Разважанне на IV Велікодную нядзелю. Год С. 8 мая

Евангелле Ян 10, 27–30

У той час:

Езус сказаў: Авечкі Мае слухаюць голасу Майго, і Я ведаю іх, і яны ідуць за Мною. І Я даю ім вечнае жыццё навекі, і яны не загінуць ніколі, і ніхто не вырве іх з рук Маіх. Айцец Мой, які даў Мне іх, большы за ўсіх. І ніхто не можа вырваць іх з рукі Айца Майго. Я і Айцец — адно.

Змешчаная вышэй выява – гэта фрэска з ІІ стагоддзя з рымскіх катакомбаў. Катакомбы –гэта падзямеллі Рыма, дзе збіраліся першыя хрысціяне, каб разам перажываць Эўхарыстыю. Першыя трыста год нельга было свабодна ў Рымскай імперыі вызнаваць Хрыста. Таму вернікі мусілі практыкаваць сваю веру падпольна. Але хто ж змешчаны на выяве? – спытаецеся вы. Асоба на фрэсцы сваімі абрысамі нагадвае выявы рымскай міфалогіі тых часоў. Аднак, Чалавек на выяве не мае ніякага дачынення да рымскай міфалогіі. Асоба на фрэсцы – гэта Езус Добры Пастыр. Адно казлянятка Ён трымае на руках. Іншыя жывёлы стаяць ля Яго ног. Выява Езуса Добрага Пастыра была вельмі распаўсюджаная ў першыя стагоддзі хрысціянства. Гэта дапамагала збіць з панталыку агрэсіўных пераследнікаў. Акрамя такой выявы былі папулярныя выявы якару, рыбы і паламанага хлеба. Усе гэтыя сімвалы абазначалі Хрыста і дапамагалі вернікам пазнаваць адно аднаго ў паганскім натоўпе людзей.

У Евангеллі Езус называе нас сваімі авечкамі. Вельмі важна чуць Яго голас, каб не заблукаць у віры жыцця. А дзе можна пачуць голас Бога? Пачуць яго мы можам, чытаючы Св. Пісанне, удзельнічаючы ў Св. Імшы і слухаючы навучанне Папы і біскупаў. Злы дух будзе спрабаваць заглушыць Божы голас. Але мы маем надзейную зброю супраць яго – малітву.

Разважанне падрыхтаваў кс. канонік Віктар Місевіч

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі