэта не толькі дапамога ў цяжкіх сітуацыях, але і ў штодзённых дробязях, якія могуць здавацца нязначнымі, але маюць вялікае значэнне для тых, хто іх атрымлівае.
Другі важны момант, які мы можам вынесці з гэтага Евангелля, — нашыя ўчынкі на зямлі маюць свае наступствы ў вечнасці. Езус кажа: «Прыйдзіце, благаслаўлёныя Айца Майго, прыміце ў спадчыну Валадарства, падрыхтаванае вам ад стварэння свету» (Мц 25, 34). Але Ён папярэджвае тых, хто не выконваў запаведзі любові: «Ідзіце ад Мяне, праклятыя, у агонь вечны, падрыхтаваны д’яблу і анёлам ягоным» (Мц 25, 41).
Дапамога іншым павінна быць заснаваная не на разліку і выгодзе. Людзі, якія шчыра аказвалі дапамогу, не думалі пра тое, што яны аказваюць яе Езусу Хрысту і тым самым атрымліваюць заслугі ў вечнасці; яны дапамагалі таму, што інакш проста не маглі дзейнічаць. Гэта была натуральная, інстынктыўная і спантанная рэакцыя любячага сэрца.
У той жа час тыя, хто быў абыякавым і бяздушным да бліжніх і іх патрэб, скажуць — калі б мы ведалі, што гэта Ты быў, Пане, то з радасцю дапамаглі б Табе; мы думалі, што гэта нейкі просты і звычайны чалавек, якому не варта дапамагаць, таму і не гублялі на яго свайго часу і сіл. Многія гатовы аказаць дапамогу, калі атрымаюць пахвалу, падзяку, славу…, але не трэба блытаць служэнне іншым з задавальненнем і рэалізацыяй сваіх амбіцый. Такая дапамога ніяк не звязана са шчодрасцю і сардэчнасцю, не адпавядае крытэрыям міласэрнасці і любові, — з’яўляецца ўсяго толькі замаскіраваным усвядомленым ці не, але эгаізмам.
Езус кажа: «Сапраўды кажу вам: тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі» (Мц 25, 40). Гэтыя словы нагадваюць нам пра тое, што ў кожным чалавеку мы павінны бачыць самага Езуса і дапамагаць яму з любоўю і міласэрнасцю.
Падчас Вялікага посту мы, вернікі, асабліва павінны наблізіцца да нашых бліжніх у любові і клопаце, зрабіць свае сэрцы чулымі і дбайнымі да іх патрэб, пільнымі і спагадлівымі да іх клопатаў, уважлівымі і ўніклівымі да іх просьбаў. Сённяшняе Евангелле вучыць нас, што мы павінны быць уважлівымі да патрэб іншых людзей і практыкаваць міласэрнасць у нашым жыцці. Хрыстус будзе судзіць нас паводле нашых учынкаў любові і міласэрнасці. Няхай гэтая праўда стане для нас крыніцай натхнення на штодзённыя добрыя справы і дапамогу іншым, каб мы маглі ўважліва слухаць, з любоўю і разуменнем падтрымліваць тых, хто мае патрэбу, і былі сапраўднымі вучнямі Хрыста.
Разважанне падрыхтаваў кс. кан. д-р Сяргей Сурыновіч
