Езус зноў з’явіўся вучням сваім каля Тыберыядскага мора. А з’явіўся так. Былі разам Сымон Пётр, Тамаш, званы Блізня, Натанаэль з Каны Галілейскай, сыны Завядзея і двое іншых з вучняў Ягоных. Сымон Пётр кажа ім: Іду лавіць рыбу. Яны адказалі яму: І мы пойдзем з табою. Пайшлі і селі ў човен, але ў тую ноч нічога не злавілі. Калі ўжо развіднела, Езус стаяў на беразе. Але вучні не ведалі, што гэта быў Езус. Кажа ім Езус: Дзеці, ці маеце чаго з’есці? Яны адказалі Яму: Не. А Ён сказаў ім: Закінце сетку з правага боку чаўна і знойдзеце. Яны закінулі і не маглі ўжо выцягнуць яе з-за мноства рыбы.
Тады вучань, якога любіў Езус, сказаў Пятру: Гэта Пан. Калі Сымон Пётр пачуў, што гэта Пан, падперазаўся вопраткай, бо быў голы, і кінуўся ў мора. А іншыя вучні прыплылі на чаўне, бо недалёка былі ад берага, локцяў каля двухсот, а сетку з рыбай цягнулі за сабою.
І калі выйшлі на бераг, убачылі раскладзенае вогнішча, а на ім пакладзеную рыбу і хлеб. І сказаў ім Езус: Прынясіце яшчэ рыбы, што цяпер налавілі. Пайшоў Сымон Пётр і выцягнуў на бераг сетку, поўную вялікіх рыб, якіх было сто пяцьдзесят тры. І хоць іх было столькі, сетка не парвалася. Кажа ім Езус: Хадзіце ж, снедайце! Ніхто з вучняў не адважыўся спытацца ў Яго: Хто Ты? – бо ведалі, што гэта Пан. А Езус падышоў, узяў хлеб і падаў ім, а таксама і рыбу.
Гэта ўжо трэці раз з’явіўся Езус вучням пасля свайго ўваскрасення.
Урывак Евангелля, пра які мы сёння разважаем, з’яўляецца адным з самых маіх любімых урыўкаў. Вучні вярнуліся да сваіх старых заняткаў. Трэба ж за нешта жыць, трэба працаваць. Так, у галовах няспынна круцяцца сцэны падарожжаў з Езусам, як Ён аздараўляў, навучаў, выганяў злых духаў… Але гэта ўсё ў мінулым. Цяпер наступіла зноў шэрая рэчаіснасць. Як балюча і цяжка ўсведамляць сабе, што Настаўніка больш няма побач. А гэтае жудаснае ўкрыжаванне, гэтыя пагрозы з боку варожа настроеных юдэяў…
Галодныя, халодныя, стомленыя, яны чуюць голас: Закіньце сетку з правага боку чаўна і знойдзеце. Першы, хто распазнаў у чалавеку на беразе Езуса, быў Ян. Хрысціянства – гэта не кодэкс нормаў і артыкулаў. Хрысціянства – гэта адносіны з Асобай. Легалізм – гэта не пра Касцёл. Мы павінны кіравацца правам любові. Калі ты любіш Хрыста, то рабі тое, што Ён кажа. Выплыві на глыбіню, закінь сеткі, пасі авечак. Пётр кідаецца ў ваду, падперазаўшыся. Сорам Адама і Евы, якія зрабілі сабе адзежу, бо былі голымі, пераследуе і Пятра. Яму ёсць за што прасіць прабачэння. Ён тройчы быў адрокся Настаўніка.
Але чаму Езус сам не прыйшоў па вадзе да вучняў, як Ён ужо адзін раз зрабіў раней? Святы Грыгорый Вялікі кажа, што бераг сімвалізуе спакой і ўпэўненасць, якую дае Езус. А марскія хвалі сімвалізуюць выпрабаванні і барацьбу, у якіх мы знаходзімся на працягу жыцця. Езус заклікае нас да сябе. У Ім нашая ўпэўненасць, трываласць і перамога.
Разважанне падрыхтаваў кс. канонік Віктар Місевіч
для друку