Разважанне на ІІ нядзелю Вялікага посту. Год В. 28 лютага

ЕВАНГЕЛЛЕ Мк 9, 2–10

У той час:

Езус узяў Пятра, Якуба і Яна і павёў на высокую гару асобна іх адных. І перамяніўся перад імі. Адзенне Ягонае сталася бліскучым і вельмі белым, як ніводзін валюшнік на зямлі не можа выбеліць. І аб’явіўся ім Ілля з Майсеем і гутарылі з Езусам.

І на гэта Пётр сказаў Езусу: Раббі, добра нам тут быць, таму зробім тры шатры: Адзін Табе, адзін Майсею і адзін Іллі. Бо не ведаў, што сказаць, таму што яны спалохаліся. І з’явілася воблака, якое закрыла іх, і з воблака пачуўся голас: Гэта Сын Мой умілаваны, Яго слухайце.

І адразу, калі яны агледзеліся навокал, ужо нікога не ўбачылі, апроч аднаго Езуса. Калі сыходзілі яны з гары, загадаў ім нікому не казаць, што яны бачылі, пакуль Сын Чалавечы не ўваскрэсне з мёртвых. І захавалі наказ, разважаючы між сабою, што значыць «уваскрэснуць».

Езус узяў з сабой трох вучняў на гару Табор і перамяніўся перад імі. Чаму Ён узяў менавіта Пятра, Якуба і Яна? Напэўна, таму, што на іх будзе ўскладзена адказная місія кіравання першым Касцёлам. Пётр – першы сярод апосталаў, якому Езус перадасць ключы ад Нябеснага Валадарства. Улада ключоў абазначае вярхоўную місію ва ўсім Каталіцкім Касцёле. Якуб першым сярод апосталаў прыме мучаніцкую смерць. Ян – адзіны з апосталаў застанецца пад крыжам Збаўцы і памрэ ўласнай смерцю ў глыбокай старасці. Перамяненне Хрыста было патрэбна вучням, каб паказаць ім сапраўдную Божую хвалу. Езус перамяняецца, каб і мы хацелі перамяніцца. Спачатку тут, на зямлі, становячыся штораз больш лепшымі і святымі, а пазней і ў небе, прабываючы ў Богу-Святле. Евангеліст Мацвей зазначае ў Евангеллі: “Тады праведнікі заззяюць, як сонца, у Валадарстве Айца”. З’яўленне Майсея і Іллі ўказвае на важнасць Старога Запавету. Майсей сімвалізуе старазапаветны Закон, а Ілля – прарокаў. Як і падчас хросту Езуса, на гары перамянення гучыць голас Айца Нябеснага: “Гэта Сын Мой умілаваны, Яго слухайце.” Нам усім варта прыслухацца да гэтага голасу і спытаць у сябе, наколькі вучэнне Хрыста ў маім жыцці з’яўляецца важным і асноўным? Езус паказвае нам сёння напрамак, куды ісці. Ён з упэўненасцю сведчыць, што Нябеснае Валадарства рэальнае, нябесная хвала існуе. Каб увайсці туды, нам трэба праявіць паслухмянасць вучняў і пайсці за Хрыстом.

Разважанні падрыхтаваў кс. Віктар Місевіч

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі