Разважанне на IX звычайную нядзелю. Год В

Евангелле Мк 2, 23–28

“Аднойчы ў шабат, калі Езус праходзіў праз пасевы, вучні Ягоныя пачалі па дарозе зрываць каласы. Тады сказалі Яму фарысеі: Глядзі, чаму яны робяць у шабат тое, што не дазволена?

Ён сказаў ім: Няўжо вы ніколі не чыталі, што зрабіў Давід, калі меў патрэбу і згаладаўся ён і тыя, хто быў разам з ім? Як увайшоў у дом Божы ў часы першасвятара Абіятара і еў ахвярныя хлябы, якіх нельга есці нікому, акрамя святароў, і даў тым, хто быў з ім?

І сказаў ім: Шабат устаноўлены для чалавека, а не чалавек для шабату. Таму Сын Чалавечы — гаспадар шабату”.

Ісці за Езусам і прабываць з Ім разам, для вучняў азначала таксама і раздзяленне цяжкасцяў, якія спатыкалі Яго, бо “Сын Чалавечы не мае дзе схіліць галаву” (Мц 8, 20). Аднак гэта не азначае, што яны адчувалі сябе стомленымі або прыгнечанымі абставінамі, такімі, як мы іх бачым у сённяшнім Евангеллі.

Спадарожнікі Езуса праходзяць праз палі, засеяныя пшаніцай, каласы якой нібы прапануюць ім сваё збожжа. Апосталы спантанна прымаюць тое, што прапануе ім прырода, і рвуць каласы, і такім чынам супакойваюць голад. У гэты момант вучні не бачаць ніякіх іншых праблем, бо ведаюць, што Настаўнік разам з імі і ўсё, што яны робяць, робяць пад Яго позіркам. Лёгка ўявіць сабе радасць Езуса, бачачы, як яго вучні адчувалі сябе свабоднымі і маглі атрымліваць асалоду ад простых рэчаў.

Фарысеі, наадварот, не прабываюць пад позіркам Пана, а знаходзяцца ў цені Закона. Яго яны выконваюць з прызвычаення: без ахвярнасці, без духоўнасці, без праўды, без справядлівасці, без любові. Яны прымяняюць яго без уліку канкрэтных патрэб людзей і такім чынам, гэта становіцца гнятлівым цяжарам. Менавіта па гэтай прычыне Езус стараецца крыху падняць позірк фарысеяў, даючы ім прыклад свабоды, з якой цар Давід паводзіў сябе шмат гадоў таму, і нагадвае ўсім, што “Сын Чалавечы — гаспадар шабату”.

Езус нагадвае нашаму фарысейскаму сэрцу, што неабходна жыць нашай верай і практыкамі, якія з яе вынікаюць, з праўдзівым евангельскім распазнаваннем нашых адносін да таго, што законна, гэта значыць да тых нормаў жыцця, якія даў нам сам Пан. Гэтая правільная перспектыва павінна дапамагчы нам не парушаць Закон, правілы, рэчы, якія мы лічым правільнымі, але жыць імі ў правільнай перспектыве, не ператвараючы іх у маралізатарства.

Знаходзіцца ў прысутнасці Хрыста дапамагае нам адчуць глыбокую ўнутраную свабоду. Ён вучыць нас, у належнай ступені, цаніць нашыя меркаванні і погляды аб тым, як нам трэба перажываць разныя жыццёвыя моманты. І заўсёды звяртае нашу ўвагу на тое, што сапраўдныя патрэбы іншых мы павінны ставіць на першае месца.

Разважанне падрыхтаваў кс. Аляксей Ляшко

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі