Разважанне на ІІI Велікодную нядзелю. Год В

Евангелле Лк 24, 35–48

“У той час:

Вучні Езуса расказалі пра тое, што здарылася ў дарозе, і як яны пазналі Езуса ў ламанні хлеба.

Калі яны казалі пра гэта, сам Езус стаў сярод іх і сказаў: Спакой вам.

Устрывожаныя і напалоханыя яны думалі, што бачаць духа. Але Ён сказаў ім: Чаму засмуціліся, і чаму сумненні ўзніклі ў вашых сэрцах? Паглядзіце на Мае рукі і ногі: гэта Я. Дакраніцеся да Мяне і пераканайцеся: бо дух не мае цела і касцей; як бачыце, Я іх маю. Пасля гэтых слоў Ён паказаў ім рукі і ногі.

А калі яны ад радасці яшчэ не верылі і дзівіліся, Ён сказаў ім: Ці маеце тут што з’есці? Яны падалі Яму кавалак печанай рыбы. Ён узяў і еў перад імі.

І сказаў ім: Гэта словы мае, сказаныя вам, калі Я быў яшчэ з вамі, што павінна збыцца ўсё напісанае пра Мяне ў законе Майсея і ў прарокаў, і ў псальмах. Тады асвяціў іх розум, каб яны разумелі Пісанне.

І сказаў ім: Так напісана, што Месія павінен цярпець і ўваскрэснуць на трэці дзень з мёртвых, і ў Ягонае імя павінна абвяшчацца пакаянне дзеля адпушчэння грахоў усім народам, пачынаючы ад Ерузалема. А вы — сведкі гэтага”.

У трэцюю Велікодную нядзелю мы сузіраем аб’яўленне ўваскрослага Езуса вучням, сабраным у Ерузалеме. Яго прысутнасць сярод іх вельмі важная — каб даць вучням сапраўдны  спакой. Той спакой, які можа ўзнікнуць толькі ад усведамлення пастаяннай прысутнасці Хрыста. Верыць ва Уваскрослага азначае верыць і адчуваць Яго прысутнасць ва ўласным жыцці.

Аднак мы бачым, што ў вучняў няма веры ва Уваскрослага. Як тыя, хто ўжо абвясціў уваскрасенне, так і тыя, хто пазнаў Езуса ў ламанні хлеба, не вераць у Яго прысутнасць. Як кожная хрысціянская супольнасць, так і супольнасць першых вучняў спалучае ў сабе абвяшчэнне і сумненні, велікодную радасць і нявер’е. Евангеліст Лука нават падкрэслівае, што “ад радасці яшчэ не верылі”. Для таго, каб вучні прыйшлі да веры, недастаткова ўбачыць Езуса, недастаткова чуць, дакранацца ці есці разам з Ім. Каб вучні прышлі да веры, трэба асвяціць іх розум для разумення Пісання. Без Святога Пісання няма велікоднай веры. Недастаткова дакрануцца да цела Уваскрослага: трэба сустрэць Хрыста ў целе Святога Пісання.

Гуга Сэн-Вікторскі піша: “Слова Божае, апранутае ў чалавечае цела, з’явілася толькі аднойчы ў бачным выглядзе, і цяпер гэтае самае Слова схавана ад нас на старонцы Святога Пісання і ў чалавечым голасе, які яго абвяшчае”.

Мы бачым яшчэ раз Езуса, які раздзяляе ежу са сваімі вучнямі, а пазней асвячае іх розум для пазнання Святога Пісання, абуджаючы таксама іх памяць: “Усё гэта Я казаў вам, калі яшчэ быў з вамі: павінна збыцца ўсё, што пра Мяне напісана ў законе Майсея, у Прарокаў і ў Псальмах”.

Увесь апошні раздзел Евангелля паводле Лукі сканцэнтраваны на сцвярджэнні цэнтральнай важнасці Святога Пісання для доступу і разумення веры ва Уваскрослага Езуса. Трэба памятаць Святое Пісанне (Лк 24, 6, 8), верыць Пісанню (Лк 24, 25), разумець Пісанне (Лк 24, 45).

Святое Пісанне асвятляе верніка і хрысціянскую супольнасць, робячы іх здольнымі да любові. Да той любові, якая дапамагае навяртанню, перамене ўласнага жыцця і ўзаемнага прабачэння.

Разважанне падрыхтаваў кс. Аляксей Ляшко

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі