Разважанне на ІІІ Звычайную Нядзелю. Год В. 24 студзеня

ЕВАНГЕЛЛЕ Мк 1, 14–20

Пасля таго, як выдалі Яна, прыйшоў Езус у Галілею, прапаведуючы Евангелле Божае і кажучы, што настаў час і наблізілася Валадарства Божае: кайцеся і верце ў Евангелле.

Праходзячы ж каля Галілейскага мора, убачыў Сымона і Андрэя, брата Сымона, якія закідалі сеткі ў мора, бо яны былі рыбакамі. І сказаў ім Езус: Ідзіце за Мною, і Я зраблю вас рыбакамі людзей. І, адразу пакінуўшы сеткі, яны пайшлі за Ім.

Адышоўшы крыху далей, Ён убачыў Якуба Зэбэдэевага і Яна, брата ягонага, якія таксама сядзелі ў чаўне і ладзілі сеткі. І адразу паклікаў іх. І, пакінуўшы бацьку свайго Зэбэдэя ў чаўне з работнікамі, яны пайшлі за Ім.

Галілея – гэта паўночны рэгіён Абяцанай Зямлі, якую засялілі яўрэі згодна з Божым запаветам. Адбылося гэта за паўтары тысячы гадоў да нараджэння Хрыста. Аднак у 722 годзе да нараджэння Хрыста асірыйцы напалі на Ізраэль і дэпартавалі дзесяць паўночных яўрэйскіх плямёнаў. Запусцелыя землі засялілі прадстаўнікамі розных этнічных груп. Менавіта па гэтай прычыне гэты рэгіён атрымаў назву “Галілея язычнікаў” і лічыўся нячыстым месцам. Аднак, прарок Ісая прадказаў, што менавіта ў Галілеі Бог праявіць сябе як святло для таго, каб выбавіць людзей з цемры.

Ранейшы час зняцэніў зямлю Забулонавую і зямлю Нэфталімавую; а далейшы праславіць дарогу прыморскую, зямлю заярданскую, Галілею язычніцкую. Народ, які хадзіў у цемры, убачыў святло вялікае; над жыхарамі краіны смяротнага ценю заззяла святло. (Іс 8,23-9,1)

У Езусе Хрысце спаўняюцца гэтыя словы. Назарэт знаходзіцца менавіта ў Галілеі. Гэтым самым Бог як бы хоча паказаць, што Сын Божы прыйшоў да ўсіх людзей. Ягонай марай і ідэяй з’яўляецца тое, каб Божая вестка дайшла да кожнай краіны і кожнай тэрыторыі. Каб жа рэалізаваць гэты Божы намер, неабходная дапамога чалавека. Езус бярэ сабе ў вучні рыбакоў, каб пазней яны сталіся рыбакамі чалавечых душаў. Можа, і цябе сёння кліча Бог да нейкай адказнай місіі? Дазволім жа Духу Святому дзейнічаць у нашым сэрцы.

Разважанні падрыхтаваў кс. Віктар Місевіч

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі