Разважанне на чацвер, ІV тыдзень Вялікага посту

Евангелле Ян 5, 31–47

У той час:

Езус сказаў юдэям: Калі б Я сведчыў пра самога сябе, то сведчанне Маё не было б праўдзівае. Але ёсць іншы, хто сведчыць пра Мяне. І Я ведаю, што праўдзівае сведчанне, якім ён сведчыць пра Мяне.

Вы пасылалі да Яна, і ён засведчыў аб праўдзе. Я ж не ад чалавека прымаю сведчанне, але кажу гэта, каб вы былі збаўленыя. Ён быў светачам, які гарэў і свяціў, а вы хацелі нейкі час парадавацца пры святле ягоным.

Я ж маю сведчанне большае за Янава. Бо справы, якія Айцец даў Мне здзейсніць, тыя справы, якія раблю, сведчаць пра Мяне, што Айцец паслаў Мяне. І Айцец, які паслаў Мяне, сам засведчыў пра Мяне. Вы ніколі не чулі голасу Яго, і не бачылі аблічча Яго; і не маеце слова Яго, якое б жыло ў вас, бо не верыце ў таго, каго Ён паслаў.

Вы даследуеце Пісанне, бо думаеце, што ў ім вы маеце жыццё вечнае; а яны і ёсць тым, што сведчыць пра Мяне. Але вы не хочаце прыйсці да Мяне, каб мець жыццё.

Я не прымаю славы ад людзей, але ведаю, што вы не маеце ў сабе любові Божай. Я прыйшоў у імя Айца Майго, і вы не прымаеце Мяне. Калі б іншы прыйшоў ва ўласнае імя, вы прынялі б яго. Як вы можаце верыць, калі прымаеце славу адзін ад аднаго, а славы, якая паходзіць ад адзінага Бога, не шукаеце?

Не думайце, што Я буду абвінавачваць вас перад Айцом. Майсей — вось абвінаваўца ваш, на якога вы спадзеяцеся. Бо калі б вы верылі Майсею, паверылі б і Мне, бо ён пісаў пра Мяне. А калі не верыце пісанням ягоным, як паверыце Маім словам?

У сённяшнім Евангеллі Езус звяртаецца да габрэяў, раскрываючы ім глыбокія праўды пра сваю місію і дае сведчанне пра сябе. Гэты тэкст не толькі паказвае на Боскую прыроду Хрыста, але і заклікае нас да роздуму пра нашу ўласную веру. Езус пачынае з таго, што калі б Ён сведчыў пра самога сябе, то сведчанне Яго не было б праўдзівым (пар. Ян 5, 31). Гэта нагадвае нам, што праўда не грунтуецца на чалавечых меркаваннях, але на Божай мудрасці. Езус указвае на іншых сведкаў, якія пацвярджаюць Яго місію: Яна Хрысціцеля, і самога Айца (пар. Ян 5, 32–37).

Ян Хрысціцель быў «светачам, які гарэў і свяціў» (Ян 5, 35), і яго сведчанне пра Езуса было важным для многіх. Ён падрыхтаваў шлях для прыйсця Збаўцы, заклікаючы людзей да пакаяння і навяртання. Але Езус дэманструе, што Ён мае большае сведчанне, чым сведчанне Яна. Гэта сведчанне — Яго справы, якія Ён здзяйсняе па волі Айца (пар. Ян 5, 36). Гэтыя справы — не толькі пацвярджаюць Яго Боскае паходжанне, але і раскрываюць любоў Бога да чалавецтва. Кожны ўчынак Езуса — гэта не проста дэманстрацыя сілы, але знак, які ясна сведчыць пра надыход Божага Валадарства.

Аднак, нягледзячы на гэтыя знакі, габрэі не прымаюць Езуса. Ён заўважае, што яны, нягледзячы на іх веданне Пісання, не маюць у сабе Божай любові (пар. Ян 5, 42). Гэта нагадвае нам, што веданне Бібліі без жывой веры і любові да Бога застаецца толькі і выключна тэарэтычнай інфармацыяй без магчымасці яе прымянення ні ў асабістым жыцці, не дзеля дабра бліжніх. Яны даследуюць Пісанне, бо думаюць, што ў ім знаходзяць вечнае жыццё, але самі адхіляюць таго, аб кім гэтыя словы сведчаць (пар. Ян 5, 39–40). Яны ведаюць літары закону, але не бачаць Духа, які паміж гэтых літар скаваны фармалізмам, рытуаламі і традыцыяй нібы ў клетку. Яны шукаюць вечнага жыцця ў тэкстах, але не прызнаюць жывога Слова, якое ўцелавілася, якое перад імі.

Гэта падобна да таго, як калі б хтосьці меў карту скарбаў, але адмовіўся б пайсці па іх, бо не верыць у іх рэальную прысутнасць. Юдэі мелі ўсё, што ім было трэба, каб пазнаць Хрыста: прароцтвы, знакі, сведчанні. Але іх сэрцы былі закрытыя, бо яны шукалі не Бога і Яго хвалы, але ўласнага ўзвышэння і шанавання. Жывое Слова яны ператварылі ў мёртвы камень, як падстаўку для іх ног, каб на яго стаць і быць вышэй за іншых. Езус нагадвае нам, што вера — гэта не толькі інтэлектуальнае прызнанне праўды, не толькі закон дзеля закону, але і адкрыццё сэрца на Божую любоў, на Яго адвечнае Слова.

Езус таксама звяртае ўвагу на тое, што юдэі шукаюць магчымасці выхваляння адзін перад другім, а не славы, якая паходзіць ад Бога (пар. Ян 5, 44). Гэта папярэджанне актуальнае і для нас сёння. Часта мы шукаем прызнання і адабрэння ад людзей, а не Божага благаслаўлення. Езус нагадвае, што Майсей, на якога яны маюць спадзяванне, быў бы іх абвінаваўцам (пар. Ян 5, 45–46). Калі б яны сапраўды верылі Майсею, то прынялі б і Езуса, бо Ён — выкананне ўсіх прароцтваў і абяцанняў.

Існуе толькі адзін правільны спосаб чытання Бібліі: чытаючы Біблію, трэба бачыць, што яна ўся паказвае на Езуса Хрыста, і тады многае, што бянтэжыць, ці нават непакоіць нас, цалкам выразна паўстане перад намі, як этапы на шляху, які вядзе наперад, да Месіі, які і ёсць найвышэйшае адкрыццё. Габрэі пакланяліся хутчэй Богу, які напісаў, чым Богу, які чыніў і дзейнічаў, і таму, калі Хрыстус прыйшоў да іх, яны Яго не пазналі. Пісанне не можа даць жыццё вечнае, яно толькі ўказвае на таго, хто гэтым жыццём ёсць.

Вера — гэта не проста веданне фактаў або тэкстаў Пісання. Яна патрабуе ад нас даверу, адкрытага сэрца і гатоўнасці прыняць праўду, нават калі яна выклікае ў нас нязручнасці або патрабуе кардынальных змен. Юдэі, якія звяртаюцца да Езуса, ведалі Пісанне на памяць, яны вывучалі яго і нават чакалі прыходу Месіі. Але іх сэрцы былі закрытыя на праўду, бо яны шукалі не Бога, а праследавалі свае ўласныя мэты дзеля самаўзвышэння і ўласнай карысці. Яны не здолелі прызнаць, што Езус — гэта той, пра каго пісалі прарокі. Адно зразумела — яны чыталі Пісанне няправільна. Яны чыталі Пісанне прадузята. Яны шукалі ў ім не Бога, але довадаў на карысць сваёй пазіцыі; яны любілі не Бога, а свае ўяўленні пра Яго. Чакаць, што слова Божае дойдзе да іх розуму, можна было з такім жа поспехам, як чакаць, што вада пракрадзецца праз бетон. Яны не вывучалі тэалогію паводле Пісання, а выкарыстоўвалі Пісанне для абгрунтавання сваёй тэалогіі. І сёння яшчэ існуе небяспека, што мы выкарыстоўваем Біблію для абгрунтавання нашай веры, а не для выпрабавання яе. Гэта нагадвае нам, што вера без любові і пакоры застаецца скамянелай.

Езус таксама нагадвае нам, што сапраўдная слава і шчасце знаходзяцца не ў чалавечым прызнанні, але ў Божай любові. Часта мы шукаем пацвярджэння нашай вартасці ў іншых людзей, у іх водгуках або пахвале. Але Езус кажа, што гэта марна. Сапраўдная слава — гэта тая, якая паходзіць ад Бога. Яна не залежыць ад таго, што думаюць людзі, але грунтуецца на тым, хто мы ёсць перад Богам. Гэта выклік для кожнага з нас: жыць не дзеля чалавечай славы, а дзеля таго, каб адлюстроўваць Божую любоў і міласэрнасць у нашым жыцці.

Акрамя таго, Езус нагадвае нам, што праўду трэба шукаць не толькі ў кнігах і тэкстах, але ў жывым Слове, якое ёсць Ён сам. Ён — дарога, праўда і жыццё (пар. Ян 14, 6). Кнігі і вучэнні важныя, але яны павінны весці нас да сустрэчы з Хрыстом. Толькі праз Яго і ў Ім мы можам знайсці сапраўднае збаўленне і вечнае жыццё. Мы павінны вучыцца адрозніваць праўду ад ілжы і заўсёды звяртацца да Хрыста як да крыніцы жыцця.

Разважанне падрыхтаваў кс. кан. д–р Сяргей Сурыновіч

для друку для друку