Разважанне на 22 звычайную нядзелю. Год В. 29 жніўня

ЕВАНГЕЛЛЕ Мк 7, 1–8. 14–15. 21–23

У той час:

Сышліся разам да Езуса фарысеі і некаторыя з кніжнікаў, якія прыйшлі з Ерузалема. І ўбачылі, што некаторыя вучні Ягоныя елі хлеб нячыстымі, гэта значыць, неабмытымі рукамі. Фарысеі ж і ўсе юдэі, трымаючыся традыцыі старэйшых, не ядуць, пакуль старанна не памыюць рук. І вярнуўшыся з рынку, не ядуць, пакуль не абмыюцца. Ёсць і яшчэ шмат таго, чаго прынята трымацца: абмыцця кубкаў, і збаноў, і місаў, і лавак.

Тады пытаюцца ў Яго фарысеі і кніжнікі: Чаму вучні Твае не трымаюцца традыцыі старэйшых, але ядуць хлеб нячыстымі рукамі?

Ён адказаў ім: Добра прарочыў Ісая наконт вас, крывадушных, як напісана: Народ гэты шануе Мяне вуснамі, а сэрцы іх далёка ад Мяне. Але марна пакланяюцца Мне, навучаючы вучэнню чалавечых запаведзяў. Бо вы пакінулі запаведзь Божую, а трымаецеся чалавечай традыцыі.

Потым зноў паклікаў народ і сказаў яму: Слухайце Мяне ўсе і разумейце. Няма нічога, што магло б, уваходзячы звонку ў чалавека, зрабіць яго нячыстым, але тое робіць чалавека нячыстым, што выходзіць з яго.

Бо знутры, з чалавечага сэрца, выходзяць благія думкі, распуста, крадзеж, забойствы, зайздрасць, чужалоства, сквапнасць, зласлівасць, падступнасць, бессаромнасць, блюзнерства, пыха, глупства. Усё гэтае зло знутры выходзіць і робіць чалавека нячыстым.

Падчас духоўных размоў даволі часта даводзіцца чуць меркаванне чалавека пра сваю бязгрэшнасць: Ойча, я не маю грахоў, я нікога не забіў, нічога ні ў кога не ўкраў. У сённяшнім Евангеллі Езус прапануе нам зрабіць шчыры рахунак сумлення. Памятаем, што гэта такое. Рахунак сумлення – гэта справаздача перад Богам і самім сабой пра свой духоўны стан. Езус падкрэслівае, што важнымі для чалавека з’яўляюцца рэчы, якія знаходзяцца ўнутры яго самога. Таму рытуальныя ачышчэнні маюць толькі ускосны сэнс. Яны з’яўляюцца ўсяго толькі знакамі, што прыпамінаюць пра сапраўдную чысціню сэрца. Столькі шмат людзей любіць браць у касцёле святую ваду. Вернікі п’юць яе, акрапляюць ёй рэчы, дамы, саміх сябе. Гэтая практыка вельмі добрая і аб’ектыўна патрэбная для духоўнага жыцця чалавека. Але нельга забывацца, што вада, нават асвечаная, сама па сабе не павінна быць цэнтрам увагі нашага рэлігійнага жыцця. Цэнтрам пільнай увагі павінна быць нашае сэрца і тыя працэсы, якія там адбываюцца. Бо можна акрапіць літрамі вады сваё памяшканне, але гэта ніяк не дапаможа мне быць святым, калі ў сэрцы поўны бардак. Звернем увагу на словы Езуса з Евангелля: знутры, з чалавечага сэрца, выходзяць благія думкі, распуста, крадзеж, забойствы, зайздрасць, чужалоства, сквапнасць, зласлівасць, падступнасць, бессаромнасць, блюзнерства, пыха, глупства. Усё гэтае зло знутры выходзіць і робіць чалавека нячыстым.

Пане, памажы нам з увагай слухаць Твае словы і жыць паводле іх.

Разважанне падрыхтаваў кс. канонік Віктар Місевіч

для друку для друку