Разважанне на 18 звычайную нядзелю. Год В. 1 жніўня

ЕВАНГЕЛЛЕ Ян 6, 24–35

У той час:

Калі людзі ўбачылі, што тут няма ні Езуса, ні Ягоных вучняў, селі ў чаўны і прыплылі ў Кафарнаум, шукаючы Езуса. Калі ж знайшлі Яго на другім беразе мора, сказалі Яму: Раббі, калі Ты прыбыў сюды?

Езус адказаў ім: Сапраўды, сапраўды кажу вам: шукаеце Мяне не таму, што бачылі цуды, а таму, што з’елі хлеб і насыціліся. Клапаціцеся не пра ежу, якая гіне, але пра ежу, што застаецца на жыццё вечнае, якую дасць вам Сын Чалавечы, бо Яго пазначыў Бог Айцец.

А яны сказалі Яму: Што нам рабіць, каб выконваць справы Божыя?

Езус адказаў ім: У тым справа Божая, каб вы верылі ў таго, каго Ён паслаў.

Народ сказаў Езусу: Які ж Ты зробіш цуд, каб мы ўбачылі і паверылі Табе? Што ўчыніш? Айцы нашыя елі манну ў пустыні, як напісана: Хлеб з неба даў ім есці.

Езус адказаў ім: Сапраўды, сапраўды кажу вам: не Майсей даў вам хлеб з неба, але Айцец Мой дае вам сапраўдны хлеб з неба. Бо хлеб Божы ёсць той, які сыходзіць з неба і дае жыццё свету.

Тады сказалі Яму: Пане, давай нам заўсёды такі хлеб.

Езус адказаў ім: Я ёсць хлеб жыцця; хто да Мяне прыходзіць, не будзе галодны, і хто верыць у Мяне, ніколі не будзе прагнуць.

У Евангеллі мы чытаем, як людзі шукаюць Езуса. Яна нават на чаўнах пераплываюць ну другі бераг мора. Але што сапраўды іх найбольш цікавіць? На жаль, зямны хлеб. Яны шукаюць Езуса, прыкладаюць такія вялікія намаганні, каб атрымаць ад Яго бясплатны хлеб. Але Езус не для гэтага прыйшоў у свет, каб наталіць наш часовы голад. Ён ёсць наш Збавіцель і прыйшоў у гэты свет, каб даць нам магчымасць жыць вечна. У сваіх людскіх просьбах мы так часта просім Бога аб зямных рэчах: каб мець добрую працу, каб мець добрае здароўе, каб адышлі ўсе клопаты і праблемы. Гэта добра, што мы маем такі блізкі кантакт з нашым Богам. Вельмі добра, калі мы ў хвіліны выпрабаванняў да Яго звяртаемся з просьбай аб дапамозе. Аднак, як веруючым людзям нам нельга забывацца пра самую галоўную нашу мэту: сустрэчу з Богам у Нябесным Валадарстве. Не існуе ніякай іншай крыніцы ў свеце, ніякай іншай моцы, акрамя Езуса, якая можа нас зрабіць шчаслівымі вечна.

Сённяшняе Евангелле падкрэслівае вялікае значэнне сакраманту Эўхарыстыі ў духоўным жыцці верніка. Варта сабе задаць пытанне, як выглядае мой удзел у св. Імшы ў нядзелю. Ці прагну я сустрэчы з Тым, хто з’яўляецца Хлебам жыцця? Ці належным чынам рыхтуюся да св. Імшы? Ці перадаю веру ў Хрыста Эўхарыстычнага сваім дзецям і ўнукам?

Пане, узмацні нашую веру ў Тваю прысутнасць сярод нас у сакраманце Эўхарыстыі. Будзь нашай сілай, нашым жыццём і нашым збаўленнем!

Разважанне падрыхтаваў кс. канонік Віктар Місевіч

для друку для друку