У той час:
Езус узяў з сабою Пятра, Яна і Якуба і ўзыйшоў на гару памаліцца. І калі Ён маліўся, выгляд твару Ягонага перамяніўся, і вопратка Ягоная стала бліскуча-белай. І вось два мужы размаўлялі з Ім, а былі гэта Майсей і Ілля. Яны з’явіліся ў славе і казалі пра Ягоны адыход, які Ён павінен здзейсніць у Ерузалеме. Пётр і тыя, хто быў разам з ім, былі змораныя сном. Калі ж абудзіліся, убачылі славу Яго і двух мужоў, якія стаялі разам з Ім.
А калі яны адыходзілі адтуль, Пётр сказаў Езусу: Настаўнік, добра нам тут быць. Паставім тры шатры: адзін для Цябе, адзін для Майсея і адзін для Іллі. Не ведаў ён, што казаў. Калі гаварыў гэта, з’явілася воблака і агарнула іх. І спалохаліся яны, калі ўвайшлі ў воблака.
А з воблака пачуўся голас, які казаў: Гэта Сын Мой выбраны, Яго слухайце. І калі гучаў гэты голас, Езус апынуўся адзін.
І маўчалі яны, і ў тыя дні нікому нічога не казалі пра тое, што бачылі.
У сённяшнім Евангеллі апісваецца адна з найбольш загадкавых і багатых на змест і сімволіку падзей у жыцці Езуса — Яго Перамяненне. Гэтая падзея адкрывае перад намі глыбокія праўды пра Хрыста, пра Яго місію і пра наш уласны шлях веры. Езус бярэ з сабою трох вучняў — Пятра, Яна і Якуба — узыходзіць з імі на гару, каб маліцца.
Гара заўсёды была месцам сустрэчы з Богам, месцам, дзе нябеснае датыкаецца зямнога. У часы Езуса гара Табар (гбр. הַר תָּבוֹר, грэц. Ὄρος Θαβώρ) была знакамітым месцам, якое мела як рэлігійнае, так і стратэгічнае значэнне. Яна знаходзіцца ў ніжняй частцы Галілеі, недалёка ад Назарэта, і ўзвышаецца на 588 метраў над узроўнем мора. Яе выразны купалападобны выгляд робіць яе лёгка пазнавальнай сярод навакольных ландшафтаў.
І вось, калі Езус моліцца, адбываецца нешта надзвычайнае: «выгляд твару Ягонага перамяніўся, і вопратка Ягоная стала бліскуча-белай» (Лк 9, 29). Перамяненне — гэта адкрыццё Боскасці Езуса, Яго славы, якая звычайна схаваная пад вобразам звычайнага чалавека.
З’яўленне Майсея і Іллі, якія размаўляюць з Езусам пра Яго «адыход» (пар. Лк 9, 31), гэта значыць пра Яго пакуты, смерць і ўваскрэсенне, паказвае, што слава Езуса цесна звязаная з Яго крыжам. Майсей і Ілля — гэта знакамітыя і велічныя фігуры Старога Запавету, якія прадстаўляюць закон і прарокаў. Іх прысутнасць пацвярджае, што Езус — гэта выкананне ўсіх абяцанняў і прароцтваў. Яго шлях — гэта шлях праз пакуты да славы, шлях, які Ён запрашае прайсці і нас.
Рэакцыя Пятра — «добра нам тут быць» (Лк 9, 33) — гэта рэакцыя чалавека, які хоча затрымаць момант, захаваць яго. Ён прапануе паставіць шатры, нібы жадае спыніць час. Але Евангелле нагадвае нам, што няма вяртання да мінулага, няма затрымкі на шляху веры. Мы пакліканыя ісці наперад, нават калі гэты шлях вядзе праз цемру і няпэўнасць.
Воблака, якое агарнула іх, і голас з нябёс: «Гэта Сын Мой выбраны, Яго слухайце» (Лк 9, 35) — гэта кульмінацыя падзеі. Воблака — гэта знак прысутнасці Бога, як у Старым Запавеце, калі яно запаўняла каўчэг. Голас з нябёс пацвярджае, што Езус — гэта Сын Божы, і Ён — наш адзіны настаўнік і пастыр. Словы «Яго слухайце» — гэта заклік да кожнага з нас. Мы пакліканыя не проста чуць, але слухаць, гэта значыць прымаць і жыць паводле Ягонага слова.
У завяршэнні гэтай падзеі вучні маўчаць (пар. Лк 9, 36). Іх маўчанне — гэта не толькі знак страху, але і прызнанне таго, што яны бачылі нешта настолькі вялікае, што яшчэ не гатовыя гэта ўсвядоміць. Часта і мы, сустракаючы Бога ў нашым жыцці, адчуваем, што нашы словы мізэрныя і недастатковыя. Але маўчанне — гэта таксама час разважанняў, час, каб усвядоміць, што мы бачылі, што сустрэлі на сваім жыццём шляху, што гэта значыць для нашага жыцця.
Сённяшняе Евангелле нагадвае нам, што Езус — гэта Сын Божы, і Ён заўсёды з намі, нават калі мы гэтага не бачым. Яго слава і сапраўдная моц не заўсёды ўсведамляецца намі, але яна праяўляюцца ў моманты шчырай малітвы, у моманты сустрэчы з Яго словам.
Евангелле заклікае нас слухаць Езуса. «Яго слухайце» — гэта не проста заклік, але запрашэнне да супольнасці з Ім. Мы пакліканыя жыць у святле Яго вучэння, несці Яго святло іншым.
Таксама Евангелле нагадвае нам, што наш шлях веры — гэта шлях праз цемру да святла, праз крыж да славы. Мы не можам затрымлівацца на «гары» — мы павінны спускацца ўніз, у штодзённасць, каб сведчыць кожны дзень пра Хрыста і жыць Яго словам.
Няхай сённяшняе Евангелле натхняе нас шукаць сустрэчы з Богам у малітве, слухаць Ягонае слова і несці Ягонае святло ў наш свет. Няхай мы, як вучні, адчуем прысутнасць славы Хрыста ў нашым жыцці і няхай гэта слава напаўняе нас надзеяй і радасцю.
Разважанне падрыхтаваў кс. кан. д-р Сяргей Сурыновіч
