У горадзе Кафарнауме Езус увайшоў у шабат у сінагогу і навучаў. І здзіўляліся вучэнню Ягонаму, бо Ён вучыў іх як той, хто мае ўладу, а не як кніжнікі.
І быў тады ў сінагозе чалавек, апанаваны нячыстым духам, які закрычаў: Што Табе да нас, Езус Назаранін? Ты прыйшоў загубіць нас? Ведаю Цябе, хто Ты, Святы Божы. Але Езус забараніў яму, кажучы: Змоўкні і выйдзі з яго. Тады дух нячысты, таргануўшы яго і закрычаўшы моцным голасам, выйшаў з яго. І здзівіліся ўсе, так што пыталіся адзін у аднаго, кажучы: Што гэта? Новае вучэнне, якое мае моц? Ён і духам нячыстым загадвае, і яны слухаюцца Яго.
І адразу разышлася пра Яго чутка па ўсёй ваколіцы Галілеі.
Езус навучае, як той, хто мае ўладу. Гэта заўважаюць слухачы і здзіўляюцца. Як пацвярджэнне на гэта, адбываецца першы экзарцызм Езуса, калі Ён выганяе злога духа. Бог прыходзіць у гэты свет, каб вызваліць чалавека ад улады д’ябла. Ёсць у нашым жыцці такія сітуацыі, калі не дастаткова нашых слабых чалавечых сілаў, каб нешта змяніць і палепшыць. У такіх выпадках нам трэба прасіць магутнага Божага заступніцтва. Тут важна разумець адну ісціну. Бог не змагаецца з д’яблам, як роўны з роўным. Д’ябал – гэта ўсяго толькі паўшы анёл. Ён – стварэнне. А Бог — Стварыцель. Божая ўлада бязмежная і святая. Разам з тым мы не павінны ўспрымаць злога духа, як нейкага казачнага персанажа, героя казак і легендаў. Злы дух – гэта рэальная пагроза, ад якой нам трэба мець абарону. Самай першай такой абаронай з’яўляецца сакрамант Хросту, падчас удзялення якога, дарэчы, ужываецца звычайны экзарцызм – малітва аб выгнанні злога духа ад чалавека, які мае быць ахрышчаны. Іншы від экзарцызмаў – урачыстыя — ужываюцца вельмі рэдка і могуць праводзіцца толькі біскупамі, альбо спецыяльна дэлегаванымі для гэтага святарамі-экзарцыстамі. Няхай Божае слова, якое слухаем, і сакраманты, якія прымаем, дапамагаюць нам трываць у Божай прысутнасці і Божай ласцы.
Разважанні падрыхтаваў кс. Віктар Місевіч
для друку