Разважанне на ІV Велікодную нядзелю. Год В

Евангелле Ян 10, 11–18

“У той час:

Езус сказаў: Я — добры пастыр. Добры пастыр аддае жыццё сваё за авечак. А найміт і не пастыр, якому не належаць авечкі, калі бачыць, што прыходзіць воўк, кідае авечак і ўцякае, а воўк хапае і разганяе іх. Уцякае, бо ён найміт і не клапоціцца пра авечак.

Я — добры пастыр і ведаю сваіх, а Мае ведаюць Мяне, як Мяне ведае Айцец і Я ведаю Айца. І жыццё сваё аддаю за авечак. Ёсць у Мяне і іншыя авечкі, якія не з гэтага двара. І гэтых Мне трэба прывесці, і яны будуць слухаць голас Мой, і будзе адзін статак і адзін пастыр.

За тое любіць Мяне Айцец, што Я аддаю жыццё сваё, каб узяць яго зноў. Ніхто не адбірае яго ў Мяне, але Я сам аддаю яго. Я маю ўладу яго аддаць і маю ўладу зноў узяць яго. Такую запаведзь Я атрымаў ад Айца Майго”.

IV Велікодная Нядзеля мае тытул нядзелі Добрага Пастыра. 12 красавіка 1964 года Папа Павел VI пажадаў, каб у гэтую нядзелю святкаваўся Сусветны Дзень малітвы аб пакліканнях. Ён сказаў: “Гэтая Нядзеля, якая ў Рымскай Літургіі бярэ з Евагелля назву Нядзеля Добрага Пастыра, таму няхай Ён убачыць шматлікія шэрагі католікаў з усяго свету, аб’яднаных, каб прасіць Пана аб работніках, неабходных для Яго жніва”.

У Евангельскіх урыўках Езус часта пераводзіць сваё жыццё ў розныя вобразы Бога, які схіляецца, каб клапаціцца пра людзей: Я – святло, Я —  жыццё, Я — вада, Я — хлеб жывы. А сёння Ён кажа нам: “Я — добры пастыр… І жыццё сваё аддаю за авечак”. Езус паказвае вялікую пяшчоту і клопат Бога, які дае жыццё кожнаму. Яго жыццё, Яго існаванне аж да смерці, з’яўляецца дарам, які, у сваю чаргу, з’яўляецца жыццём для ўсіх людзей.

“Я – добры пастыр”. Езус — сапраўдны пастыр, моцны, не баязлівец. Ён не ўцякае, у адрозненне ад найміта, а “аддае жыццё сваё за авечак”. Ён мае смеласць змагацца і абараняць свой статак ад ваўкоў. Трагедыяй сучаснага зманлівага свету з’яўляецца тое, што ў ім існуе вялікая колькасць “наймітаў”, якія падманваюць людзей, якія не прапануюць Жыццё, а наадварот, адбіраюць яго і ўскладняюць. Гэта існавала яшчэ ў Старым Запавеце і Бог абвясціў прыход сапраўднага Пастыра. Хрыстос абагульняе ў сабе вобраз не толькі ўсіх сапраўдных пастыраў, але перш за ўсё вобраз самога Бога.

Езус кажа: “Я аддаю жыццё сваё”. Гэта значна больш, чым звычайны клопат пра статак. Гэта асэнсаваны выбар, а не выпадковасць, свабодны выбар Езуса, а гэта значыць, не заслужаны намі. Езус ведае, што Яго жадаюць забіць, але і гэта не стрымлівае місіі, даручанай Айцом. Ён робіць гэта, таму што любіць кожнага чалавека, любіць Айца і таму, што хоча, каб ахвяра свайго жыцця адкрыла ўсім людзям бязмежную любоў Бога.

“Я — добры пастыр і ведаю сваіх”. Гэтыя словы Езуса даюць нам зразумець, што Бог любіць нас не як масу людзей, але кожнага паасобку. Бог заклікае кожнага асобнага чалавека быць “сынам у Сыне”, заклікае нас увайсці ў асаблівыя адносіны з Айцом. У адносіны, якія могуць існаваць толькі паміж Айцом і Сынам. Аднак не толькі пастыр ведае авечак, але і авечкі ведаюць пастыра, яго жыццё, яго паводзіны, яго пачуцці, яго трывогі і яго радасці. Авечкі таксама адчуваюць яго прысутнасць, часам маўклівую, але гэтая прысутнасць  заўсёды дае ім бяспеку і спакой. Але “Ёсць у Мяне і іншыя авечкі, якія не з гэтага двара”.

Вобраз межаў, агароджы ці канкрэтнага двара, прападае. Божы народ унікальны, ён не мае межаў, не мае агароджы ні ўнутры, ні навокал сябе. Гэта народ у дарозе, які вядзе адзін пастыр, Езус, адзіны пасрэднік збаўлення, адзіны, хто можа па-сапраўднаму вызваліць нас і даць нам перажыць досвед сапраўднай свабоды.

Разважанне падрыхтаваў кс. Аляксей Ляшко

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі