У той час:
Калі фарысеі пачулі, што Езус прымусіў замоўкнуць садукеяў, сабраліся разам. І адзін з іх, кніжнік, выпрабоўваючы Яго, спытаўся: Настаўнік, якая запаведзь найбольшая ў Законе?
Езус сказаў яму: Любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёй душой тваёй, і ўсім розумам тваім. Гэта найбольшая і першая запаведзь. Другая ж — падобная да яе: Любі бліжняга твайго, як самога сябе. На гэтых дзвюх запаведзях грунтуецца ўвесь Закон і Прарокі.
У сённяшнім Евангеллі кніжнік пытаецца ў Езуса пра найбольшую запаведзь у Законе. Езус адказвае: “любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёй душой тваёй, і ўсім розумам тваім”, але адразу ўдакладняе яе неад’емную частку, такім чынам яднаючы дзве асноўныя запаведзі, якія Бог даў свайму народу праз Майсея: “другая ж – падобная да яе: Любі бліжняга твайго, як самога сябе”.
Настаўнік у чарговы раз не паддаецца спробе кампраметаваць сябе і абмінае пастку кніжніка, які задаваў Яму пытанне з адзінай мэтай — “выпрабаваць Яго”. Адказ Езуса перашкаджае суразмоўцы ўцягнуць Яго ў палеміку вучоных мужоў аб іерархіі прадпісанняў, у той жа час Настаўнік вызначае дзве найважнейшыя асновы для вернікаў усіх часоў. Першая аснова — маральная і рэлігійная пастава верніка не ўпісваецца і не палягае выключна на бяздушным і бяздумным выкананні прадпісанняў, але будуецца выключна на любові. Другая ж аснова палягае на непадзельнай любові да Бога і бліжняга.
Езус падсумоўвае сваю навуку наступным сказам: “на гэтых дзвюх запаведзях грунтуецца ўвесь Закон і Прарокі”, з чаго ясна вынікае, што ўсе Божыя запаведзі павінны будавацца на любові да Бога і бліжняга, у той жа час усе запаведзі з’яўляюцца нічым іншым як выражэннем і праяўленнем любові.
Лакмусавай паперкай любові веруючага чалавека да Бога на шляху яго навяртання і імкнення да святасці заўсёды з’яўляецца любоў да бліжняга. Сённяшняе Евангелля і навука Хрыста дасканала нам пра гэта нагадваюць, як і пра любоў да нас Нябеснага Айца, што насычае нас надзеяй і не дазваляе нам паддацца спакусе роспачы і расчаравання. Праз любоў і ў любові да Бога і бліжняга натхняе нас рабіць кожны крок, кожны рух і кожны ўчынак свайго жыцця, заснаўваючыся на мудрасці Божага Слова і будучы перапоўненымі міласэрнай любові.
Разважанне падрыхтаваў кс. д-р Сяргей Сурыновіч
