Мука Пана нашага Езуса Хрыста.
“З самай раніцы першасвятары са старэйшынамі і кніжнікамі і ўся Высокая рада зрабілі нараду і, звязаўшы Езуса, павялі і аддалі Пілату. Пілат спытаўся ў Яго: Ты Кароль Юдэйскі? Ён жа сказаў яму ў адказ: Ты кажаш. І абвінавачвалі Яго першасвятары ў многім. Пілат жа зноў спытаўся ў Яго: Ты нічога не адказваеш? Паглядзі, колькі сведчыць супраць Цябе. Езус жа нічога больш не адказваў, таму дзівіўся Пілат.
На кожнае свята ён адпускаў ім аднаго вязня, якога прасілі. Быў жа нейкі Барабба, зняволены са сваімі саўдзельнікамі, якія падчас бунту ўчынілі забойства. І, падышоўшы, натоўп пачаў прасіць таго, што ён заўсёды рабіў ім. Пілат жа сказаў ім у адказ: Хочаце, адпушчу вам Караля Юдэйскага? Бо ведаў, што першасвятары выдалі Яго ад зайздрасці. Але першасвятары падбухторылі народ, каб адпусціў ім лепш Бараббу. Пілат, адказваючы, зноў сказаў ім: Што хочаце, каб я зрабіў з тым, каго вы называеце Каралём Юдэйскім? Яны зноў закрычалі: Укрыжуй Яго! Пілат сказаў ім: Што дрэннага зрабіў Ён? Але яны яшчэ мацней закрычалі: Укрыжуй Яго! Тады Пілат, хочучы дагадзіць людзям, адпусціў ім Бараббу, а Езуса пасля бічавання аддаў на ўкрыжаванне.
Жаўнеры адвялі Яго ў сярэдзіну дзядзінца, гэта значыць, у прэторыю, і сабралі цэлую кагорту. І апранулі Яго ў пурпур, і, сплёўшы цярновы вянок, усклалі на Яго. І пачалі вітаць Яго: Вітай, Кароль Юдэйскі! І білі яго па галаве трысцінай, і плявалі на Яго, і, згінаючы калені, кланяліся Яму. А калі насмяяліся з Яго, знялі пурпур і апранулі ў Ягонае адзенне, і павялі, каб укрыжаваць.
І прымусілі нейкага прахожага Сымона кірынейца, бацьку Аляксандра і Руфа, які ішоў з поля, несці Ягоны крыж. І прывялі Яго на месца званае Галгота, што азначае: Месца чэрапа. І давалі Яму піць віно са смірнаю, але Ён не ўзяў. І тыя, хто ўкрыжаваў Яго, дзялілі вопратку Ягоную, кідаючы жэрабя, каму што ўзяць.
Была ж трэцяя гадзіна, калі ўкрыжавалі Яго. І быў надпіс з віной Ягонай: Кароль Юдэйскі. Разам з Ім укрыжавалі двух злачынцаў, аднаго з правага, другога з левага боку ад Яго. І збылося Пісанне, якое гаворыць: і да злачынцаў залічаны. Тыя, хто праходзіў міма, зневажалі Яго, ківаючы галовамі сваімі і кажучы: Гэй! Ты, што руйнуеш святыню і за тры дні будуеш, уратуй сябе самога, сышоўшы з крыжа. Падобна і першасвятары з кніжнікамі, насміхаючыся, казалі адзін аднаму: Іншых ратаваў, а сябе не можа ўратаваць! Хрыстус, Кароль Ізраэля, няхай сыдзе цяпер з крыжа, каб мы ўбачылі і паверылі. І тыя, хто быў укрыжаваны разам з Ім, зневажалі Яго.
Калі надышла шостая гадзіна, цемра ахапіла ўсю зямлю аж да дзявятай гадзіны. Каля дзявятай гадзіны ўсклікнуў Езус моцным голасам: Элі, Элі! лема сабахтані! Што азначае: Божа Мой, Божа Мой, чаму Ты Мяне пакінуў? Некаторыя з тых, хто стаяў там, чуючы гэта, казалі: Ён кліча Іллю. А адзін пабег, намачыў губку воцатам і, насадзіўшы на трысціну, паіў Яго, кажучы Чакайце, паглядзім, ці прыйдзе Ілля зняць Яго. Езус жа, ускрыкнуўшы моцна, сканаў.
І заслона ў святыні разарвалася надвое зверху аж данізу. Сотнік, які стаяў насупраць Яго, сказаў, убачыўшы як Ён канаў: Сапраўды Чалавек гэты быў Сынам Божым”.
Цэлебрацыяй сённяшняй урачыстасці мы пачынаем падрыхтоўку да “Пасхі Пана”, якая з’яўляецца “крыніцай і кульмінацыяй” усяго літургічнага года.
У Пальмовую нядзелю мы адзначаем перш за ўсё момант хвалы Езуса, які ўрачыста ўваходзіць у Ерузалем, каб завяршыць таямніцу сваёй смерці і ўваскрасення. Малы і сціплы трыумф, які прадвяшчае будучую і вялікую славу Уваскрэсення. Таму сёння, са старажытных часоў, чытаюцца два Евангеллі. Папа Францішак сказаў: “Сённяшняя цэлебрацыя мае падвойны густ, салодкі і горкі: у ёй мы праслаўляем Пана, які ўваходзіць у Ерузалем з вялікай хвалой, і ў той жа час абвяшчаецца евангельская гісторыя Яго Мукі. Па гэтай прычыне нашае сэрца адчувае шчымлівы кантраст, і ў нейкай мінімальнай ступені адчувае тое, што Езус адчуваў у сваім сэрцы ў той дзень, у дзень, калі Ён радаваўся са сваімі сябрамі і плакаў над Ерузалемам” (Гамілія на Пальмовую нядзелю 2017 г.).
Езус уваходзіць як кароль, але стыль яго ўваходу не пазначаны фанабэрыстасцю зямных трыумфаў: не па-каралеўску на ўпрыгожаным кані, а на асле, накрытым адзеннем вучняў. Вітаны пальмавымі галінамі, а не трубамі і пераможнымі песнямі войска. Ён уваходзіць як “сын Давіда”. Ён заваёўвае свой горад не ваеннай перамогай, а як лагодны валадар, які прыходзіць “у імя Пана”. Пакорны і сціплы ўваход Езуса ў Ерузалем трэба разглядаць у святле таго, што сам Езус сказаў перад Пілатам: “Валадарства Маё не з гэтага свету”.
Езус уваходзіць у Ерузалем не для таго, каб атрымаць гонар і ўладу. Ён уваходзіць, каб Яго бічавалі, абражалі, Ён уваходзіць, каб атрымаць цярновы вянок, пурпурны плашч, Ён уваходзіць, каб памерці на Крыжы. Яго трон — дрэва Крыжа.
Сярод натоўпу, які яго вітаў, сапраўды ёсць сціплыя людзі, якія маюць веру, якія прызнаюць Яго Збаўцам, але ёсць і людзі, якія бачаць у ім толькі вызваліцеля ад рымскіх прыгнятальнікаў. І калі Езус “не апраўдвае” чаканні апошніх, натоўп паварочваецца супраць Яго і літаральна праз некалькі дзён іх “Гасанна” ператвараецца ва: “Укрыжуй Яго!”.
Яны так і не зразумелі, што Езус не выкарыстоўвае сілу, як зямныя каралі. Ён перамагае любоў і міласэрнасцю і прабачэннем, аддаючы ўласнае жыццё. Ён не заваёўвае народы і землі, а заваёўвае сэрцы.
Разважанне падрыхтаваў кс. Аляксей Ляшко
